Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Усе археалагічныя матэрыялы, знойдзеныя на ахоўнай тэрыторыі запаведніка, належаць дзяржаве і перадаюцца ў фонды Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

З архелагічнага матэрыяла, перададзенага НПГКМЗ у фонды Музея навукі і асветы Полаччыны пры ПДУ, Аляксандр Салаўёў падрыхтаваў выставу «Аповяды старых муроў», якая месціцца ў бібліятэцы гісторыка-філалагічнага факультэта.

Выстава «Аповяды старых муроў» - Вывучэнне корпуса В

Аляксанд Салаўёў пад вывучэння корпуса В.

У тры з паловай гады Людміла Андрэеўна прывяла маленькага ўнука ў Спаса-Праабражэнскую царкву Еўфрасіннеўскага манастыра. Маленькі Саша не мог адарваць погляду ад усяго ўбачынага – іконы, лампады, свод і сцены на якіх праступалі векавыя фрэскі. Бабуля лічыць, што менавіта ў гэты час Бог прадвызначыў лёс унука.

Саша Салаўёў пачынаў вучыцца ў Пецярбургскім ліцэі нараднай творчасці. Часта бываў у музеях, храмах гэтага непаўторнага горада. Але найбольшую цікаўнасць выклікала экспазіцыя «Старажытнарускае мастацтва» у Эрмітажы, дзе ўпершыню ўбачыў экспанаты з Полацку, у якім жылі яго бабуля і дзядуля, да якіх ён прыязджаў на школьныя канікулы.

Аляксандр Салаўёў з дзяцінства захапляецца археалогіяй. Вывучыўшы ў дзевяцігадовы ўзросце кнігу Г.В. Штыхава «Древний Полацк», увесь свой вольны час ён праводзіў на новабудоўлях Полацка ў пошуках археалагічных знаходак. Некалькі агульных сшыткаў з планамі, апісаннем знаходак, іх замалёўкамі зроблены Александрам яшчэ ў школьныя гады. Да заканчэння школы Аляксандр у доме Людмілы Андрэеўны стварыў, па сутнасці, хатні музей – экспазіцыю з археалагічных находак.

Аб дзіваку, які шукае ў траншэях новабудоўляў, стала вядома і кафедры гісторыі і сацыялогіі ПДУ. Тагачасны загадчык кафедры Васіль Іванавіч Шайкоў папрасіў знайсці і прывесці аматара-археолага да яго. Гэта адбылося ў 1999 годзе, пад час земляных работ на тэрыторыі былога калегіума. У вялікай траншэі яго сустрэў Дзяніс Дук, які стаў яго настаўнікам і дарадцам. В.І. Шайкоў прапанаў паступаць на аддзяленне гісторыі гісторыка-філалагічнага факультэта ПДУ. З першага разу А. Салаўёў не паступіў – падвяла руская мова. Але заняткі на падрыхтоўчых курсах пры ПДУ далі свой плён – Аляксандр у 2005 годзе закончыў універсітэт.

Зараз Аляксандр Салаўёў – навуковы супрацоўнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, вядзе дзяржаўнае назіранне за новабудаўлямі ў Полацку.

Выстава «Аповяды старых муроў»

Зараз вывучэнню гісторыі Полацкага езуіцкага калегіума надаецца значная ўвага. Асабліва гэта актуальна для Полацкага дзяржаўнага універсітэта, якому ў 2005 годзе перадалі яго гістарычныя будынкі і даручылі іх мадэрнізацыю. Каб аднавіць повязь часоў і пераемнасць традыцый калегіума і акадэміі, вядзецца даследаванне яго менавіта як установы адукацыі. Пра высокі ўзровень адукацыі ў Полацкім езуіцкім калегіуме сведчыць той факт, што з цягам часу ён ператварыўся ў буйнейшы цэнтр еўрапейскай культуры.

