Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

У той час як у Рэчы Паспалітай езуіты ў цэлым паспяхова спраўляліся з выклікамі часу – заўжды знаходзілі паразуменне з уладамі і вытрымлівалі канкурэнцыю на ніве адукацыі – у Заходняй Еўропе іх пазіцыі з канца 50-х гг. XVIII ст. моцна пахіснуліся. Поспехі ў справе распаўсюджвання новай навуковай карціны свету, заснаванай на адкрыццях М. Каперніка, Г. Галілея, І. Н’ютана і інш., рост уплыву асветніцкай ідэалогіі, а таксама неабходнасць мадэрнізацыі дзяржавы і грамадства рабілі Таварыства Ісуса не проста састарэлым, а таму непатрэбным, але й непрыхавана варожым абнаўленню інстытутам. Акрамя таго, паўсюль у Еўропе зайздрасць выклікалі і казачныя багацці Ордэна. Нават рымскія папы не жадалі больш мірыцца з наравістасцю і празмерным уплывам свайго тварэння.

Пасля выгнання з важнейшых каталіцкіх дзяржаў (Партугалія, Іспанія, Францыя) скасаванне Ордэна было толькі справай часу. 21 ліпеня 1773 г. з апублікаваннем папам Кліментам XIV брэве Dominus ac redemptor noster («Госпад і збаўца наш») Езуіцкі ордэн мусіў спыніць сваё існаванне. Езуітам прадпісвалася перайсці ў іншыя ордэны альбо падпарадкавацца мясцовым каталіцкім уладам і па загаду біскупа накіравацца для выканання пастарскіх абавязкаў у любое вызначанае ім месца.

Папа рымскі Клімент XIV

Папа рымскі Клімент XIV (невядомы аўтар, 1773 г.)

Падзея была настолькі нечаканай і незвычайнай, што многія не верылі ў скасаванне Ордэна нават тады, калі на ўласныя вочы бачылі папскае брэве, лічачы, што дакумент застанецца мёртвай літарай. На наступны дзень пасля абнародавання Dominus ac redemptor noster іспанскі пасланнік з’явіўся да Клімента XIV і звярнуўся з просьбай: «Ваша Свяцейшаства, Вы абнародавалі гэтае брэве, як папа, але дайце мне Вашае высакароднае слова, што Вы выканаеце яго як сумленны чалавек».

Старонка з друкаваным тэкстам папскага брэве Dominus ac Redemptor Noster

Старонка з друкаваным тэкстам папскага брэве Dominus ac Redemptor Noster

Лёс езуітаў Беларусі і Літвы, тым не менш, вызначылі зусім іншыя падзеі. 5 жніўня 1772 г. Аўстрыя, Прусія і Расія падпісалі ў Пецярбургу трохбаковае пагадненне аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Пад уладу расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ адыходзіла паўночна-ўсходняя частка сённяшней Беларусі і шэраг прылеглых тэрыторый. У выніку пад юрысдыкцыю Расіі патрапілі чатыры езуіцкія калегіумы – у Полацку, Дынабургу (зараз - Даўгаўпілс), Оршы і Віцебску, дзве езуіцкія рэзідэнцыі – Магілеўская і Мсціслаўская, нямала місіяў, а ў іх 201 езуіт.

Першапачаткова Кацярына ІІ з вялікай насцярожанасцю паставілася да сваіх новых падданых. Губернатарам новадалучаных правінцый загадвалася: «Иезуитским монастырям, школам и училищам сделайте особую перепись. Вы за сими наипаче смотреть имеете, яко за коварнейшими из всех прочих латинских орденов…» Аднак падкрэслена вернападданіцкая пазіцыя кіраўніцтва Таварыства Ісуса, якое не абмінала магчымасці выказаць рэспект новым уладам, вырашыла справу на карысць езуітаў.

Так, у кастрычніку 1772 г. у полацкім касцёле Св. Стэфана прачыталі «Казанне на гадавіну шчаслівай каранацыі святлейшай Кацярыны ІІ – манархіні ўсёй Расіі». У ім гучаў заклік да ўсіх членаў Таварыства Ісуса і палачан безумоўна падпарадкоўвацца расійскай адміністрацыі. Тым самым езуіты першымі з усіх каталіцкіх ордэнаў прызналі новую ўладу. У лістападзе 1772 г. па загаду рэктара Полацкага калегіума Станіслава Чарневіча ўсе езуіты, што апынуліся ў Расійскай імперыі, сабраліся ў Полацку на ўрачыстасці з нагоды дня анёла імператрыцы. Кацярыне ІІ была прынесена прысяга на вернасць.

Большага ад адной з самых багатых і ўплывовых арганізацый на новадалучаных тэрыторыях расійскія ўлады чакаць і не маглі. Таму калі пабачыла свет папскае брэве, Кацярына ІІ проста праігнаравала яго. Без выканання гэтай фармальнасці беларускія езуіты захоўвалі магчымасць працягнуць сваю дзейнасць. Пасля афіцыйнага роспуску Таварыства Ісуса правінцыял літоўска-беларускіх езуітаў Казімір Сабольскі, як падданы Польшчы, дзе папскае брэве было агучана, склаў з сябе ўсе паўнамоцтвы. У выніку віцэ-правінцыял і адначасова рэктар Полацкага езуіцкага калегіума С. Чарневіч не паслухаўся папу і ўзначаліў езуітаў. Несумненны цэнтр расійскіх езуітаў – Полацк – фактычна пераўтвараўся ў сусветную езуіцкую сталіцу. У лістападзе 1773 г. дэлегацыя Ордэна (С. Чарневіч, Г. Лянкевіч, Ю. Катэнбрынг) наведала Санкт-Пецярбург. Праз некалькі месяцаў імператрыца вызваліла езуітаў ад усіх падаткаў, а вось папскае брэве было сурова забаронена не толькі агалошваць, але нават увозіць яго ў межы імперыі. Таварыства Ісуса заставалася ў Расіі!

Станіслаў Чарневіч

Станіслаў Чарневіч (гравюра пачатку ХІХ ст.)

Важнай падзеяй для замацавання гэтага высокага статусу стала выданне ў чэрвені 1775 г. кіраўніком каталіцкай епархіі і галавой усіх каталікоў Расійскай імперыі біскупам Станіславам Богушам-Сестранцэвічам прывілея ордэну езуітаў на стварэнне навіцыята – спецыяльнага інстытута для папярэдняй падрыхтоўкі членаў Ордэна, г.зн. сродку пашырэння яго колькаснага складу.

Гэты дазвол быў дадзены ў парушэнне кананічнага права і, галоўнае, не мог быць у поўнай меры рэалізаваны без згоды царскага ўраду. Таму ў 1776 г. полацкія езуіты на чале з С. Чарневічам пачалі перамовы з расійскімі ўладамі адносна стварэння навіцыяту. Зварот да ўраду ў чарговы раз павінны быў засведчыць паслухмянасць езуітаў і, магчыма, змяшчала намёк на іх зацікаўленасць а атрыманні матэрыяльнай падтрымкі зверху. У 1777 г. просьба была задаволена. Прычым апякунства над установай бралі на сябе буйныя дзяржаўныя саноўнікі – граф З. Чарнышоў і князь Р. Пацёмкін. Урачыстае адкрыццё навіцыяту адбылося 2 лютага 1780 г. па заканчэнні будаўніцтва прызначаных для яго вучэбных памяшканняў.

