Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Эрнст Міхайлавіч Бабенка

з 12 лютага 1970 г. і да ўтварэння самастойнага інстытута – дырэктар НФБТІ,
рэктар НПІ з 24 красавіка 1974 г. па люты 1976 г.; 1987 – 1993 гг.
Рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта – 1993 – 2003 гг.


Бабенко Э.М., доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны работнік адукацыі Беларусі (1994), Ганаровы грамадзянін г. Наваполацка (1998), Ганаровы грамадзянін г. Полацка (2015); узнагароджаны ордэнамі Дружбы народоў (1981) і Пашаны (2002), двума медалямі, Срэбным медалём ВДНГ, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларусі. Сапраўдны член Акадэміі адукацыі Беларусі. Аўтар больш 120 навуковых работ і 26 вынаходстваў і патэнтаў у галіне хімічнай тэхналогіі паліва і па праблемах вышэйшай адукацыі.


Эрнст Міхайлавіч Бабенка нарадзіўся 21 кастрычніка 1937 г. ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на, Мінскай вобласці.

Моцныя ўражанні дзяцінства звязаны з вайной. У акупацыі разам з мамай жыў у бабулі, на Гомельшчыне. Усе страшныя гады існавання паміж жыццём і смерцю (некалькі разоў немцы палілі вёску, а людзі, ратуючыся, уцякалі ў лес) маці-настаўніца вучыла сваё яшчэ зусім малое дзіця грамаце.

Словамі Эрнста Міхайлавіча, менавіта маці, прыгожая жанчына, якая тонка адчувала музыку, добра ведала літаратуру і ўсё жыццё была звязаная з інтэлектуальнай працай (настаўніца, карэктар, дыктар радыё, тэлебачання), найбольш паўплывала на лёс яго жыцця і захапленні ў ім.

 Эрнст Бабенка з маці 1945 г.

Эрнст Бабенка з маці. 1945 г.

Калі вучыўся ў школе, адолеў ігру на ўсіх музычных інструментах духавога аркестра. У інстытуцкім джаз-аркестры іграў на трубе. Потым для душы іграў на акардэоне. Перажыўшы ліхалецце, маці верыла, што яе сын павінен атрымаць самую лепшую адукацыю. У тыя часы яе, вядома ж, давалі ў Маскве. Любоў да хіміі вызначыла ВНУ. Адным з найбольш аўтарытэтных лічыўся хіміка-тэхналагічны інстытут імя Д.І. Мендзялеева. З першай спробы Эрнст стаў яго студэнтам.

 Эрнст Бабенка ў музеі Берліна 1964 г.

Эрнст Бабенка ў музеі Берліна. 1964 г.

Пры размеркаванні на работу выбраў Урал, Чалябінскі металургічны завод. Адразу стала зразумела, што такое вытворчасць, сапраўднае працоўнае жыццё. I што, акрамя ведаў, інжынер павінен мець характар і адказнасць. Стадыя сталення мінула вельмі хутка. I разам з тым малады інжынер адчуў: ён па “заквасцы” не работнік вытворчасці – вельмі вялікім было жаданне працаваць творча.

Сумленна аддаўшы прадпрыемству тры належныя гады, перайшоў у наваствораны навукова-даследчы інстытут электроднай прамысловасці, многія навуковыя распрацоўкі якога былі звязаны з вугляроднымі матэрыяламі для электрасталеплаўлення і выплаўкі каляровых металаў, для касмічных апаратаў, ракетнай тэхнікі. За кароткі тэрмін – пяць гадоў – тут пройдзены шлях ад “радавога” старшага навуковага супрацоўніка да начальніка аддзела тэхналагічных лабараторый. Падрыхтавана, а затым абаронена ў Маскве кандыдацкая дысертацыя.

1 верасня 1968 года Эрнст Бабенка, першы кандыдат навук у маладым горадзе нафтавікоў, прачытаў першую лекцыю па хіміі ў сценах першай у Наваполацку ВНУ –толькі што створанага філіяла Беларускага політэхнічнага інстытута. Малады вучоны, які з першых дзён праявіў незвычайныя арганізатарскія здольнасці, 12 лютага 1970 г. быў назначаны дырэктарам філіяла, перададзенага ў той час у веданне Беларускага тэхналагічнага інстытута.

Праз пяць гадоў філіял БТІ зрабіў першы выпуск спецыялістаў. 1 студзеня 1974 года Наваполацкі політэхнічны інстытут стаў трыццатай па ліку ВНУ Беларусі. 24 красавіка 1974 г. Эрнст Міхайлавіч быў прызначаны рэктарам Наваполацкага політэхнічнага інстытута. Гэта быў самы малады кіраўнік самай маладой у Савецкім Саюзе ВНУ.

Першая насценная газета НПІ 1974 г. 

Першая насценная газета НПІ. 1 студзеня 1974 г.

 Эрнст Міхайлавіч Бабенка 1974 г.

Самы малады рэктар самай маладой ВНУ СССР – Эрнст Міхайлавіч Бабенка. 1974 г.

