5 чэрвеня Полацкая зямля адзначае Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай – манашкі, ігуменні манастыра Святога Спаса, паломніцы, кананізаванай святой, асветніцы і мецэнаткі. Гэты год стаў асаблівым для духоўнага жыцця Полаччыны, дзе святкуецца 900-годдзе галоўнай Полацкай абіцелі – Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.
Па традыцыі святочны дзень пачаўся ў Сафійскім саборы, дзе прайшло богаслужэнне з удзелам біскупа Полацкага і Глыбоцкага Ігната..
Важнай падзеяй для ўсіх жыхароў і гасцей Полаччыны стаў хрэсны ход, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі раёна і ўстаноў. У ліку ўдзельнікаў – прадстаўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай на чале з рэктарам Юрыем Яцэнтавічам Раманоўскім. У гэты ж дзень у Полацкім манастыры сустрэлі Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, пасля чаго ў Крыжа-Узвіжанскім саборы адбылася Боская літургія.
Полацкі ўніверсітэт з'яўляецца надзейным партнёрам Полацкай епархіі ў справе захавання і папулярызацыі духоўнай і культурнай спадчыны Беларусі. Яскравым прыкладам падтрымкі ўніверсітэта стала правядзенне міжнароднай канферэнцыі, прымеркаванай да 900-годдзя Полацкага жаночага манастыра, пляцоўкай для якой выступілі карпусы Полацкага ўніверсітэта.
Немалаважнай падзеяй для духоўнага і культурнага жыцця горада стала адкрыццё фестывалю «Радасць», які ўжо сёння пачаў сваю працу. Фестываль «Радасць» праводзіцца ў Полацку па ініцыятыве сясцёр-манашак Свята-Елісавецінскага манастыра ў горадзе Мінску і благаслаўленню біскупа Полацкага і Глыбоцкага Ігната.
Фестываль прымае гасцей 4 разы на год: двойчы ў манастыры і двойчы ў гарадах Беларусі. Усіх удзельнікаў чакаюць асаблівыя тавары: манастырская выпечка і напоі, унікальныя травяныя зборы і лекавыя сродкі, посуд ручной работы, адзенне, рэлігійная літаратура і многае іншае. Для дзяцей і дарослых на пляцоўцы фестывалю арганізаваны дзесяткі майстар-класаў па розных напрамках, батлейка і гутаркі са свяшчэннікамі і экспертамі. Асаблівым фестываль робіць і ўдзел гасцей з Палестыны, Сербіі, Сірыі, Расіі і Малдовы.
Полацкі ўніверсітэт шануе памяць і ўклад святой Еўфрасінні ў развіццё культуры і адукацыі Беларусі і імкнецца памнажаць спадчыну Прападобнай!






