Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

 

Ля самых вытокаў Полацкага дзяржаўнага універсітэта стаялі тыя людзі, чые інтылегентнасць, духоўнасць высока ўзнялі агульны ўзровень культурнага жыцця нашай навучальнай установы, што доўжыцца на працягу ўсёй яе гісторыі.

Эрнст Міхайлавіч Бабенка. Калі казаць пра Эрнста Міхайлавіча, то ў яго характарыстыцы часцей за іншыя будзе сустракацца слова «Першы». Ён – першы вучоны (кандыдат навук), які прачытаў першую лекцыю для студэнтаў у Наваполацку 1 верасня 1968 года.

Першы рэктар - Эрнст Міхайлавіч Бабенка

Эрнст Міхайлавіч Бабенка
1973

Першы рэктар - З’езд рэктараў вышэйшых навучальных устаноў

З’езд рэктараў вышэйшых навучальных устаноў
з удзелам Эрнста Міхайлавіча Бабенка –
самага маладога рэктара Савецкага Саюза.
Масква. 1974

Эрнст Міхайлавіч Бабенка – першы рэктар Наваполацкага політэхнічнага інстытута (самы малады сярод рэктараў ВНУ СССР), першы рэктар Полацкага дзяржаўнага універсітэта (адзінай вышэйшай навучальнай установы Беларусі, у якой створаны універсітэт на базе політэхнічнага інстытута). Дзякуючы намаганням Эрнста Міхайлавіча, ПДУ – адзіная ў краіне вышэйшая навучальная ўстанова, якая размяшчаецца ў будынку 18-га стагоддзя.

…Далёкае дзяцінства, якое выпала на гады страшнага ваеннага ліхалецця. Але побач была маці, якая па памяці чытала вершы, шмат вершаў, самых розных і прыгожых, закладваючы асновы духоўнасці на ўсё жыццё. Словамі Эрнста Міхайлавіча, менавіта маці, прыгожая жанчына, якая тонка адчувала музыку, добра ведала літаратуру і ўсё жыццё была звязаная з інтэлектуальнай працай (дыктар радыё, тэлебачання, настаўніца, карэктар), найбольш паўплывала на лёс яго жыцця і захапленні ў ім.

Калі вучыўся ў школе, адолеў ігру на ўсіх музычных інструментах духавога аркестра. У інстытуцкім джаз-аркестры іграў на трубе. Зараз для душы іграе на акардэоне. Студэнцкія гады ў Маскоўскім хіміка-тэхналагічным інстытуце ў 1954 – 1959 гадах лічыць найлепшымі, як гэта лічаць усе былыя студэнты. Прага мастацкіх уражанняў цягнула Эрнста Міхайлавіча і яго сяброў у залы кансерваторый, тэатраў, музеяў.

Эрнст Міхайлавіч перакананы, што спалучэнне тэхнічнай адукацыі і гуманітарных схільнасцей робяць чалавека разнастайным і больш адчувальным да розных з’яў сучаснага жыцця.

Вялікая заслуга Эрнста Міхайлавіча Бабенкі ў стварэнні новага культурнага цэнтра Полаччыны, якім стаў Полацкі дзяржаўны універсітэт.

Найперш намаганні рэктара былі накіраваны на мастацкае афармленне як самога інстытута, так і прылягаючых да яго тэрыторый. Дзеля гэтага Эрнст Міхайлавіч запрасіў лепшых мастакоў Наваполоцка.

З інтэрв’ю газеце «Хімік», змешчанага 22 красавіка 1992 года:

Уладзімір Шаппо. «Мы жывем у няпросты час, калі шмат каму не да культуры. Дастаць бы каўбасы, ды больш таннай. Але, на шчасце, ёсць і іншыя, хто разумее, што культура – першааснова, на якой базіруецца ўсё астатняе.

Менавіта такім чалавекам і выявіў сябе наш заказчык Эрнст Міхайлавіч Бабенка, рэктар НПІ. Пяць гадоў таму назад пачалося наша плённае супрацоўніцтва…

Нам імпануе, што Э.М. Бабенка знаходзіць час, каб сустрэцца з намі не толькі ў інстытуце, але і ў майстэрні, паназіраць за творчым працэсам, нешта прыняць, а нешта адвергнуць. Так што мы лічым яго сваім сааўтарам».