 Кніга “Второй политех Беларуси: начало”, па словах аўтара напісана, каб захаваць памяць аб падзеях, звязаных з стварэннем у зусім маладым, дзесяцігадовым, горадзе Наваполацку політэхнічнага інстытута, а галоўнае – пра людзей, для якіх гэтыя падзеі сталі асноўнай справай жыцця.

Усведамленне, што рэктарам можа быць асоба з маштабнай навуковай і даследчыцкай практыкай, што дзеля гэтага неабходна стаць доктарам навук, вызначыла рашэнне даць згоду на прапанову з Масквы.

З 1976 ён быў пераведзены на пасаду дырэктара Дзяржаўнага навукова-даследчага і праектна-канструктарскага інстытута электродной прамысловасці ў Чэлябінску, што дало магчымасць рэалізаваць новыя сур’ёзныя планы і непасрэдна заняцца навукай.

У 1985 годзе Эрнста Бабенку запрасілі ў Маскву на пасаду намесніка начальніка Усесаюзнага аб’яднання “Саюзвуглярод” па навуцы і новай тэхніцы. Гэта была велізарная гаспадарка, цэлая галіна і гэта быў новы вопыт.

Разгорнутая перабудова прывяла да цэнтралізацыі органаў кіравання, ініцыятыва пераходзіла на месцы, у рэгіёны.

Запрашэнне міністра адукацыі Беларусі Мікалая Мяшкова ў 1987 годзе вярнуцца ў Наваполацк і ўзначаліць работу політэхнічнага інстытута Эрнст Міхайлавіч прыняў практычна адразу. Пачынаўся новы, цікавы і неспакойны, этап у яго жыцці. Свае законы ўжо дыктавала рынкавая эканоміка. Маладая беларуская ВНУ павінна была жыць у зусім новых умовах.

З 1987 па 2003 год Эрнст Міхайлавіч Бабенка зноў узначаліў нашу вышэйшаю навучальную ўстанову.

Як і ў першыя гады, фарміруючы калектыў, падбіраючы кадры, Эрнст Міхайлавіч Бабенка кіраваўся ў першаю чаргу патрабаваннямі прафесіяналізму спецыялістаў, якіх запрашаў на працу ў ВНУ. Але так адбывалася, што высокі прафесіяналізм часцей за ўсё спалучаўся з высокай культурай тых, хто прыязджаў да нас. У вялікіх гарадах атрымлівалі яны не толькі вышэйшаю адукацыю. Музеі, залы філармоніі, тэатры духоўна ўзбагачалі большасць з іх.

Вялікую ролю ў гэтым адыгралі і асабістыя якасці Эрнста Міхайлавіча Бабенка – Чалавека-Інтэлігента, чалавека з шырокім кругаглядам, чалавека які ставіць перад сабой узвышаныя мэты і паспяхова іх вырашае.

Калі Э. М. Бабенка ў 1987 годзе вярнуўся ў Наваполацк з Масквы, трэба было вырашаць шмат балючых пытанняў кадравага і матэрыяльнага забяспячэння, вучэбных і навуковых праблем інстытута. Ён пачынае з праектавання і будаўніцтва сучаснай бібліятэкі, якая стала адной з культурных асаблівасцей будачага ўніверсітэта. Акрамя гэтага, з мэтаю далучэння студэнцтва да культурных мерапрыемстваў высокага ўзроўня, па яго ініцыятыве ствараецца і разгортваецца дзейнасць студэнцкага клуба, у які запрашаюцца прафесійныя кіраўнікі.

Значныя намаганні былі накіраваны таксама на мастацкае афармленне як самога інстытута, так і прылягаючых да яго тэрыторый. Дзеля гэтага былі запрошаны лепшыя архітэктары, мастакі, дызайнеры Наваполацка. Мастацка аформіўшы памяшканні нашай навучальнай установы, мастакі тым самым аставілі нам своеасаблівы аўтограф, распісацца пад якім поўнае права мае і Эрнст Міхайлавіч Бабенка…

З 1994 года па ініцыятыве Эрнста Міхайлавіча Бабенкі дзейнічае выставачная зала Полацкага дзяржаўнага універсітэта. На адкрыцці адной з іх ён сказаў: «Я дзякую мастакам за тое, што яны абралі для сваіх пастаянных выстаў наш універсітэт. Гэта дапамагае ім не толькі паказаць, на што яны здатныя, але  і дазваляе супрацоўнікам і студэнтам ПДУ таксама далучыцца да мастацкага мыслення, зразумець гульню фарбаў і ход мастацкай думкі. Гэта ў наш час вельмі важна. Жадаю мастакам далейшых творчых здабыткаў і больш частых сустрэч у гэтых сценах».

1990-я гады – гэта быў час калі на нашай сцэне лепшыя калектывы і выканаўцы Беларусі, была ажыццёўлена цэлая сістэма далучэння студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта да шэдэўраў сусветнай музычнай класікі.

Жаданымі і частымі гасцямі ўніверсітэта былі беларускія літаратары: Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і інш. Навум Гальпяровіч плённа вёў ва ўніверсітэце паэтычны клуб “Брама”.

Эрнст Бабенка і Рыгор Барадулін 

Рэктар ПДУ Эрнст Бабенка і Рыгор Барадулін. 14 лютага 1995 г.

У кастрычніку 1999 года ва ўніверсітэце пачынае дзейнічаць тэатр “АРТ”, які ў ужо ў 2002 годзе атрымаў званне “народны” калектыў. У 2010 г. ён атрымлівае званне “Заслужаны аматарскі калектыў РэспублікіБеларусь”.

У пачатку 90-х гадоў Наваполацкі політэхнічны інстытут пачаў падрыхтоўку да пераўтварэння ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Ствараліся новыя эканамічныя і гуманітарныя факультэты, у інстытут запрашаліся прафесары і дацэнты па новым спецыяльнасцям. Пад кіраўніцтвам Э. М. Бабенка пачалася выпрацоўка і рэалізацыя канцэпцыі гуманітарызацыі дзейнасці інстытута, якая ўлічвала тое, што полацкая зямля цэнтр славянскай і беларускай культур, унікальны рэгіён духоўнай канцэнтрацыі шматлікіх стагоддзяў і эпох.

Адкрываецца радыётэхнічны факультэт. Затым фінансава-эканамічны. Наступны смелы крок – падрыхтоўка спецыялістаў па замежных мовах. Заканамерным працягам стала з’яўленне юрыдычнай і гістарычнай спецыяльнасцяў. НПІ практычна першым з беларускіх ВНУ атрымаў статус універсітэта. Стварэнне Полацкага дзяржаўнага універсітэта ў верасні 1993 года стала значнай падзеяй у жыцці рэгіёна. Гэта, заглядваючы далёка наперад, Эрнст Міхайлавіч, настаяў на тым, каб менавіта Полацкім быў названы наш універсітэт і ў Полацку адрадзілася вышэйшая адукацыя. Немагчыма было зрабіць больш, чым зрабіў у гэтым працэсе рэктар універсітэта, прафесар Э. М. Бабенка.

21 лютага 2003 года – дата ўнікальнай, знакавай старонкі ў гісторыі асветы Полаччыны – урачыстай перадачы будынкаў шпіталя Полацкага ваеннага гарнізона (былога Полацкага езуіцкага калегіума) у падпарадкаванне Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а фармальна – ва ўласнасць Полацкага дзяржаўнага універсітэта. Гэтай падзеі папярэднічалі гады складаных і працяглых перамоваў розных міністэрстваў, ведамстваў, выканаўчых камітэтаў розных узроўняў. У яго былі ўцягнуты выдатныя дзеячы культуры Беларусі.

Бабенка на сцэне Сафійскага сабора з ключом 

Эрнст Міхайлавіч Бабенка на сцэне Сафійскага сабора з сімвалічным ключом ад будынкаў былога калегіума і вяртання вышэйшай адукацыі ў Полацк. 21 лютага 2003 г.

Прарочымі сталі словы вядомага археолага Сяргея Тарасава: “Мець мы будзем тое, што створым. А дух гісторыі  нам дапаможа!”

Верш Генадзя Бураўкіна, прачытаны аўтарам на ўрачыстым сходзе, быў пакладзены на музыку Віктарам Малых і стаў афіцыйным гімнам універсітэта.

1 верасня 2005 г. у святочнай, узвышанай атмасферы студэнцтва вяртаецца ў Полацк…

Універсітэт стаў арганічнай часткай грамадства, блізкай да задач рэальнай эканомікі. Гэта з’явілася залогам уласнага інтэнсіўнага развіцця. Па аб’ёму навуковых даследаванняў, міжнароднай дзейнасці, сувязях з прадпрыемствамі, развіццю матэрыяльнай базы Полацкі дзяржаўны трывала замацаваўся ў ліку вядучых ВНУ рэспублікі.

Першы ўладальнік спецыяльнага прыза “Крыніца ведаў” 

Эрнст Міхайлавіч Бабенка – першы ўладальнік спецыяльнага прыза “Крыніца ведаў” у намінацыі “Гонар і слава ўніверсітэта”. 19 мая 2010 г.

У 2010 годзе ў Дзень універсітэта сярод спецыяльнага прыза “Крыніца ведаў”, з’явілася новая намінацыя “Гонар і слава ўніверсітэта”. Першым яе уладальнікам стаў Эрнст Міхайлавіч Бабенка. І гэта справядліва, бо ў яго характарыстыцы часцей за іншыя сустракаюцца словы “Першы”, “Упершыню”. “Гэта мая зямля, мой універсітэт” – па-праву сказаў ў адным з інтэрв’ю Эрнст Міхайлавіч Бабенка.

Трывалы падмурак, які заклаў Э.М. Бабенка, дазваляе ВНУ быць у ліку найбуйнейшых адукацыйных цэнтраў нашай краіны. У Эрнста Міхайлавіча годныя прадажаўленнікі, якія паспяхова развіваюць закладзенае першым ректарам НПІ і ПДУ і ганарацца новымі здяйсненнямі і дасягненнямі.

 Ганаровы грамадзянін г.Полацка, Бабенка Э.М.