Адным з напрамкаў яго дзейнасці была падрыхтоўка прафесійных архітэктараў. Дзеля гэтага была створана надзейная матэрыяльная база. Разам з багатай бібліятэкай і нагляднымі вучэбнымі дапаможнікамі выдатнымі помнікамі дасягненняў еўрапейскай архітэктуры таго часу былі самі карпусы калегіума, у якіх цяпер размясціўся ПДУ. Па сутнасці, яны сталіся «візітнымі карткамі» самага магутнага каталіцкага ордэна Еўропы. Але варта адзначыць, што вывучэнне комплекса будынкаў абмяжоўвалася альбо мастацка-стылістычным, альбо горадабудаўнічым аспектамі. Звесткі пра іх першапачатковыя інтэр’еры, экстэр’еры і канструктыўныя адметнасці былі вельмі бедныя.

Назіранні ў працэсе мадэрнізацыі на карпусах «А» і «Г» далі багаты і ўнікальны матэрыял, які дазволіў часткова аднавіць першапачатковае аблічча гэтых будынкаў.

Не менш цікавымі былі знаходкі, што засталіся з часоў існавання кадэцкага корпуса. Гэта як найбольш старыя ў Полацку канструкцыі даху, так і фрагменты прадметаў, якія характарызуюць штодзённы побыт кадэцкага корпуса. Пад час наступных пераробак карпусоў былі выкарыстаны зусім новыя для Полацка пачатку ХХ стагоддзя тэхналогіі будаўніцтва.

Вынікам супрацоўніцтва Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (НПГКМЗ) з заказчыкам і будаўнічымі арганізацыямі пад час мадэрнізацыі карпусоў сталася музеефікацыя некаторых гістарычных архітэктурных элементаў будынкаў. Гэта павінна забяспечыць нагляднасць сувязі экспазіцыі выставы з карпусамі.

У сувязі з гэтай акалічнасцю ўзнікае вострая неабходнасць стварэння пры ПДУ экспазіцыі, прысвечанай самім будынкам калегіума на прыкладзе карпусоў «А» і «Г». Праз абмежаванасць месца і матэрыялаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці ПДУ (99% здабытых матэрыялаў належыць НПГКМЗ), яна вельмі сціслая і размешчана ўсяго на 5 вітрынах. Мэта выставы – расказаць пра находкі, зробленыя на паверхах і гарышчы калегіума і паказаць магчымыя рэканструкцыі фрагментаў першапачатковых інтэр’ераў памяшканняў і пераробак, што захаваліся з часоў кадэцкага корпуса, а таксама абудзіць інтарэс да іх больш глыбокага даследавання не толькі гісторыкамі, але і архітэктарамі і будаўнікамі.

Метад раскрыцця тэмы комплксна-тэматычны – праз археалагічныя знаходкі, фотаздымкі, малюнкі, рэканструкцыі, тлумачальныя надпісы. Відавы рад складаецца з 5 вітрын. Яны прычвечаны двум перыядам у гісторыі збудаванняў: езуіцкаму і піярскаму (1750 – 1831) – 3 вітрыны, і кадэцкаму (1835 – 1914) – 2 вітрыны.

Тэма 1: Будынкі ў перыяд 1750 -1831 гг.

1 вітрына змяшчае планы паверхаў з месцамі даследаванняў. Тут жа знаходіцца плітка падлогі і цэгла (асноўны фармат, з якога складзены карпусы «А» і «Г»). Астатнюю прастору занялі фотаздымкі з выявамі архітэктурных элементаў сцен, падлогі, скляпенняў.

Аповяды старых муроў - Рэбры скляпенняў над келляй

Рэбры жорсткасці скляпенняў над келляй першага паверху
(зараз тут на ІІ паверсе чытальная зала).

Фота Аляксандра Салаўёва

Аповяды старых муроў - Паўночны фасад корпуса А

Першапачатковы паўночны фасад корпуса А «схаваны» за прыбудовай пачатку ХХ ст.
(зараз тут на ІІ паверсе лествіца, інфармацыйны цэнтр бібліятэкі і туалет).