Уладзімір Гавазюк. «Працую з задавальненнем. Бо бібліятэка – гэта, па сутнасці, храм, інтэлектуальны і духоўны цэнтр. У храме ва ўсе часы знаходзілася месца для жывапісу. Вось чаму я шчаслівы, бо астаўляю тут нейкую часцінку сябе, сваёй творчасці».

Мастацка аформіўшы памяшканні нашай навучальнай установы, мастакі тым самым аставілі нам своеасаблівы аўтограф, распісацца пад якім поўнае права мае і Эрнст Міхайлавіч Бабенка …

Першая аб’ява «Выставачная зала Полацкага дзяржаўнага універсітэта запрашае…» з’явілася у 1994 годзе па ініцыятыве Эрнста Міхайлавіча Бабенкі. На адкрыцці адной з іх ён сказаў: «Я дзякую мастакам за тое, што яны абралі для сваіх пастаянных выстаў наш універсітэт. Гэта дапамагае ім не толькі паказаць, на што яны здатныя, але і дазваляе супрацоўнікам і студэнтам ПДУ таксама далучыцца да мастацкага мыслення, зразумець гульню фарбаў і ход мастацкай думкі. Гэта ў наш час вельмі важна. Жадаю мастакам далейшых творчых здабыткаў і больш частых сустрэч у гэтых сценах».

Сёння выставачная зала – мастацкі здабытак не толькі ПДУ, але і ўсяго рэгіёна. Яе наведваюць не толькі супрацоўнікі і студэнты універсітэта, а і ўсе аматары мастацтва з Наваполацка, Полацка і іншых месцаў. Куток узнёсласці і натхнення, як часта называюць выставачную залу, агульнадаступны для ўсіх і робіць вялікую справу ў вываханні мастацкага густу на прыкладах выяўленчага мастацтва.

Дбаючы аб паўнавартасным эстэтычным выхаванні, не мог абыйсці Эрнст Міхайлавіч і музычнае мастацтва, якое, як адзначалася вышэй, ён добра адчувае і ведае. Імкнучыся далучыць студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта да шэдэўраў сусветнай музычнай класікі і паказаць узоры якаснай сучаснай музыкі, ён запрашаў у ПДУ лепшых выканаўцаў. Самыя розныя музычныя калектывы выступалі на сцэне універсітэта: ад вялікага сімфанічнага аркестра «Маладая Беларусь» да калектыва джазавай музыкі «Полацк-Anima-квартэт»; ад праслаўленай Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы, у выкананні якой акадэмічна гучалі беларускія народныя песні, да нашых «Княжычаў»з іх архаічным спевам. А яшчэ сольныя канцэрты майстроў, якія выдатна валадаюць музычным інструментам, маюць непаўторны голас…

Нязменнай вядучай усіх канцэртаў з’яўляецца Васільева Алена Навумаўна – адна з найлепшых музыказнаўцаў Беларусі.

Прасветленасць пачуццяў, душэўную дабрыню, адухатварэнне адчувалі тыя, хто бываў на канцэртах у актавай залі Полацкага дзяржаўнага універсітэта.

Першы рэктар - Эрнст Бабенка і Рыгор Барадулін

Рэктар ПДУ Эрнст Бабенка і Рыгор Барадулін.
14 лютага 1995 года.

Фота Эрнста Цецярэўскага

Фарміруючы калектыў, падбіраючы кадры, Эрнст Міхайлавіч Бабенка кіраваўся ў першаю чаргу патрабаваннямі прафесіяналізму спецыялістаў, якіх запрашаў на працу ў малады універсітэт. Але так адбывалася, што высокі прафесіяналізм часцей за ўсё спалучаўся з высокай культурай тых, хто прыязджаў у малады горад. У вялікіх гарадах атрымлівалі яны не толькі вышэйшаю адукацыю. Музеі, залы філармоніі, тэатры духоўна ўзбагачалі большасць з іх. Рамантычныя памкненні быць у ліку першых у маладым беларускім горадзе на Дзвіне, надавалі ўзнёсласці стваральным намерам першага складу супрацоўнікаў Наваполацкага філіяла Беларускага політэхнічнага інстытута, а затым Беларускага тэхналагічнага інстытута імя Кірава.

ДЗЕЙНАСЦЬ ПЕРШАГА РЭКТАРА НПІ-ПДУ Ў ФОТАДАКУМЕНТАХ

Першы рэктар - Рэктарат НПІ. 1976

Рэктарат НПІ. 1976
Сядзяць (злева направа):
1. Рудакова Тамара Васільеўна, начальнік вучэбнай часткі;
2. Уладзімір Арцёмавіч Лёзін, дацэнт кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі і навуковага камунізму, сакратар парткома;
3. Леанід Мікалаевіч Фаміца, прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце;
4. Эрнст Міхайлавіч Бабенка, рэктар;
5. Пётр Іванавіч Швед, прарэктар па навуковай рабоце;
6. Пётр Сідаравіч Андрыянаў, прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце;
7. Уладзімір Канстанцінавіч Ліпскі, дацэнт, старшыня прафкама.
Стаяць (злева направа):
1. Святлана Араміраўна Самойлава, начальнік НДС;
2. Мікалай Нікіціч Нікольскі, намеснік дэкана, выкладчык кафедры тэхналогіі машынабудавання;
3. Літвінаў Мікалай Мікалаевіч, дэкан вячэрняга факультэта;
4. А. Е Дубровін, дэкан будаўнічага факультэта;
5. Барыс Паўлавіч Чэмісаў, дэкан машынабудаўнічага факультэта;
6. Шастапалаў Яўген Міхайлавіч;
7. Завель Нехемовіч Зевелеў, начальнік вучэбнага аддзела.

Першы рэктар - Аператыўная нарада кіраўніцтва НФБТІ

Аператыўная нарада кіраўніцтва
Наваполацкага філіяла Беларускага тэхналагічнага інстытута.

Сядзяць з левага боку (злева направа):
1. Эрнст Міхайлавіч Бабенка, дырэктар;
2. Панова Галіна Аляксандраўна, камендант;
3. Захаранка Алег Дзянісьевіч, сакратар камітэта камсамола;
4. Кавалеўскі Павел Якаўлевіч, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту;
5. Іваноў Фёдар Іванавіч, старшыня прафкама студэнтаў;
6. Літвінаў Мікалай Мікалаевіч, дэкан вячэрняга факультэта;
7. Іваноў Віктар Аляксандравіч, загадчык кафедры гісторыі КПСС і палітэканоміі,
Сядзяць з правага боку (злева направа):
1. Тамара Іванаўна Ціхончанка, галоўны бухгалтэр;
2. Лугавы Барыс Георгіевіч, намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы;
3. Аляксандр Рыгоравіч Назін, загадчык кафедры хіміі;
4. Шык Вера Аляксандраўна, загадчык кафедры начартальнай геаметрыі і графікі.
1975

Першы рэктар - Беларуская дэлегацыя

Беларуская дэлегацыя ў зале паседжання
Арганізацыі Аб’яднаных Нацый
па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКО).

Злева направа сядзяць:
1. Дмітрый Іванавіч Шеметаў, начальнік кіравання замежных сувязяў Міністэрства адукацыі РБ;
2. Віктар Анатольевіч Гайсёнак, міністр адукацыі РБ;
3. Эрнст Міхайлавіч Бабенка, рэктар НПІ.
Парыж. 1992

Першы рэктар - Удзельнікі семінара

Удзельнікі семінара “Вышэйшая тэхнічная і эканамічная адукацыя ў Германіі:
шляхі супрацоўніцтва паміж ВНУ Беларусі і ФРГ”.
Стражаў Васілій Іванавіч,
намеснік міністр адукацыі РБ (пяты зправа);
Эрнст Міхайлавіч Бабенка, рэктар ПДУ (шосты зправа)
з рэктарамі і прарэктарамі вышэйшых тэхнічных школ Германіі.
Наваполацк. 20 красавіка 1993

Першы рэктар - Полацкі краявід на памяць

Полацкі краявід (мастак Уладзімір Шапо) на памяць.
Рэктар Вышэйшай тэхнічнай школы г. Мангейма,
прафесар Хойніхен-Хюнэ (злева)
і рэктар ПДУ, прафесар Эрнст Бабенка (зправа).
Мангейм. Чэрвень 1998

Першы рэктар - Пагадненне аб супрацоўніцтве

Пагадненне аб супрацоўніцтве дасягнута.
прафесар Штэфэн Борман,

кантктная асоба праекта ТЕМПУС
ад Вышэйшай тэхнічнай школы г. Мангейма (Германія) (злева)
і рэктар Полацкага дзяржаўнага універсітэта,
прафесар Эрнст Бабенка (зправа).
Наваполацк. 26 верасня 2000

Першы рэктар - Канферэнцыя па выніках міжнародных праектаў

Канферэнцыя па выніках міжнародных праектаў.
За трыбунай – Эрнст Бабенка, рэктар ПДУ.
1 студзеня 2002