28 лютага 2013 года ў інтэрнаце №3 Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта распачала работу выстава «Сучасная фотаілюстрацыя твораў Якуба Коласа», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Арганізатарамі выставы выступілі «Школа лідара» УА «ПДУ», клуб эстэтычнага развіцця «Орифламма» УА «ПДУ», Клуб сяброў Культуры «Вытокi» пры бібліятэцы імя Якуба Коласа, фотаклуб «Graphclassic» і актыў інтэрната №3.

Раней гэтая выстава ўжо ладзiлася да юбілея паэта ў бібліятэцы імя Я.Коласа г.Наваполацка і ў выставачнай зале навуковай бібліятэкі нашага ўніверсітэта. Цяпер з нагоды міжнароднага дня роднай мовы яна адкрылася і ў інтэрнаце №3.
Міжнародны дзень роднай мовы традыцыйна адзначаецца 21 лютага. Свята, заснаванае Генеральнай асамблеяй ААН у лістападзе 1999 года, заклікае садзейнічаць справе абароны і захавання ўсіх моў народаў свету. Беларусь, як адна з дзяржаў-заснавальнікаў ААН, актыўна падтрымлівае гэтую традыцыю.
Мы ганарымся прыгажосцю сваёй сінявокай краіны. Але кажучы пра прыгажосць прыроды, трэба казаць і пра сакавітасць, мілагучнасць нашай беларускай мовы. Кожная мова мае нешта цікавае, але той мілагучнасці, якая ёсць у мове роднага краю, мы нідзе не пачуем.
На мерапрыемстве, якое называлася «Чытаем па-беларуску», студэнты чыталі вершы Якуба Коласа.
Многа слаўненькіх куточкаў
Ёсць у нашым краі,
Дзе пад гоман ручаёчкаў,
Пад шум дрэў у гаі
Рой журботных дум пакінеш;
Дзе няма трывогі,
Дзе душою адпачынеш,
Змучаны з дарогі;
Дзе прыемны ветрык млее,
Збажыну калыша,
Дзе пакоем-згодай вее,
Дзе ўсё шчасцем дыша.

«Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне…»
Вобраз бабулі, з верша Я.Коласа «Бабулін дзень», якая ад самага рання пякла смачныя блінцы, дапамог усім дакрануцца да самых прыемных момантаў свайго дзяцінства.

«…Эх, час касьбы, вяселы час!» – такімі словамі Віталь Зазуля ўспомніў гарачыя вясковыя дзянькі лета, калі надосвітку выходзіў на сенакос.

Родная мова - гэта адначасова і культура, і вобраз думак. Разнастайнасць моў з'яўляецца вялізным здабыткам усёй чалавечай спадчыны, а іх прызнанне і павага з'яўляецца ключом да захавання свету.

Щурпіцкая Таццяна, стараста «Школы лідара», гр. 09-ПР-3