У траўні таго ж года, пад час трохдзённага візіту ў Полацк, езуітаў наведала сама Кацярына ІІ. У гонар імператрыцы ў горадзе ладзіліся шматлікія прывітальныя мерапрыемствы, і езуіты ўмела скарысталіся магчымасцю праявіць лаяльнасць новай уладзе. Святочная ілюмінацыя, падрыхтаваная імі, вылучалася сваімі грандыёзнымі маштабамі. Прыём уладарыні Расііўражваў бурным выказваннем вернападданіцкіх пачуццяў. У касцёле Св. Стэфана для Кацярыны ІІ быў усталяваны спецыяьны трон, а правінцыял Ордэна С. Чарневіч выступіў у яе гонар з урачыстай прамовай. Затым імператрыцы былі прадстаўленыя паслушнікі нядаўна адкрытага з яе згоды навіцыяту і работы навучэнцаў калегіума. Кацярына ІІ звярнула ўвагу на малюнкі па царкоўнай, грамадзянскай і ваеннай архітэктуры і нават распарадзілася забраць некалькі з іх з сабой. Асаблівай пахвалы заслужыла сталовая калегіума. «Сомневаюсь, что обеды моих отцов были так же великолепны, как их столовая», прызналася Кацярына ІІ. У ходзе прыёмаў і іншых урачыстасцяў імператрыца яшчэ раз прадэманстравала зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Ордэнам. У чарговы раз увага да езуітаў на вышэйшым узроўні была прадэманстравана пад час візіту ў Полацк сына імператрыцы і спадкаемца прастола, будучага расійскага ўладара Паўла Пятровіча с жонкай Марыяй Фёдараўнай.

Пячатка генерала Таварыства Ісуса

Пячатка генерала Таварыства Ісуса полацкага перыяду (апошняя чвэрць ХVIII – пачатак ХІХ ст.)

Такія праявы поўнага паразумення з уладамі паслужылі сігналам для пачатку масавага пераезду еўрапейскіх езуітаў у Полацк. Як пісалі С. Чарневічу з Рыма: «… тут шмат ёсць нашых маладых іспанцаў і старанных езуітаў, якія моляць адпусціць іх да Вас, у Беларусь». У Полацк з’язджаюцца былыя езуіты з Германіі, Швейцарыі, Іспаніі, Італіі, Польшчы і некаторых іншых краін. Выхаванец Полацкага калегіума і сучаснік падзей Станіслаў Шантыр узгадваў, што многім з іх, нават выключным спецыялістам у нейкай галіне, адмаўлялі ў прыёме, паколькі для жадаючых прыехаць папросту не хапала месца.

Здабыццё Полацкам такога значнага інтэлектуальнага патэнцыялу не магло не адбіцца на якасці езуіцкай адукацыі. У прыватнасці былі замацаваныя многія навацыі папярэдніх дзесяцігоддзяў. У 1783 г. у калегіуме ўжо вывучалі французскую і нямецкую мовы. Было працягнута выкладанне архітэктуры: Полацк заставаўся адзіным месцам на Беларусі, дзе вялася падрыхтоўка будучых дойлідаў.

Перспектывам развіцця езуіцкай адукацыі ў Полацку спрыяла і далейшае інстытуцыйнае ўмацаванне Таварыства Ісуса ў Расіі. 17 кастрычніка 1782 г. першая Полацкая Генеральная кангрэгацыя ў складзе 30 высокапастаўленых езуітаў абрала сваім кіраўніком – віцэ-генералам – С. Чарневіча. 12 сакавіка 1783 г. папа Пій VI даў сваю вусную згоду на існаванне Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі.

Напрыканцы XVIII ст. адной з найбольш яскравых постацяў Полацкага езуіцкага калегіума быў ураджэнец Вены Габрыэль Грубер (1740-1805). Чалавек з сапраўды энцыклапедычнымі ведамі, Г Грубер атрымаў адукацыю ў калегіуме Граца і Венскім універсітэце, потым выкладаў у Люблянскім калегіуме. Пасля расфарміравання Таварыства Ісуса ён быў запрошаны на пасаду прыдворнага фізіка аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ Габсбурга, выконваў функцыі інжынера на суднаверфах Трыеста, праектаваў грамадзянскія будынкі (у адным з іх сёння знаходзіцца Нацыянальны архіў Славеніі ў Любляне), кіраваў асушэннем балот і г.д. З пераездам у Полацк у 1784 г. Г. Грубер распрацаваў праект спецыяльнага музейнага будынка і актыўна ўключыўся ў стварэнне музею. Яго адкрыццё адбылося ў 1788 г., калі быў дабудаваны новы трохпавярховы корпус калегіума.

Габрыэль Грубер

Габрыэль Грубер (гравюра пачатку ХІХ ст.)

На першым паверсе музейнага корпуса размяшчаліся лабараторыі з дапаможнымі памяшканнямі і кабінет натуральнай гісторыі, а ўвесь другі паверх займаў фізічны (фізіка-механічны) кабінет. У кабінеце натуральнай гісторыі (прыродазнаўства) у слоіках са спіртам былі прадстаўлены цялесныя анамаліі людзей і звяроў, выстаўляліся чучалы жывёл і птушак. З часам езуіты правялі ў ваколіцах Полацку даследаванні глеб, распрацавалі іх класіфікацыю і прадставілі ў музеі адпаведныя акварэльныя выявы. У кабінеце былі выстаўлены «разнастайныя зямельныя металы», рэдкія і каштоўныя камяні і скамянеласці, знойдзеныя недалёка ад горада. Ужо ў 1835 г. выкладчык Полацкага кадэцкага корпуса А. Марэль адзначаў, што ў гэтым кабінеце знаходзіліся 2 алмазы, 6 рубінаў, 20 смарагдаў, 5 сапфіраў, больш за 100 штук цыркона, 40 кавалкаў граната, 24 тапазы і 20 аметыстаў! Меліся і розныя пароды дрэва (387 дошачак-узораў), гербарый (518 раслін) і выкапнёвыя алеі (57 слоікаў). У фізічнай частцы музею размяшчаліся электрычныя машыны і іншыя фізічныя апараты, механічныя, аптычныя і астранамічныя прыборы і абсталяванне. Акрамя таго, былі прадстаўлены разнастайныя дзеючыя мадэлі. Так, пад час вывучэння механікі вучні атрымлівалі магчымасць пазнаёміцца з прыстасаваннем і работай машыны для забівання сваяў. Наведвальнікаў і гасцей музею асабліва ўражвала тое, што большасць механізмаў была зроблена ў Полацку, прычым нямала з іх – уласнаручна Г. Груберам ці пад яго непасрэдным кіраўніцтвам.

Сярод тварэнняў таленавітага інжынера і вучонага вылучалася «Механічная галава». Яна ўяўляла сабой галаву старога з рухомымі вачыма і доўгімі сівымі валасамі. Езуіт, які суправаджаў наведвальніка музею, запрашаў іх задаваць любыя пытанні на любой мове. «Механічная галава» адказвала выразна, гучна і лагічна, з поўным веданнем абставін і абстаноўкі таго, аб чым яе запыталі. Дзівосны механізм не валодаў звышнатуральнымі ўласцівасцямі, але нязменна прыводзіў наведвальнікаў у жах, захапленне і трапяткую цікаўнасць, чым і дасягаўся патрэбны езуітам эфект. (У 2015 г. з нагоды святкавання Дня ўніверсітэта адбылося адкрыццё рэканструкцыі «Механічнай галавы» – дакладнай копіі тварэння Г. Грубера з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і матэрыялаў.)

Праект комплексу Полацкага езуіцкага калегіума Г. Грубера

Праект архітэктурнага рашэння комплексу Полацкага езуіцкага калегіума Г. Грубера (канец XVIII ст.)

Грубер таксама прыклаў сваю руку да мастацкага афармлення інтэр’ераў музейнага корпуса калегіума. Сцены ў будынку былі распісаны яго фрэскамі. Акрамя таго, быў абсталяваны зал для заняткаў маляваннем, жывапісам і архітэктурай. У ім знаходзілася вялікая колькасць кніг, малюнкаў і гравюр, былі прадстаўлены мадэлі ўсіх архітэктурных стыляў з узорамі кладкі і дахаў, мадэлі мастоў і мадэль карабля. Галерэя музея змяшчала цудоўныя жывапісныя работы, якія, па словах сучаснікаў, маглі бы стаць упрыгожаннем любога еўрапейскага музею, чатыры мазаічныя работы, разнастайныя прадметы з бурштыну і многія іншыя мастацкія каштоўнасці.

