Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

З сярэдзіны XVII ст. унутры- і знешнапалітычныя ўмовы развіцця Рэчы Паспалітай і, у прыватнасці, Вялікага княства Літоўскага рэзка пагоршыліся. Крывавыя ўзброеныя канфлікты – Казацка-сялянская вайна 1648 – 1651 гг. (антыўрадавыя сілы, між іншым, узначальваў выхаванец Львоўскага езуіцкага калегіума Багдан Хмяльніцкі) і вайна Рэчы Паспалітай з Расійскай дзяржавай 1654 – 1667 гг. – прынеслі беларуска-літоўскім землям незлічоныя чалавечыя і матэрыяльныя страты. Асабліва пацярпелі Полацк і Полацкі павет, якія страцілі адпаведна 93,2 і 74,8 % дымоў (дым – гаспадарчы комплекс, які належаў сям’і; адна з галоўных адзінак падаткаабкладання таго часу). Зразумела, што на ўсім працягу вайны 1654 – 1667 гг. Полацкі калегіум не працаваў, яго будынкі былі спаленыя альбо разбураныя, а маёмасць езуітаў была амаль цалкам разрабаваная.

Адразу пасля заканчэння вайны, няхай і не ў поўным аб’ёме, Полацкі езуіцкі калегіум аднавіў сваю працу і працягваў развівацца. У 1667 – 1668 навучальным годзе заняткі праходзілі ў класах інфімы і граматыкі, з 1672 – 1673 навучальным годзе вялося выкладанне паэзіі і рыторыкі. З 1675 – 1676 навучальным годзе пачаліся заняткі ў класе вышэйшай школы (вялося навучанне логіцы), а ў наступным акадэмічным годзе ўжо выкладаліся матэматыка з фізікай. У 1690 – 1691 навучальным годзе ў Полацкім езуіцкім калегіуме нават з’яўляецца асобная штатная адзінка прафесара матэматыкі – амаль унікальная з’ява для ордэнскіх устаноў гэтага тыпу ў Літоўскай правінцыі. З гэтага ж часу стабілізуецца выкладчыцкі склад калегіума. Больш таго, усе вакансіі займаюцца выкладчыкамі з прафесарскай ступенню.

З сярэдзіны XVII ст. яшчэ адной значнай праблемай, уласцівай не толькі Полацкаму калегіуму, а ўсёй сістэме езуіцкай адукацыі ў Літоўскай правінцыі, стала зніжэнне патрабаванняў да выканання прадпісанняў Ratio studiorum. Асаблівую трывогу выклікала выкладанне грэчаскай мовы і літаратуры. Хаця на паперы гэтыя дысцыпліны разам з лацінай па-ранейшаму складалі аснову гуманітарнай падрыхтоўкі ў езуіцкіх школах, рэальна слабая запатрабаванасць у шляхецкім асяроддзі мовы Гамера і Арыстоцеля няўхільна вяла да яе дэградацыі ў беларуска-літоўскіх установах Ордэна. Грэчаская літаратура, напрыклад, захоўвала нейкую актуальнасць толькі ў кантэксце вывучэння антычнай міфалогіі.

У 1655 г. генерал Таварыства Ісуса Павел Аліва загадваў: «Трэба тэрмінова прадпісаць навучанне грэчаскай мове ў школах. Неабходна пакараць тых, хто не пільнаваўся правілаў, якія прадпісваюць яго вывучэнне, альбо публічна гаварылі, што гэтая дысцыпліна з’яўляецца непатрэбнай». Пачатак вайны надоўга прыпыніў рэалізацыю гэтай карыснай ініцыятывы. Грэчаская мова ненадоўга вярнулася ў Полацкі езуіцкі калегіум у 1676 – 1677 навучальным годзе, калі тут працаваў выдатны знаўца мовы прафесар Максім Вайцяховіч, але потым зноў знікла да 1683 – 1684 навучальнага года. І ў наступныя гады выкладанне грэчаскай мовы неаднаразова перарывалася. Галоўнай прычынай цяжкасцяў быў відавочны недахоп педагагічных кадраў гэтага профілю ў Літоўскай правінцыі. Занядбанне грэчаскай мовы на працягу дзесяцігоддзяў пазбавілі Таварыства Ісуса адразу некалькіх пакаленняў выкладчыкаў. Звычайна выкладалі грэчаскую мову ў Полацку (і іншых літоўска-беларускіх установах езуітаў) прафесары-сумяшчальнікі: грэчаскай мовы і матэматыкі ці грэчаскай мовы і логікі. Прычым мова, несумненна, не была іх профільнай дысцыплінай.

Генерал Таварыства Ісуса Ян Павел Аліва

Генерал Таварыства Ісуса Ян Павел Аліва (гравюра XVII ст.)

Паўночная вайна (1700 – 1721), падзеі якой самым непасрэдным чынам закранулі землі Вялікага княства Літоўскага, зноў прынесла смерць і разбурэнні, негатыўна адбіўшыся і на Полацку, і на езуіцкім калегіуме.

План Полацка 1707г.

План Полацка 1707 г.

З 40-х гг. ХVIII ст. пачынаецца вельмі бурны этап у педагагічнай дзейнасці Таварыства Ісуса на землях ВКЛ. Менавіта з гэтага часу сюды актыўна пранікаюць ідэі Еўрапейскага Асветніцтва. Перамены закранулі практычна ўсе галіны грамадскага і культурнага жыцця. Адной з найбольш характэрных прыкмет часу становіцца імкненне найбольш перадавой часткі інтэлектуальнай эліты Рэчы Паспалітай вывесці айчынную адукацыю на сучасны еўрапейскі ўзровень.

Цэнтральную ролю ў гэтым працэсе адыграў выдатны педагог-рэфарматар і палітычны дзеяч Станіслаў Канарскі (1700 – 1773). Член каталіцкага манаскага Ордэна піяраў (ад лацінскай назвы Schola pia – «набожная школа»), заснаванага ў 1597 г. і меўшага на мэце выхаванне і навучанне юнацтва, С. Канарскі заснаваў у 1740 г. у Варшаве новы тып школы – піярскі Collegium Nobilium, створаны па лепшых заходнееўрапейскіх узорах таго часу. У адрозненне ад навучання, прадуглежданага езуіцкай Ratio studiorum, гэтая элітарная ўстанова рабіла акцэнт на выкладанне найбольш актуальных і для дзяржавы і для яе сацыяльных вярхоў дысцыплін. Пры агульным скарачэнні часу выкладання лацінскай мовы вялікая ўвага стала надавацца вельмі запатрабаваным на той час замежным мовам – нямецкай і французскай. Цэнтральнае месца набываюць біблейская і польская гісторыі, асновы айчыннага грамадзянскага і міжнароднага права, палітыка і г.д. У духу патрабаванняў часу былі пашыраны курсы матэматыкі і прыродазнаўчых навук. Выкладанне павінна было весціся па новых падручніках, распрацаваных самімі піярамі. Шмат рабілася таксама для выхавання ў навучэнцаў пачуцця грамадзянскасці. Акрамя таго катэгарычна забараняліся фізічныя пакаранні. Гэткім чынам гадаванцам піяраў давалі якраз такую адукацыю і выхаванне, якія ў найбольшай ступені павінны былі паспрыяць у недалёкім будучым хуткаму росту іх палітычнай і дыпламатычнай кар’еры. Рост папулярнасці піярскай адукацыйнай сеткі сярод шляхты і яе далейшае пашырэнне (у 1751 г. быў адчынены піярскі калегіум у Віцебску) не на жарт устрывожыў кіраўніцтва Таварыства Ісуса, якое няўмольна страчвала манаполію ў сферы адукацыі і выхавання. Езуіты не абмяжоўваліся жорсткай канфрантацыяй з манахамі-піярамі (яны здолелі дамагчыся закрыцця іх калегіумаў у Вільні, Геранёнах і Воранаве), а імкнуліся пры магчымасці пераняць вопыт канкурэнтаў.

Станіслаў Канарскі

Станіслаў Канарскі (невядомы аўтар, XVIII ст.)

Згодна з рэкамендацыямі самога С. Канарскага дзеля падрыхтоўкі высокакваліфікаваных педагагічных кадраў езуіты сталі практыкаваць для сваіх выхаванцаў замежныя стажыроўкі. Пачынаецца абнаўленне навучальнай базы. Напрыклад, у 1749 г. калектывам аўтараў езуітаў быў створаны новы падручнік па лацінскай мове. Выдавалі слоўнікі і дапаможнікі, у якіх лацінскія тэксты суправаджаліся польскімі і нават французскімі перакладамі. Гэтыя кніжныя навінкі хутка з’явіліся і ў Полацкім езуіцкім калегіуме.

Яшчэ адным важным напрамкам мадэрнізацыі езуіцкай сістэмы адукацыі становіцца ўвядзенне ў адукацыйны працэс сучасных замежных моў. Лідзіраваў у гэтым пачынанні Віленскі ўніверсітэт. З 1756 – 1757 навучальнага года пачалося выкладанне французскай мовы і ў Полацку.

Прыкладна ў той жа час у навучальны працэс сталі ўводзіць гісторыю, у межах якой езуіты давалі і базавыя веды па геаграфіі. Менавіта ў Полацку пачаў сваю бліскучую кар’еру ў Таварыстве Ісуса адзін з самых вядомых спецыялістаў у галіне геаграфіі Рэчы Паспалітай гісторык Францішак Папроцкі (1723 – 1805). Ён падрыхтаваў і выдаў некалькі гісторыка-геаграфічных і геаграфічных падручнікаў, напрыклад, «Польскія хатнія звесткі Вялікага княства Літоўскага» (1572). Навучэнцы езуіцкіх школ на яго старонках знаёміліся з базавымі ведамі па палітычнай і фізічнай геаграфіі Айчыны, палітычнай сістэмы дзяржавы. У іншым падручніку «Еўропа – найлепшая частка свету» (1754) Ф. Папроцкі даваў аналіз геаграфічнага становішча, прыродных умоў, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага ладу, складу насельніцтва, духоўнай культуры еўрапейскіх народаў.

Узрастаючая канкурэнцыя вымусіла езуітаў актыўна ўзяцца за ўмацаванне матэрыяльнай базы. Будаўніцтва мураванага езуіцкага касцёлу было распачата яшчэ напрыканцы XVII ст. Да 1738 г. ён быў практычна гатовы.У 1745 г. адбыўся абрад яго кансекрацыі, але праца над аздабленнем інтэр’ера сабора Св. Стэфана працягвалася ажно да 1766 г. Каля 1750 г. на месцы ў чарговы раз знішчанага пажарам драўлянага калегіума езуіты пачалі ўзвядзенне грандыёзнага каменнага комплексу, які разам з саборам сфармаваў адзіны архітэктурны ансамбль плошчай звыш 7 тыс.м?. Адным з аздабленняў інтэр’ераў карпусоў служылі кафляныя печы, многія з якіх былі творамі дэкаратыўна-прыкладного мастацтва.

Першапачаткова быў узведзены трохпавярховы Е-падобны корпус. Яго галоўны фасад з парадным уваходам быў звернуты на поўдзень, у бок Дзвіны. На тэрасе перад галоўным фасадам быў разбіты рэгулярны сад. Па восі параднага вестыбюля, у сярэднім (меншым) выступе калегіума на першым паверсе размяшчалася сталовая (трапезная), а на другім – галоўнае памяшканне езуіцкай бібліятэкі. Вышыня гэтай двухпавярховай часткі корпуса была роўнай астатнім трохпавярховым. У бакавых (ад параднага ўваходу) крылах калегіума на трох паверхах знаходзіліся 105 манаскіх келляў. Калідор правага крыла корпуса далучаўся да алтарнай часткі касцёла. Перакрыцці ўсіх паверхаў былі скляпеністыя. Каміны і печы амаль не ўжываліся, а іх функцыю выконвалі ацяпляльныя каналы, пракладзеныя пад цаглянымі і кафлянымі падлогамі.

