6-10 лістапада 2019 года фальклорны гурт «Варган» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта прыняў удзел у XIV міжнародным фальклорным фестывалі «Pokrovskije kolokola», які праходзіў ў сталіцы Літвы, Вільнюсе.


Афіша фестывалю

Фестываль «Pokrovskije kolokola» праводзіцца з 2004 года і з’яўляецца адным з буйнейшых і найбольш прэстыжных фестываляў Літвы. Стаць яго удзельнікам не проста: замежныя калектывы адбірае спецыяльнае міжнароднае журы. Арганізатары ставяць перад выканаўцамі высокую планку прафесіяналізма, запрашаюць толькі сапраўдных носьбітаў і захавальнікаў нацыянальных традыцый.

У гэтым годзе фэстываль прымаў гасцей з адзінацаці краін: Літвы, Латвіі, Эстоніі, Нарвегіі, Іспаніі, Грузіі, Сербіі, Польшчы, Украіны, Беларусі, Расіі. Мерапрыемствы праходзілі ў лепшых канцэртных залах Вільнюса: Вільнюскім палацы кангрэсаў, Музеі мастацтва і дызайну, Касцёле св. Катрыны, Вільнюскай ратушы, Вільнюскім Успенскім кафедральным саборы.

На адкрыцці фестываля, якое праходзіла ў Вільнюскім палацы кангрэсаў, была прадстаўлена прэм’ера музычнай містэрыі літоўскага кампазітара Лайміса Вілкончуса «Скварцова абедня». Выканаўцы – Літоўскі камерны аркестр і гаспадары фестываля – вільнюскі рускі фальклорны ансамбль «Арынушка» (кіраўнікі – Ірэна і Мікалай Захаравы). У кампазіцыі прагучалі вершы літоўскага паэта Сігітаса Гяды і аўтэнтычныя спевы розных народаў.

Адкрыццё фестываля

Другое аддзяленне канцэрта было прысвечана прэзентацыі ўдзельнікаў фестываля. Полацкі фальклорны гурт «Варган» выйшаў на сцэну разам з лепшымі універсітэцкімі фальклорнымі калектывамі Расіі і Украіны. Рассійскую Федэрацыю прадставілі:

  • фальклорны ансамбль Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава;
  • фальклорны ансамбль Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага;
  • фальклорны ансамбль «Истоки» Петразаводскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. А.К. Глазунова.

Украінскую спеўную традыцыю прэзентаваў фальклорны ансамбль «Многая лета» Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры.

«Варган» на адкрыцці фестываля «Pokrovskije kolokola»

Карыснай і пазнавальнай для ўдзельнікаў і гасцей фестываля стала «Лабараторыя традыцыйнага спеву», у межах якой прайшлі майстар-класы сусветна вядомых спецыялістаў у галіне традыцыйнай музыкі. З лекцыямі і майстар-класамі выступілі:

  • Наталля Мікалаеўна Гілярава, кіраўнік Навуковага цэнтра народнай музыкі Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі;
  • Святлана Юр’еўна Уласава, дацэнт РАМ імя Гнесіных, кіраўнік ансамбля рускай традыцыйнай музыкі «Ромода» і фальклорнага ансамбля РАМ імя Гнесіных;
  • Галіна Уладзіміраўна Лабкова, загадчыца кафедры этнамузыкалогіі Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі;
  • Святлана Юр'еўна Нікалаева, дацэнт кафедры музыкі фіна-ўгорскіх народаў Петразаводскай дзяржаўнай кансерваторыі, мастацкі кіраўнік фальклорнага ансамбля кансерваторыі;
  • Ганна Карапнічэнка, старшы выкладчык кафедры народна-песеннага выканальніцтва Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кіраўнік ансамбля «Многая лета»;
  • Ріціс Амбразявічус, прафесар Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра, кіраўнік фальклорнага ансамбля «Intakas».

У ходзе майстар-класаў удзельники пазнаемилися з асаблівасцямі асваення народных музычных традыцый розных рэгіёнаў, метадамі працы са студэнцкімі фальклорнымі калектывамі.

Майстар-клас Галіны Уладзіміраўны Лабковай

Беларускую фальклорную традыцыю на майстар-класе прадставілі Вольга Емяльянчык і Сяргей Выскарка. Вольга Антонаўна – дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кіраўнік фальклорнага гурта «Варган» ­– распавяла пра архаічныя формы шматгалосся ў беларускіх абрадавых спевах. Сяргей Георгіевіч – кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля «Верабейкі» Любанскага раённага цэнтра культуры – правёў у Вільнюсе майстар-клас, прысвечаны асаблівасцям традыцыйнага народнага танца беларусаў (па экспедыцыйных матэрыялах Любанскага раёна Мінскай вобласці). Дапамогу ў правядзенні майстар-класаў аказалі вакалісты і музыканты гурта «Варган».

Майстар клас па традыцыйнаму беларускаму танцу

8 лістапада на базе гістарычнага факультэта Вільнюскага ўніверсітэта прашоў круглы стол «Фальклор у сучасным свеце: пытанні педагогікі, выканальніцтва, вынікі палявых даследаванняў». Удзельнікі працягнулі абмеркаванне актуальных праблем захавання і папулярызацыі аўтэнтычных форм фальклорнага мастацтва, перспектыў далейшага развіцця традыцыйнай музыкі ва ўмовах сучаснай цывілізацыі.

Варган на канцэрце «Унікальные традыцыі»

На канцэрце ў касцёле Святой Катрыны

Варган на канцэрце ў Вільнюскай ратушы

Гурт Варган рыхтуецца да выступу

Удзельнікі гурта «Варган» спяваюць ва Ўспенскім кафедральным саборы

«Удзел у фестывалі стаў для нас сапраўдным экзаменам, – адзначае Вольга Антонаўна Емельянчык. Ён падарыў нам шмат новых карысных ведаў і добрых сяброў, а таксама стаў стымулам да далейшага развіцця і ўдасканалення».

Гурт «Варган» выказвае шчырую падзяку арганізатарам фестываля – Ірэне і Мікалаю Захаравым – за ўнікальны вопыт і знаёмства з фальклорнымі калектывамі вышэйшага прафесійнага ўзроўню, стварэнне атмасферы сяброўства і ўзаемнай павагі да музыкальных фальклорных традыцый розных народаў.

Асаблівая удзячнасць – Сяргею Георгіевічу Выскварку, які рэкамендаваў полацкі фальклорны гурт «Варган» для ўдзелу ў фестывалі, і штодзённа радаваў музыкантаў сваёй прысутнасцю, мудрымі парадамі і вясёлымі жартамі.

Падзяка гурту «Варган» за ўдзел у фестывалі


Дацэнт кафедры гісторыі і турызму, кіраўнік фальклорнай групы «Варган» В.А. Емяльянчык


 

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie