Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

У кастрычніку 2002 года загадчыцай Музея навукі і асветы Полаччыны (МНАП) прызначана Грудніцкая Тамара Аляксандраўна.

У 2004 г., да 60-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, была выпушчана кніга “Салдаты Перамогі Полацкага універсітэта”, у якой сабраны матэрыялы аб выкладчыках і супрацоўніках універсітэта – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта кніга аб выдатных людзях, чыёй працай, талентам ствараўся і развіваўся універсітэт.

Праз год, да 60-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, выйшаў зборнік “Вялікая Айчынная вайна ў нашым лёсе”. У яго першай частцы “Салдаты Перамогі Полацкага універсітэта”, апублікаваны дадатковы матэрыял аб выкладчыках і супрацоўніках ПДУ, прымаўшых удзел у Вялікай Айчыннай вайне. Другая частка зборніка “Апаленая памяць” заснавана на біяграфічных ўспамінах тых, чыё дзяцінства прыпала на ваеннае ліхалецце. Трэцці раздел “Вайна ў лёсе маёй сям’і” змясціў аповяд супрацоўнікаў, выкладчыкаў, студэнтаў аб сваіх родных іх удзеле ў Вялікай Айчыннай, перажытых выпрабаваннях. У якасці ілюстрацый выкарастаны малюнкі ветэрана вайны Я. Ф. Ігнаценкі, зробленыя ім у пасляваенныя гады.

За працу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню загадчыца музея Грудніцкая Тамара Аляксандраўна была узнагароджана юбілейным медалём “60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”

З лістапада 2003 г. па ініцыятыве Т. А. Грудніцкай штогод выдаецца бюлетэнь “Памяць”, які ўдзячна ацэнены грамадскасцю ва ўніверсітэце.

Сумесна з бібліятэкай, у сакавіку 2004 г. быў падрыхтаваны электронны варыянт выдання па гісторыі асветы і адукацыі на Полацкай зямлі. Структура створанай тэкставай базы дадзеных адлюстроўвае этапы развіцця асветы і адукацыі ў сістэме прынятай гісторыка-педагагічнай перыядызацыі.

Навукова-фондавая работа музея звязана з даследваннем каштоўнасці і матэрыяльнай сутнасці музейнага прадмета. У асноўным фондзе музея налічваецца 3644 музейных прадмета (на 01. 01. 2009г.). Музейны фонд падзелены на калекцыі, іх налічваецца больш за 20 (фотадакументы, графіка, дакументы, друкаваныя выданні, рукапісы, археалогія, баністыка, вексілалогія, нумізматыка, прадметы побыту, прыборы і апараты, фалерыстыка і інш.). Сярод музейных прадметаў, якія захоўваюцца ў фондах, ёсць рарытэты. У калекцыі рукапісаў можна адзначыць наступныя прадметы: дысертацыя Сямёнава А. І. на суісканне вучонай ступені доктара тэхнічных навук, дысертацыя Надыкта Б. Ц. на суісканне вучонай ступені доктара хімічных навук, дысертацыя Родзінай (Шведавай) В. Ф. на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук, дысертацыя Грудніцкага Р. Д. на суісканне вучонай ступені кандыдата філасофскіх навук, аўтабіяграфіі Баханьковай В. С., Мурашка Р. З., успаміны Чуракова С. М., Іскрыцкага М. А., Валуева І. Я; у калекцыі прыбораў і апаратаў неабходна назваць машынку пішучую “Olympia” 1946 г.; з калекцыі археалогіі трэба вызначыць кафлю з манаграмай ордэна езуітаў.

У красавіку 2008 года у фонды Музея навукі і асветы Полаччыны УА “ПДУ” паступіла унікальная калекцыя кніг (359 адзінак) з Нацыянальнай бібліятэкі. Яна ўтрымлівае шмат каштоўных выданняў (19-20 стст.) па тэматыцы музея. Пераважная большасць кніг адносіцца да катэгорыі рэдкай кнігі (выдадзены да 1941 года).

Самае вялікае паступленне у фонды музея – больш за 26000 картак-квітанцый ад радыёстанцый больш чым 100 краінаў свету, якія прыйшлі ў адрас радыёстанцыі НПІ UK 2 WAR.

Навукова-фондавай работай у музее займаецца захавальнік фондаў Куксёнак-Сімановіч Марына Віктараўна. Менавіта праз яе рукі праходзяць усе прадметы, што трапляюць у музей. Яна вядзе рэгістрацыю музейных прадметаў, іх навуковую апрацоўку, забяспечвае захаванасць музейных прадметаў у фондасховішчы.

Навукова-фондавая работа з’яўляецца той асновай, на якой атрымліваюць развіцце экспазіцыйна-выставачная і адукацыйна-выхаваўчая накірункі работы.

Экспазіцыйна-выставачная работа музея заключаецца ў падрыхтоўке музейных прадметаў да выставы “З першага курса ў адукацыю, навуку, творчасць”. Штогод такая выстава сустракае першакурснікаў і задае адпаведны тон іх далейшага студэнцкага жыцця…

У рамках навукова-асветніцкай работы супрацоўнікі музея прапанавалі студэнтам тэматыку рэфератаў, курсавых і дыпломных работ: “Дасягненні выпускнікоў НПІ-ПДУ”, “Дасягненні вучоных Полаччыны ў радыётэхніцы”, “Вучоныя-філолагі НПІ-ПДУ”, “Вучоныя-філосафы НПІ-ПДУ”, “Вучоныя-хімікі НПІ-ПДУ”, “Вучоныя-фізікі НПІ-ПДУ”, “Уклад вучоных НПІ-ПДУ у развіццё нафта-хімічнага комплекса”, “Ганаровыя дактары навук ПДУ”. Аднак, на жаль, толькі дзве тэмы былі запатрабаваны. Гэта магістэрская дысертацыя Чаркасавай Ю. Г. на тэму “Гісторыя развіцця матэматыкі ў г. Наваполацку (у апошняй трэці 20 – пачатку 21 стст.)” і дыпломная работа Галуза Ю. “Гісторыя гісторыка-філалагічнага факультэта УА ПДУ”.

Супрацоўніцы музея Грудніцкая Т. А. і Куксёнак-Сімановіч М. В. робяць усё для таго, каб ва ўніверсітэце была адкрыта экспазіцыя. Музейная стацыянарная экспазіцыя дасць магчымасць прасачыць доўгі і захапляльны шлях развіцця асветы ад яе вытокаў да ўвасаблення яе дасягненняў у навуцы, якую на Полаччыне прадстаўляе, у першую чаргу, Полацкі дзяржаўны універсітэт – спадкаемца традыцый асветы на Полаччыне. Але, стварэнне экспазіцыі будзе магчыма толькі пры ўмове, што актыўны ўдзел прымуць выкладчыкі, супрацоўнікі, студэнты універсітэта.