Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай імкнецца захаваць багатую гістарычную і культурную спадчыну, без якой немагчыма ўявіць выяву нашага народа і краіны. Яшчэ ў пачатку XXI ст. Полацкі ўніверсітэт узяў курс на пашырэнне сваіх магчымасцей і аднаўленне значных гістарычных аб'ектаў. Першым паспяховым праектам стаў Полацкі калегіум – сімвал даўніх адукацыйных традыцый і месца, якое стагоддзямі выхоўвала будучую эліту дзяржавы. Ужо ў 2024 годзе можна ўпэўнена казаць пра завяршэнне новага праекту – Дома афіцэраў у Полацку!
Важна адзначыць, што будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі стала часткай вялікага плана па мадэрнізацыі гарадской прасторы. План быў распрацаваны ў 1936 годзе групай менскіх архітэктараў і інжынераў «Белдзяржпраекта» з улікам прапаноў гарадскіх уладаў. Праект быў зацверджаны навукова-тэхнічнай радай Народнага камісарыята камунальнай гаспадаркі БССР і прыняты замоўцам – Полацкай гарадской радай.
Будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі было зацверджана 19 студзеня 1936 года ў рамках Плана сацыялістычнай рэканструкцыі горада Полацка. Згодна з данымі матэрыялаў фонду Полацкага акруговага выканаўчага камітэта на пасяджэнні прэзідыума Полацкага гарсавета 19 сакавіка 1937 года слухалі заяву Упраўлення ваенна-будаўнічых работ № 51 аб адводзе зямельнага ўчастка для будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі. У 1940 годзе полацкі Дом Чырвонай Арміі быў здадзены ў эксплуатацыю і паступіў ва ўпраўленне палітаддзела часцей полацкага гарнізона. Агульная плошча будынка склала 4308,3 кв.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў перыяд нямецкай акупацыі горада Полацка (ліпень 1941 – ліпень 1944 гг.) у будынку Дома Чырвонай Арміі ў розны час размяшчаліся: нямецкая воінская часць, ваенны шпіталь, камендатура і іншыя адміністрацыйныя органы і службы акупацыйных улад.
Дом Чырвонай Арміі 1942г. (фота 1) Нямецкія салдаты каля Дома Чырвонай Арміі 1941-1942 гг. (фота 2) Фота: фонды НПГКМЗ
Пры вызваленні Полацка ў ліпені 1944 года будынак моцна пацярпеў, яго разбурэнні складалі да 70% – унутраная частка была практычна поўнасцю знішчана пажарам. Паводле звестак «Дакладной запіскі аб разбурэннях і злачынствах, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў горадзе Полацку і раёнах Полацкай вобласці» Дом Чырвонай Арміі ў ліку многіх значных аб'ектаў горада быў спалены акупантамі пры адступленні.
Вялікая зала Дома Чырвонай Арміі 1944г. фота з альбома разбурэнняў Дзярж.а.Р.Ф. Фонд Р-7021 Оп. 128, 151(фота 1) Паўзруйнаваны будынак Дома афіцэраў 1947г. фота: фонды НПГКМЗ(фота 2)
На першым пасля вызвалення горада пасяджэнні выканкама Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных 29 ліпеня 1944 года разглядалася пытанне аб аднаўленні камунальных аб'ектаў, якія мелі першачарговае значэнне для гараджан, у жніўні-верасні 1944 гады на паседжаннях выканкама заслухоўваліся пытанні аб мабілізацыі працоўнай сілы для ўзнаўлення прамысловых прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і культуры. Дом Чырвонай Арміі быў у іх ліку.
Усё працаздольнае насельніцтва горада прыцягвалася на работы па разборы завалаў, прывядзенні ў парадак тратуараў і дарожнага пакрыцця, пасадцы дрэў і не толькі. Пасля перайменавання ў Дом афіцэраў аб'ект быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1947 годзе, паступіўшы ў падпарадкаванне палітупраўленню акругі.
На працягу многіх гадоў Дом афіцэраў з'яўляўся адным з важнейшых культурных цэнтраў горада Полацка, тут праходзілі шматлікія гарадскія мерапрыемствы.
Петрусь Броўка падпісвае кнігу ў дзень святкавання 450-годдзя беларускага кнігадрукавання 1967г. (фота 1) Урачысты сход у дзень святкавання 450-годдзя беларускага кнігадрукавання 1967г. (фота 2) Фота: фонды НПГКМЗ
Далейшая гісторыя будынка шмат у чым звязана з нашым універсітэтам. 21 красавіка 2021 г. Дом афіцэраў перададзены з раённай формы ўласнасці ў рэспубліканскую на баланс Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. З гэтага моманту пачалася праца над ідэяй аднаўлення аб'екта, якая патрабавала ўважлівай падрыхтоўкі і ўвагі да дэталяў. Для гэтага яшчэ ў 2022 годзе па заказе ўніверсітэта Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік ажыццявіў Гісторыка-бібліяграфічныя і натурныя даследаванні аб'екта, якія дазволілі лепш зразумець гістарычную значнасць аб'екта, а таксама ацаніць маючы адбыцца маштаб работ.
Ужо ў чэрвені 2023 года пачаліся работы па рэканструкцыі помніка архітэктуры. Падраднай арганізацыяй па выкананні работ выступіла прыватнае гандлёва-унітарнае прадпрыемства «Гравеліт». Найважнейшым прынцыпам працы над Домам афіцэраў з'яўлялася захаванне аўтэнтычнасці будынка і ліквідацыя аварыйных участкаў. У чэрвені 2024 года работы па аднаўленні будынка падышлі да канца.
Сёння Дом афіцэраў становіцца адным з карпусоў Полацкага ўніверсітэта, які, па аналогіі з іншымі карпусамі, будзе мець якаснае афармленне і абсталяванне. У сценах Дома афіцэраў размесціцца ваенная кафедра Полацкага ўніверсітэта, што стане своеасаблівым вяртаннем да вытокаў будынка. Падобна мінуламу прызначэнню пабудовы, у якасці корпуса ўніверсітэта, Дом афіцэраў стане важным аб'ектам для развіцця адукацыі і культуры рэгіёна. Ужо 27 чэрвеня сцены Дома афіцэраў будуць прымаць першых ганаровых гасцей – удзельнікаў XI форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У зале пасяджэнняў новай пляцоўкі ўніверсітэта будзе працаваць секцыя «Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў інавацыйнай сферы ў міжнародным кантэксце».
Завяршэнне рэканструкцыі Дома афіцэраў стала магчымым у тым ліку дзякуючы неверагодным намаганням і адданасці нашых супрацоўнікаў і студэнтаў. Работнікі ўніверсітэта, дызайнеры, курсанты ваеннай кафедры працавалі, каб прывесці будынак у стан, які адпавядае высокім стандартам якасці. Пачынаючы з уборкі тэрыторыі на суботніках і заканчваючы распрацоўкай канцэпцыі, кожны ўнёс свой значны ўклад. Рэканструкцыя корпуса ажыццёўлена з асаблівай увагай да патрэб нашых студэнтаў і выкладчыкаў.
Праз стагоддзі, ахутаны атмасферай адукацыі і культуры, Дом афіцэраў стане новай кропкай росту для студэнтаў і гасцей Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай!
Дзякуем за прадстаўленыя матэрыялы Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік




