etnogr eksped zastavka

Друйск на Браслаўшчыне - месца этнаграфічнай практыкі 2021
Штогод студэнты і выкладчыкі гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта выпраўляюцца ў этнаграфічную экспедыцыю па Паўночнай Беларусі. Як правіла, этнаграфічныя даследаванні ладзяцца ў рамках археолага-этнаграфічнай практыкі студэнтаў-гісторыкаў гуманітарнага факультэта і цягнуцца да трох тыдняў. Такія даследаванні, іх фармат і асаблівасці з’яўляюцца ўнікальнымі сярод беларускіх ВНУ. У гэтым годзе ў якасці месца для правядзення практыкі быў выбраны поўнач Браслаўшчыны – вельмі адметны ў этнакультурным плане рэгіён. Яго ўнікальнасць вынікае не толькі з спецыфічнага прыроднага ландшафту Браслаўшчыны, але і з яго памежнага статуса (раён мяжуе з Літвой і Латвіяй). Разам з тым, у рэгіёне здаўна пражываюць яўрэі, стараверы, татары і цыганы. Усё гэта паўплывала на фарміраванне ўнікальнага этнакультурнага ландшафту Браслашчыны, даследаваннем якога і занялася экспедыцыя ПДУ.
Выбар месца даследавання быў абумоўлены яшчэ адной важнай акалічнасцю. Нягледзячы на тое, што першыя палявыя этнаграфічныя даследаванні Браслаўшчыны выкладчыкамі ПДУ адбыліся на пачатку 1990-х, далейшае вывучэнне рэгіёна было даволі фрагментарным. І фактычна да 2021 г. на тэрыторыі раёна не было комплексных этнаграфічных даследаванняў. Усё гэта і паўплывала на выбар месца для экспедыцыі.
etnogr eksped 2 etnogr eksped 3

Палявы лагер (фота 1). Студэнты-гісторыкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (фота 2)
Месцам для палявога лагеру ў гэтым годзе быў абраны бераг возера Друйка каля вёсак Друйск і Лугі. Палявы фармат арганізацыі лагера прыйшоўся да спадобы студэнтам. А таму да этнаграфічнай экспедыцыі імкнуцца далучыцца таксама студэнты старэйшых курсаў і магістранты гуманітарнага факультэта ПДУ. У ходзе экспедыцыі яны не толькі збіраюць унікальны матэрыял для сваіх курсавых работ і навуковых прац, але і адпачываюць у прыгожым месцы.

Архітэктура рэгіёна
22 33
Даследаванні выкладчыкаў і студэнтаў ПДУ у рамках экспедыцыі заўсёды носяць комплексны характар. Іх аб’ектамі з’яўляецца ўвесь аб’ём традыцыйнай культуры рэгіёна (ад народнай драўлянай архітэктуры да песень, легендаў і паданняў). Спецыфіка гэтай экспедыцыі вынікала яшчэ і ў зборы матэрыялаў па культуры этнічных груп, якія пражывалі на тэрыторыі раёна. Таксама ў ходзе даследаванняў выкладчыкі і студэнты не абмінаюць тэматыку Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага аднаўлення. Запісы ўспамінаў аб ліхалеццях вайны, лёсах людзей у яе часы і цяжкіх выпрабаваннях у пасляваенны перыяд з’яўляюцца важнай часткай даследаванняў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У гэтым годзе ў ходзе этнаграфічнай экспедыцыі на Браслаўшчыну быў сабраны багаты фальклорна-этнаграфічны матэрыял. Ён стане асновай для новых навуковых прац і студэнцкіх работ.
etnogr eksped 6 etnogr eksped 7

Краявіды Браслаўшчыны

У.Я.Аўсейчык, дацент кафедры гісторыі і турызму