Размяшчэнне масіўнага будынка над высокім надпойменным плато запатрабавала ўмацавання берага мураванай падпорнай сцяной. Для засцеражэння ад высокіх грунтовых вод пад галоўным будынкам былі закладзены падземныя мураваныя вадасцёкі, якія забяспечвалі дрэнаж глебы; у сцены ўбудоўваліся вентыляцыйныя хады, а сутарэнні абсталёўваліся вадаспускамі.

Полацкі езуіцкі калегіум стаў другой пасля Віленскага ўніверсітэта адукацыйнай установай ВКЛ, дзе Таварыства Ісуса спрабавала распачаць падрыхтоўку спецыялістаў у галіне архітэктуры. Цэнтральнай постаццю ў рэалізацыі гэтай задумы было наканавана стаць ураджэнцу Полаччыны Габрыэлю Лянкевічу (1722 – 1798). Пасля вывучэння архітэктуры ў сценах Віленскага ўніверсітэта (1752 – 1754), ён працягваў самаўдасканаленне. Але кіраўніцтва, заўважыўшы апантанасць Г. Лянкевіча, вырашыла направіць яго ў Рымскі езуіцкі калегіум (сённяшні Грыгарыянскі універсітэт). Пасля прыезду ў ВКЛ ён вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці і з 1768 – 1769 навучальнага года пачаў чытаць курс архітэктуры ў Полацку. Да 1773 г. Г. Лянкевіч таксама выконваў абавязкі кіраўніка будаўнічых работ комплекса езуіцкага калегіума.

У сярэдзіне XVIII ст. Полацкі езуіцкі калегіум бачыў нямала выдатных дзеячаў навукі і культуры эпохі Асветніцтва. Але адной з найбольш выбітных асобаў трэба прызнаць Марціна Пачобута-Адляніцкага (1728 – 1810). Пасля вучобы ў езуіцкіх установах Гродна, Вільні і Слуцку ў 1749 г. ён быў накіраваны ў Полацк як настаўнік класа інфімы (першага года навучання). Паралельна з педагагічнай дзейнасцю таленавіты езуіт вывучаў тут тэалогію і філасофію (1749 – 1752).

Марцін Пачобут-Адляніцкі

Марцін Пачобут-Адляніцкі (І. Аляшкевіч, 1810)

Пасля працягу навучання ў Віленскім універсітэце, а таксама стажыровак у Празе, Марсэлі, Авіньёне і Неапалі М. Пачобут-Адляніцкі становіцца прызнаным карыфеем айчыннай астраноміі. Нездарма ў 1767 г. апошні ўладар Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прысвойвае яму званне каралеўскага астранома, а заснаваная ім Віленская астранамічная абсерваторыя атрымлівае статус каралеўскай.

Астранамічная абсерваторыя Віленскага ўніверсітэта

Астранамічная абсерваторыя Віленскага ўніверсітэта (С. Янушэвіч, ХІХ ст.)

Заваяваўшы не толькі прызнанне Бацькаўшчыны, але і еўрапейскай навуковай супольнасці (быў абраны членам Лонданскага каралеўскага таварыства (Акадэміі навук) і Парыжскай акадэміі навук) М. Пачобут-Адляніцкі ўзначаліў рэарганізацыю Віленскага ўніверсітэта ў цалкам свецкую навучальную ўстанову – Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага – і на ўсім працягу яе існавання з’яўляўся рэктарам (1780 – 1810).