26 жніўня ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай адбыўся Дзень маладога спецыяліста. У гэтым годзе калектыў папоўнілі рэкордныя 29 новых супрацоўнікаў.
Першае месца працы часта вызначае вектар прафесійнага развіцця на гады наперад. Менавіта якасная адаптацыя у першыя месяцы дазваляе супрацоўніку хутчэй раскрыць свой патэнцыял, знізіць узровень стрэсу і адчуць упэўненасць у сваіх сілах.
Для Полацкага ўніверсітэта важна, каб учорашнія выпускнікі сталі паўнавартаснымі ўдзельнікамі акадэмічнай супольнасці. Адкрыты дыялог з кіраўніцтвам, веданне гісторыі і структуры навучальнай установы, а таксама інстытут настаўніцтва – гэта фундамент, на якім будуецца лаяльнасць і прафесійнае даўгалецце. Калі малады спецыяліст ведае, да каго звярнуцца па параду, разумее місію ўніверсітэта і бачыць у кіраўніцтве старэйшых калег і партнёраў, праца ператвараецца ў прастору для творчасці.
Для знаёмства з гісторыяй універсітэта маладыя спецыялісты наведалі Музей навукі і асветы Полаччыны. Экскурсію для іх правёў спецыяліст навуковай бібліятэкі Павел Іванавіч Мішын, пагрузіўшы калег у хроніку асаблівых для alma mater падзей.
Адным з найбольш эмацыйных момантаў стала ўрачыстае ўручэнне маладым спецыялістам значкоў з эмблемай універсітэта. Гэты невялікі, але значны аксэсуар з'яўляецца сімвалам прыналежнасці да вялікай і згуртаванай універсітэцкай сям'і.
Са словамі на дарогу да новых супрацоўнікаў звярнуліся кіраўнікі падраздзяленняў і прарэктары:
Аксана Валер'еўна Голубева, першы прарэктар Полацкага ўніверсітэта: «Дарагія маладыя спецыялісты! Віншую вас з уступленнем у нашу акадэмічную супольнасць – вялікую сям'ю Полацкага ўніверсітэта. Кожны з вас зрабіў важны і, галоўнае, дакладны выбар, даверыўшы нам старт сваёй кар'еры. Са свайго боку мы зробім усё магчымае, каб вашая адаптацыя прайшла максімальна паспяхова і лёгка. Мы прыкладзем усе намаганні, каб ваш прафесійны шлях быў яркім, карысным і прадуктыўным».
Вольга Міхайлаўна Ларыёнава, начальнік спартыўнага клуба: «Вельмі прыемна бачыць маладых і актыўных спецыялістаў. Наш універсітэт – гэта вялікая і дружная сям'я, і вы зрабілі слушны выбар. Мы надаем увагу не толькі навуцы, інтэлектуальнаму развіццю і творчасці, але і актыўна развіваем спорт. Мы ганарымся тым, што кіраўніцтва ўніверсітэта і нашы падраздзяленні арганізуюць масу спартыўных мерапрыемстваў, да якіх ахвотна далучаюцца і студэнты, і супрацоўнікі. Асобная удзячнасць Наталлі Віктараўне Харлашовай: кожная падзея праходзіць пры падтрымцы прафкама работнікаў, і кожны ўдзельнік абавязкова атрымлівае прыз.
Мы імкнемся рабіць жыццё калектыва насычаным і разнастайным. Напрыклад, наш маштабны фэст «Зімовыя вакацыі» для супрацоўнікаў праводзіўся ўжо 12 разоў, і мы кожны год абнаўляем праграму. Мы таксама паспяхова выступаем на гарадскіх спартакіядах, стабільна займаючы прызавыя месцы. Для маладых супрацоўнікаў у нас створаны выдатныя перспектывы, таму я заклікаю вас развівацца і займацца спортам – гэта выдатны інструмент выхавання характару, які дапаможа пераадольваць любыя прафесійныя цяжкасці. Сардэчна запрашаем у каманду!»
Аксана Георгіеўна Крупнова, начальнік аддзела кар'еры: «Калегі, віншую вас з тым, што вы сталі часткай нашага ўніверсітэта, і жадаю вам паспяховай адаптацыі. Няма ніякіх сумневаў у тым, што ваш прафесійны шлях пачнецца лёгка і ўпэўнена. Няхай вашыя ідэі, творчыя пачынанні і навуковыя даследаванні стануць падмуркам для новых дасягненняў нашага ўніверсітэта. Мы ўжо вас любім і спадзяемся, што гэта будзе ўзаемна, і вы станеце цудоўнай часткай нашай сям'і».
Завяршыўся дзень інтэлектуальна-музычным квізам «Універсітэт вялікіх магчымасцяў». У гульнявым фармаце калегі лепш пазналі адзін аднаго, пагутарылі ў нефармальнай абстаноўцы, а таксама праверылі кемлівасць і згуртаванасць.
Віншуем маладых спецыялістаў з далучэннем да калектыву Полацкага ўніверсітэта! Жадаем прафесійнага росту, невычэрпнага энтузіязму і вялікіх поспехаў.










