Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

Дзмітрый Мікалаевіч ЛазоўскіПолацкі дзяржаўны ўніверсітэт – годны пераемнік слаўных адукацыйных традыцыяў Полацкай зямлі, з якой звязаныя імёны выбітных беларускіх асветнікаў – Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага. Тут бярэ свой пачатак універсітэцкая адукацыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Гісторыя Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўвабрала ў сябе не толькі дасягненні вялікіх продкаў, але і багаты паўвекавы ўласны досвед дзейнасці ў сферы адукацыі і навукі. ПДУ развіваецца як класічная вышэйшая навучальная ўстанова еўрапейскага тыпу, якая спалучае фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, гуманітарныя і тэхнічныя навукі, павагу да нацыянальных традыцыяў і арыентацыю на лепшыя ўзоры сусветнай культуры, адданасць справе служэння грамадству і імкненне да асабістага самаўдасканалення.

З’яўляючыся інтэлектуальным ядром буйнога прамысловага цэнтра, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт валодае ўнікальнай магчымасцю максімальна інтэграваць адукацыйную, навуковую і інавацыйную дзейнасць з патрэбамі рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. У цеснай сувязі адукацыі, навукі і практыкі былі і застаюцца сіла і перавага як універсітэта, гэтак і яго выпускнікоў.

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт ужо паспеў зарэкамендаваць сябе на міжнароднай арэне як моцны і надзейны партнёр. Сёння перад нашай ВНУ стаіць задача стаць арганічнай і дзейснай часткай міжнароднага адукацыйнага, навуковага і інфармацыйнага асяроддзя. Супрацоўніцтва зробіць усіх нас больш паспяховымі, а свет, у якім мы жывем, – лепшым!

Дзмітрый Мікалаевіч Лазоўскі,
рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта