Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Пётр Іванавіч Швед

Пётр Іванавіч Швед
(1934 – 2003)

Дзесяцігоддзе з 7 лютага 1976 г. па 25 кастрычніка 1986 г. Наваполацкі політэхнічны інстытут узначальваў Пётр Іванавіч Швед, кандыдат тэхнічных навук, лаурэат дзяржаўнай прэміі СССР.


З аўтабіяграфіі:

“...Нарадзіўся 19 верасня 1934 года ў в. Шантырово Міёрскага р-на Віцебскай вобл. у сям’і сялян. У 1950 г. пасля заканчэння 8 класаў пераехаў у Ленінград, дзе ў 1950-52 гг. вучыўся ў рамесным вучылішчы № 13 і ў школе рабочай моладзі № 11. У 1952-53 гг. працаваў разметчыкам на суднабудаўнічым заводзе і вучыўся на першым курсе вячэрняга факультэта Ленінградскага караблебудаўнічы інстытута. У 1953 г. быў прызваны ў Савецкую армію і накіраваны ў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча інжынераў зброі. У 1958 – 1960 гг. служыў у частках Ваенна-марскога флоту ў якасці камандзіра групы радыяцыйнай і хімічнай выведкі. У 1960-62 гг. працаваў у Ленінградскім СКБ мікраэлектронікі. З 1962 па 1974 гг. працаваў у НДІ электронных матэрыялаў. У 1968 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Уплыў некаторых фактараў на абарону крамянёвых бескорпусных паўправадніковых прыбораў для мікрасхем”. Далейшае развіццё гэтых работ дазволіла стварыць паўправадніковыя прыборы ў пластмасавых карпусах і арганізаваць іх масаваю вытворчасць. Адна з такіх работ ўдастоена дзяржаўнай прэміі СССР 1973 г. У ліпені 1974 г. абраны па конкурсе дацэнтам кафедры хіміі НПІ”.

Медаль лаурэата Дзяржаўнай прэміі СССР

Дыплом лаурэата Дзяржаўнай прэміі СССР

Дыплом лаурэата Дзяржаўнай прэміі СССР

Дыплом лаурэата Дзяржаўнай прэміі СССР

Медаль і Дыплом лаурэата Дзяржаўнай прэміі СССР Пятра Іванавіча Шведа


З характарыстыкі:

8 красавіка1976 г. кандыдат тэхнічных навук Швед П.І. прызначаны рэктарам НПІ. З 1986 г. вызвалены ад пасады рэктара па ўласным жаданні і пераведзены на пасаду заг. кафедры хіміі.

Пётр Іванавіч унёс вялікі ўклад у развіццё і станаўленне інстытута, умацаванне яго матэрыяльна-тэхнічнай базы, у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў і навуковых работнікаў. Ён быў таленавітым кіраўніком і педагогам.

Выступае П. І. Швед, рэктар інстытута

Прэзідыум урачыстага сходу прысвечанага 10-годдзю НПІ. Выступае П. І. Швед, рэктар інстытута. 1978 г.

Пры Пятры Іванавічу Шведзе ў Наваполацк прыехалі першыя замежныя студэнты з краін Азіі і Афрыкі.

1985 – 1986 навучальны год у Наваполацкім політэхнічным інстытуце пачалі, не толькі юнакі і дзяўчаты з розных гарадоў нашай шматнацыянальнай дзяржавы, але і замежныя студэнты, прадстаўнікі краін Афрыкі і Азіі: Афганістана, Бангладэш, Гвінеі-Бісау, Замбіі, Ірака, Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Емен, Лівана і інш.

Першыя замежныя студэнты НПІ. 1985 г.

Першыя замежныя студэнты Наваполацкага політэхнічнага інстытута. 1985 г.

Фота Віктара Ганчарэнкі


Мікалай Мікалаевіч Папок, выпускнік НПІ 1975 г., д.т.н., прафесар, памяці Пятра Іванавіча Шведа прысвяціў нарыс “Пераемнасць пакаленняў”:

“Гістарычны перыяд развіцця універсітэта з 1974 па 1986 гг. (Тады Наваполацкага політэхнічнага інстытута – НПІ) быў адметны тым, што гэта быў перыяд яго станаўлення як самастойнай вышэйшай навучальнай установы. У гэты час (з 1976 па 1986 гг.) інстытут ўзначальваў Пётр Іванавіч Швед.

Менавіта пры П. І. Шведу пачалася падрыхтоўка інжынерных кадраў па 7 спецыяльнасцях, пашырана колькасць факультэтаў. Іх стала 5 дзённага навучання: машынабудаўнічы, тэхналагічны, будаўнічы, санітарна-тэхнічны, геадэзічны і вячэрні-завочны факультэты, а таксама падрыхтоўчае аддзяленне з дзённай і вячэрняй формамі навучання.

На ўсіх этапах развіцця інстытута неад’емнай часткай яго дзейнасці была навукова-даследчая праца. Пры П. І. Шведу ў галіне навуковай дзейнасці былі дасягнуты значныя поспехі.

Работы і ўкаранення навуковых распрацовак па павышэнню даўгавечнасці абсталявання на кафедрах тэхналогіі канструкцыйных матэрыялаў, тэхналогіі машынабудавання, начартальнай геаметрыі і графікі, далі эканамічны эфект больш за 3 мільёны (савецкіх!) рублёў. На кафедры жалезабетонных і каменных канструкцый пад кіраўніцтвам прафесара А. І. Сямёнава распрацаваны спосабы стабілізацыі арматуры. Кафедра будаўнічай вытворчасці атрымала суперпласціфікатор бетону. Асаблівая ўвага ў агульнай тэматыцы даследаванняў у той час надавалася праблеме аховы навакольнага асяроддзя (кіраўнікі прафесара С. І. Лугоўскі і А. М. Левін).