Сярод выстаўленых работ асаблівымі мастацкімі якасцямі вызначаліся творы італьянскага жывапісца Сальваторэ Розы (1615-1673). Карціны гэтага годнага вучня знакамітага іспанца Хасэ дэ Рыберы і сёння ўпрыгожваюць лепшыя музеі свету – парыжскі Луўр, галерэю палаца Піццы ў Фларэнцыі, Імператарскі Эрмітаж у Санкт-Пецярбургу і інш. Багатай была і калекцыя копій твораў вялікіх мастакоў – Рафаэля, Тыцыяна, Рубенса.

Дзейнасць Г. Грубера атрымала ўхваленне імператрыцы Кацярыны ІІ і яе пераемніка Паўла І, з якім вучоны-езуіт пазнаёміўся ў 1797 г. пад час наведвання імператарам Полацку. У 1799 г. Грубер пераехаў у Санкт-Пецярбург і набыў моцны ўплыў на Паўла І. Ён заснаваў калегіум для дзяцей сталічнай знаці і стаў яго першым рэктарам. Спасылаючыся на неабходнасць барацьбы з духам французскай рэвалюцыі, Габрыэль Грубер разам з генералам Таварыства Ісуса Францыскам Карэ пераканаў імператара накіраваць Папе ліст с просьбай афіцыйна прызнаць Езуіцкі ордэн у Расійскай імперыі. У адказ на гэтую просьбу папа Пій VII выдаў у сакавіку 1801 г. брэве Catholicaefidei («Каталіцкая вера»), у якім Свяцейшы Прастол прызнаваў кананічнасць езуіцкіх структур у Расіі і даваў сваю згоду на тое, каб генеральны вікарый Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі і яго пераемнікі насілі тытул «генерала Ордэна ў Расіі». Нядзіўна, што пасля смерці Ф. Карэ ў кастрычніку 1802 г. генералам Ордэна быў абраны менавіта Г. Грубер.

Францыск Карэ

Францыск Карэ (гравюра пачатку ХІХ ст.)

Сацыяльна-эканамiчнае i палiтычнае становiшча Расiйскай імперыі напачатку ХІХ ст. ставiла ўрад перад неабходнасцю правядзення рэформаў. Ускладненне дзяржаўнага кіравання, рост гандлю i прамысловасцi патрабавалi ад яго падбору адукаваных людзей. Паляпшэнне ўсёй сiстэмы адукацыi становiцца аб’ектыўнай патрэбай – без гэтага немагчыма далейшае развiццё краiны.

У сувязі з гэтым новы расійскі імператар Аляксандр I выдаўу 1803 г. загадабпачаткушкольнай рэформы. Усякраіна падзялялася на вучэбныяакругі. Уадпаведнасці з документам беларуска-літоўскіягуберні – Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўскаяі Мінская – увайшліў склад Віленскайвучэбнайакругі. Кіраванне ім даручаласяімператарскаму Віленскаму ўніверсітэту (заснаваны ў 1803 г.), падпарадкаванаму, у сваю чаргу, Міністэрству народнай асветы. Непасрэдны нагляд за вучэбнай акругай здзяйсняў папячыцель (куратар), які прызначаўся царом.

У 1804 г. выйшаў Універсітэцкі статут, які даваў універсітэтам значную аўтаномію: выбарнасць рэктара і прафесуры, уласны суд, неўмяшанне вышэйшай адміністрацыі ў справы ўніверсітэтаў, права ўніверсітэтаў прызначаць настаўнікаў у гімназіі і вучылішча сваёй акругі. Калі ўсе свецкія школы ахвотна падпарадкоўваліся новаму кіруючаму органу, то царкоўныя паставіліся да свайго новага патрона неадназначна. У той час як большасць школ манаскіх ордэнаў заявілі аб сваёй лаяльнасці Віленскаму ўніверсітэту, Таварыства Ісуса, якое працягвала марыць пра дамінаванне ў адукацыйнай сферы, з трывогай сустрэла вестку аб перадачы татальнага кантролю за асветай свецкаму і, на думку езуітаў, вальнадумнаму Віленскаму ўніверсітэту. Езуіцкі ордэн катэгарычна адмовіўся ад прапановы Віленскай вучэбнай акругі падпарадкаваць усе духоўныя навучальныя ўстановы адзіным праграмам і правілам адукацыі, а таксама рэфармаваць іх у адпаведнасці с яго статутам.

