1 верасня студэнцкую сям'ю Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай папоўнілі каля тысячы першакурснікаў. Зусім хутка гэтыя сцены стануць для іх другім домам, але чым запомніўся сённяшні дзень?

Святочны канцэрт

Святочны канцэрт

На урачыстых сходах па факультэтах учорашнія абітурыенты ўпершыню адчулі сябе паўнапраўнымі членамі універсітэцкай супольнасці. Дэканы асабіста ўручылі першакурснікам запаветныя студэнцкія білеты, а вось звыклыя папяровыя залікоўкі адышлі ў мінулае, уступіўшы месца лічбаваму фармату. Інавацыі – гэта тое, што адрознівае сучасны ўніверсітэт, і нашы студэнты асвойваюць іх з першага дня.

Уручэнне студэнцкіх білетаў першакурснікам

Самай яскравай часткай дня стала «Прысвячэнне ў студэнты». У канцэртнай зале першакурснікаў прывітаў рэктар Полацкага ўніверсітэта Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі: «Універсітэт дае найшырэйшыя магчымасці для таго, каб вы змаглі сябе знайсці ў творчасці, спорце, вучобе, навуцы. Абавязкова скарыстайцеся імі: запісвайцеся ў спартыўныя секцыі, танцавальныя, вакальныя студыі або студыю вядучых «Канферанс». Станавіцеся байцамі студэнцкіх атрадаў, спрабуйце свае сілы ў навуцы і, вядома, не забывайце пра вучэбныя заняткі. Выкарыстоўвайце кожную лекцыю не толькі для атрымання ведаў, але і для трэніроўкі інтэлекту, фарміравання крытычнага і крэатыўнага мыслення. Імкнецеся да таго, каб не баяцца брацца за самыя складаныя задачы – нават тыя, з якімі пакуль не спраўляецца штучны інтэлект.

Я ўпэўнены, што ў вас усё атрымаецца. Каманда старшакурснікаў, якая будзе суправаджаць вас на гэтым шляху, а таксама нашыя выкладчыкі і супрацоўнікі заўсёды дапамогуць вам выявіць і рэалізаваць ваш патэнцыял. У добры шлях!»

Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі

Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі

На сцэне прайшла традыцыйная цырымонія: рэктар уручыў першакурснікам сімвалічны Ключ ведаў, а каб энергія і імкненне да адкрыццяў не згасалі на працягу ўсіх гадоў навучання, старшакурснік перадаў новым студэнтам Агонь ведаў.

Перадача сімвалічных Ключа і Агню ведаў

Першакурснікі далі клятву, абяцаючы быць адданымі свайму ўніверсітэту, імкнуцца да ведаў і любіць Беларусь. Цырымонія завяршылася выкананнем гімну ўсіх студэнтаў.

Творчыя нумары студэнтаў

Андрэй Уладзіміравіч Адзіночкін, намеснік старшыні Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта: «Наш універсітэт – гэта вялікі шматнацыянальны калектыў. У ходзе навучання вы пабудуеце найважнейшыя сувязі. Сёння тут сядзяць, магчыма, будучыя супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў, кіраўнікі найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў – не толькі ў нашай краіне, але і ў Расійскай Федэрацыі, і ў іншых краінах. Тут будучыя знакамітыя юрысты і дыпламаты. Паверце, гэта вельмi важна. Апроч ведаў і прафесійных навыкаў, якія вам дадуць нашы выкладчыкі найвышэйшага ўзроўню, вы здабудзеце галоўнае – студэнцкае брацтва, якое згуртуе вас з першых дзён.

Звярніце ўвагу на Наваполацк. Гэта цікавы, крэатыўны і малады горад. Дарэчы, горад з самай высокай заработнай платай у Віцебскай вобласці. І калі ў вашым сэрцы нешта ёкне, і вы зразумееце: «Я закахаўся ў Наваполацк!», – заставайцеся тут. Будуйце жыллё, стварайце сем'і, працуйце на карысць нашай роднай Беларусі і гораду, які стаў амаль родным. Мы будзем рады бачыць вас у нашай наваполацкай сям'і ўжо ў якасці высакакласных спецыялістаў пасля навучання ў нашым універсітэце.

Жадаю вам поспехаў! Няхай усё задуманае атрымліваецца. Вы дасягнулі мэты – паступілі ва ўніверсітэт. Цяпер стаўце новую: атрымаць прафесію і стаць сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. У добры шлях!»

Андрэй Уладзіміравіч Адзіночкін

Андрэй Уладзіміравіч Адзіночкін

Атмасферу свята стварылі творчыя калектывы. На сцэне выступілі ўдзельнікі студый сучаснага танца «SJ Crew» і «ToryDance», салісты вакальных студый «Настроение» і «Inventa», а таксама байцы студэнцкіх атрадаў Полацкага ўніверсітэта.

Творчыя нумары студэнтаў

Дзень ведаў – гэты толькі пачатак. Наперадзе ў першакурснікаў насычаны «Тыдзень ведаў», які дапаможа ім лёгка адаптавацца да студэнцкага жыцця. Маладыя людзі пройдуць цырымонію «Рэктарскі ўваход», пазнаёмяцца ва ўніверсітэцкімі службамі і студэнцкімі аб'яднаннямі, цалкам увайдуць у структуру навучальнай установы.

Творчыя нумары студэнтаў

Сёння першакурснікі зрабілі свой першы крок ва ўніверсітэт, які шануе традыцыі, але заўсёды глядзіць у будучыню. Няхай гэтыя гады стануць часам смелых адкрыццяў, сапраўдных сяброў і першых сур'ёзных дасягненняў!

ФОТА