Фота Аляксандра Салаўёва

Аповяды старых муроў - Дзвярны праём

Першапачатковыя дзвярны праём і ніша ад езуіцкай келлі.
(зараз тут на ІІІ паверсе канферэнц-зала).

Фота Аляксандра Салаўёва

2 вітрына прадстаўляе кафлю (альбо яе аналагі) ад найбольш захаваных пячных набораў. Астатняя месца занята фотаздымкамі пячных праёмаў фундаментаў, дзверак, дымаходаў, кафлі.

Аповяды старых муроў - Пячная дзверка XVIII - ХІХ стст.

Пячная дзверка другой паловы XVIII - пачатку ХІХ стст. ад «большой печи» з памяшкання былой езуіцкай кухні.
Фота Аляксандра Салаўёва

Аповяды старых муроў - Элементы ад кафлянага набора печы

Элементы ад кафлянага набора печы канца XVIII ст. з адной з келляў
(знойдзена на паддашшы корпуса «А»).

Фота Аляксандра Салаўёва

Аповяды старых муроў - Элементы ад кафлянага набора печы

Элементы ад кафлянага набора печы сярэдзіны XVIII ст. з адной з келляў
(знойдзена на паддашшы корпуса «А»).

Фота Аляксандра Салаўёва

3 вітрына ўключае ў сябе малюнкі рэканструкцыі печаў і інтэр’ераў будынка, тут жа знаходзіцца дахоўка і раствор з яе адбіткамі. Усё астатняе месца адведзена фотаздымкам знаходак з гарышча і паверхаў карпусоў.

Аповяды старых муроў - Рэканструкцыя прахадной келлі корпуса Г

Частковая рэканструкцыя магчымагавыгляду інтэр’ера прахадной келлі корпуса «Г»
(зараз тут на І паверсе кафедра ўсеагульнай гісторыі).

Рэканструкцыя Аляксандра Салаўёва

Аповяды старых муроў - Рэканструкцыя калідора корпуса А

Частковая рэканструкцыя магчымага выгляду інтэр’ера заходняй часткі калідора корпуса «А» сярэдзіны XVIII - пачатку ХІХ стст.
(зараз тут на І паверсе галоўны ўваход, вахта і пераход у корпус «Д»).

Рэканструкцыя Аляксандра Салаўёва

Тэма 2: Будынкі ў перыяд 1831 - 1914 гг.

4 вітрына ўтрымлівае цэглу, пліткі падлогі , абломкі унітаза, што засталіся ад кадэтаў. Астатнюю плошчу занялі фотаздымкі з выявамі пераробак сцен, падлогі, крокваў гарышча.

Выстава «Аповяды старых муроў» - Каляровая падлогавая плітка

Каляровая падлогавая плітка пачатку ХХ ст.
Фота Аляксандра Салаўёва

Выстава «Аповяды старых муроў» - Будаўнічая метка на крокве

Адна з будаўнічых метак на крокве 1831г.
Фота Аляксандра Салаўёва

5 вітрына змяшчае знаходкі фрагментаў вучэбных і побытавых прадметаў, абрыўкі паперы, абломкі посуду і драўлянай тары. На фотаздымках цэлыя паперы і рэчы, знойдзеныя на паверхах і гарышчы карпусоў.

Выстава «Аповяды старых муроў» - Звальняльны квіток кадэта

Звальняльны квіток кадэта.
Фота Аляксандра Салаўёва

Арганізатар выставы «Аповяды старых муроў» выказвае вялікую падзяку Левіну Вілену Сясёнавічу, прарэктару па па рамонту і капітальнаму будаўніцтву і добраўладкаванню ПДУ за садзейнічанне ў вывучэнні карпусоў калегіўма.

Помніте другі многія годы
Мощныя стЪны белыя своды
Давніхъ деяній славу былую
Древніхъ преданий тьму вЪковую

Будьте достойны прадедовъ славы,
Чтоб отъ стыда не пониклі ихъ главы
Полотску будьте родныя сыны,
Не посрамите любимой страны.

Аляксандр Салаўёў