Калі ў 1807 г. па даручэнні міністра народнай асветы граф Л. Плятар з рэвізіяй наведаў езуіцкія навучальныя ўстановы, у сваёй справаздачы ён адзначыў, што ў езуіцкіх вучылішчах «усё ідзе па-ранейшаму», што «аб правядзенні распараджэнняў універсітэта яны зусім не думаюць». Езуіты на самой справе выконвалі толькі асобныя патрабаванні ўніверсітэта, калі яны не надта супярэчылі Статуту Таварыства Ісуса.

Вельмі энергічна за падпарадкаванне навучальных устаноў Таварыства Ісуса Віленскаму ўніверсітэту выступіў выдатны вучоны і педагог Ян Снядэцкі, абраны ў 1807 г. яго рэктарам. У пачатку 1808 г. ён накіроўвае генералу Езуіцкага ордэна Тадэвушу Бжазоўскаму (яго папярэднік – Г. Грубер – загінуў пад час пажару ў сваёй рэзідэнцыі ў 1805 г.) ліст з патрабаваннем «аднастайнасці навук і спосабаў навучання, выкарыстання адных і тых жа падручнікаў», створаных прафесарамі ўніверсітэта, а таксама поўнага падпарадкавання яго ўладзе.

Тадэвуш Бжазоўскі

Тадэвуш Бжазоўскі (гравюра пачатку ХІХ ст.)

Канфрантацыя з кіраўніцтвам Віленскай вучэбнай акругі і Віленскім універсітэтам мала ўплывала на дзейнасць Полацкага езуіцкага калегіума. Усе спробы пераканаць генерала Ордэна ў неабходнасці падпарадкавання не мелі плёну. Было відавочна, што за Ордэнам стаялі магутныя сталічныя апекуны. Граф А.К. Разумоўскі, які ў 1810 г. змяніў ліберала П.В. Завадоўскага на пасадзе міістра народнай асветы, адкрыта прапанаваў Віленскаму ўніверсітэту не ўмешвацца ў справы езуіцкіх вучылішчаў.

Такая пазіцыя расійскіх дзяржаўных саноўнікаў была не выпадковай. Генерал Таварыства Ісуса Т. Бжазоўскі падтрымліваў актыўную перапіску з самымі ўплывовымі палітыкамі Расіі і здолеў стварыць езуітам імідж нязломных барацьбітоў з вальнадумствам і рэвалюцыйнай крамолай. У сваёй дзейнасці на карысць Езуіцкага ордэна Т. Бжазоўскі знайшоў гарачага прыхільніка ў асобе пасланніка Сардынскага каралеўства пры імператарскім двары Жазэфа дэ Местра (1753–1821). Вядомейшы еўрапейскі мысліцель сваёй эпохі, адзін з бацькоў заснавальнікаў ідэалогіі кансерватызму, літаратурны талент і «душа» любой свецкай кампаніі. Жазэф дэ Местр карыстаўся вельмі моцным уплывам на сталічную грамадскую думку. Адзін з сучаснікаў тых падзей пісаў, што «месье дэ Местр быў самым выбітным персанажам Пецярбургу часоў Аляксандра I». Давер цара да сардынца заходзіў вельмі далёка. Аднойчы Местр атрымаў ад Аляксандра не зусім звычайную прапанову: абраць варыянт помніка Мініну і Пажарскаму ў Маскве. Менавіта яго выбар і атрымаў ухваленне імператара.

Жазэф дэ Местр

Жазэф дэ Местр (Крысціян фон Фогельштэйн, 1810)

Адчуваючы моц свайго ўздзеяння на тую частку сталічнай эліты, якая ўсё больш і больш настройвалася на кансерватыўны лад, Т. Бжазоўскі і Ж. дэ Местр не проста імкнуліся пераканаць улады ў добрых намерах Таварыства Ісуса і яго карысці для Расіі, а пачалі барацьбу за адкрыццё вышэйшай езуіцкай навучальнай установы.