Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Полацк – бацька гарадоў нашай Бацькаўшчыны. Таму ці трэба здзіўляцца, што менавіта тут паўстаў першы беларускі мураваны храм – Святая Сафія; менавіта ў ім уладарыў першы на нашай зямлі правіцель-«кніжнік» – князь Ізяслаў; менавіта адсюль, ад прападобнай Ефрасінні пайшлі па Беларусі прамяні асветы; менавіта яго слаўны сын – Францыск Скарына даў нашаму народу друкаванае слова? І тады зусім не выпадкова, што якраз у Полацку была заснавана першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Полацкая езуіцкая акадэмія.

Старажытны цэнтр хрысціянства Полацк мае даўнія традыцыі ў сферы адукацыі і выхавання. Справа, распачатая Ефрасінняй Полацкай, пусціла моцныя карані і дала багаты плён. Падобна да таго, як яна несла свайму народу святло хрысціянскай асветы і вучонасці ўсходняга, візантыйскага ўзору, езуіты злучылі нашых продкаў з не менш слаўнымі асветніцкімі традыцыямі заходнееўрапейскага хрысціянства. На закладзеным прападобнай Ефрасінняй падмурку леглі пазней камяні Полацкага езуіцкага калегіума і Акадэміі, Полацкага вышэйшага піярскага вучылішча і Полацкага кадэцкага корпуса, потым – Наваполацкага політэхнічнага інстытута і, нарэшце, паўстаў сучасны храм адукацыі і навукі – Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.