У даследчай лабараторыі кафедры санітарнай тэхнікі і аховы працы

У даследчай лабараторыі кафедры санітарнай тэхнікі і аховы працы. Пачатак 1980-х гг.

У лабараторыі электронай мікраскапіі

У лабараторыі электронай мікраскапіі. 1984 г.

Лабараторыя фізікі. 1970-я гг.

Лабараторыя фізікі. 1970-я гг.

Час быў няпросты і насычаны бурнымі падзеямі і важнымі для інстытута здзяйсненнямі. Інстытут істотна развіў матэрыяльна-тэхнічную базу, пабудаваўшы інтэрнат, вучэбна-лабараторны корпус, спартыўна-аздараўленчы лагер і іншыя аб’екты, тым самым былі палепшаны сацыяльныя ўмовы для студэнтаў і выкладчыкаў.

Інтэрнат № 2. Пачатак 1980 гг.

Інтэрнат № 2. Пачатак 1980 гг.

Будаўніцтва вучэбна-лабараторнага корпуса № 3

Тапаграфічная практыка студэнтаў-геадэзістаў на будаўніцтве вучэбна-лабараторнага корпуса № 3. 1983 г.

Бурліла студэнцкая жыццё, адзначаная выдатнымі дасягненнямі інстытута ў будатрадаўскім руху, на сельскагаспадарчай ніве, у спорце.

За плённую вучэбную, выхаваўчую і навуковую дзейнасць у 1980 годзе інстытуту было прысвоена ганаровае імя Ленінскага камсамола Беларусі.

У лінгафонным кабінеце НПІ. 1978 г.

У лінгафонным кабінеце НПІ. 1978 г.

Заслуга Пятра Іванавіча складалася і ў тым, што ён здолеў стварыць у інстытуце становішча максімальнай добразычлівасці і працаздольны калектыў аднадумцаў. Менавіта тады, я лічу, найбольш поўна раскрыліся здольнасці прарэктара па вучэбнай рабоце Леаніда Мікалаевіча Фоміцы, прарэктара па навуковай рабоце Валянціна Аляксандравіча Кажарскага, галоўнага бухгалтара Валянціны Антонаўны Турхіной, а таксама будучых прарэктараў Леаніда Сцяпанавіча Турышчава, Уладзіміра Канстанцінавіча Ліпскага, Фёдара Іванавіча Панцялеенка, загадчыка кафедры Віктара Аляксандравіча Іванова і іншых.

Лёс звёў мяне з Пятром Іванавічам ў 1974-75 гадах, калі ён, будучы прарэктарам па навуковай рабоце і беспярэчным аўтарытэтам у навуцы неаднаразова настаўляў нас – актывістаў студэнцкага навуковага таварыства. Вучэбна-даследчая праца студэнтаў знайшла шырокае прымяненне ў навучальным працэсе і практычна была ўкаранёна на ўсіх кафедрах. Вынікам яе было выкананне рэальных курсаў і дыпломных праектаў. Гэтаму спрыяла і тое, што асаблівая ўвага ў ходзе вучэбнага працэсу надавалася вытворчай практыцы. За інстытутам было замацавана ў якасці баз практыкі больш за 100 перадавых прадпрыемстваў Беларусі і саюзных рэспублік. Нам, тагачасным студэнтам, пашчасціла, набываючы практычныя навыкі па спецыяльнасці, знаёміцца з музеямі і тэатрамі Масквы, Ленінграда, Кіева і інш. гарадоў, пазнаваць незвычайную прыгажосць прыроды Далёкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі…

З 1983 па 1986 гг. пашчасціла працаваць з Пятром Іванавічам у цесным кантакце. Менавіта тады я адчуў, а пазней зразумеў, маштабнасць яго поглядаў і шырату далягляду, якія спалучаюць строгасць “тэхнара” і дэмакратычнасць “гуманітарыя”. Бо ён быў не толькі лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР за навуковыя дасягненні, але і лаўрэатам конкурсу маладых паэтаў у Ленінградзе. Яго таксама адрознівалі глыбокая жыццёвая мудрасць, якая бярэ вытокі ў продках з Міёрскага раёна, і выключная тактоўнасць сапраўднага інтэлігента.

Рэктар Шведа П. І. на навуковай студэнцкай канферэнцыі. 1981 г.

Уступнае слова рэктара Шведа П. І. на навуковай студэнцкай канферэнцыі. 1981 г.

Пётр Іванавіч не быў кансерватарам. Заўсёды глядзеў наперад і даваў дарогу маладым. Яго выказванне аб тым, што ВНУ ў Наваполацку адбудзецца тады, калі яго ўзначаляць яго выпускнікі, стала ўжо крылатым. Калі б Пётр Іванавіч быў жывы, ён мусіць шчыра б парадаваўся таму, што яго прадбачанне спраўдзілася. Я думаю, што не выпадкова цяперашні рэктар універсітэта Дзмітрый Мікалаевіч Лазоўскі, прафесар, доктар тэхнічных навук – выпускнік НПІ і зямляк Пятра Іванавіча.

Пераемнасць пакаленняў – характэрная рыса сучаснага перыяду развіцця нашага ўніверсітэта. Важна, каб пры гэтым не былі страчаны дух патрыятызму, любові да сваёй ВНУ і жаданне зрабіць яе яшчэ лепш, якія абвяшчаў сваім прыкладам Пётр Іванавіч Швед. Цяперашняе пакаленне студэнтаў і выкладчыкаў заслугоўваюць годнага жыцця. Але мы будзем жыць годна толькі тады, калі навучымся захоўваць традыцыі і паважаць людзей, якія іх стваралі”.