6 верасня на пляцоўцы Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску адбыўся «Фестываль навукі – 2025». У найбуйнейшай навукова-папулярнай падзеі прынялі ўдзел прадстаўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай.
Фестываль арганізаваны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі сёмы раз. Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі больш як 35 універсітэтаў, Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр і вядучыя прадпрыемствы Беларусі.
Наведвальнікаў чакалі навукова-папулярныя лекцыі, майстар-класы, выставы найноўшых распрацовак, а таксама забаўляльныя і інтэлектуальныя гульні. Маштабныя навуковыя шоу і яркія эксперыменты прадэманстравалі апошнія дасягненні ў галіне навукі і тэхналогій.
У рамках фестывалю прайшла выстава-конкурс «100 інавацый маладых навукоўцаў». Прадстаўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай паказалі навукова‑тэхнічныя рашэнні ў галіне нафтахіміі, будаўніцтва і інфармацыйных тэхналогій:
- Паліўныя брыкеты з нафтавага коксу, якія могуць выкарыстоўвацца як альтэрнатыўнае паліва ў прамысловасці і камунальна-бытавых патрэбах, асабліва ў рэгіёнах з абмежаваным доступам да прыроднага газу
- Ахоўны воск для аўтамабільных шын павышанай ходнасці, які ўласцівасцям адпавядае імпартным аналагам
- Вугляродныя сарбенты, прызначаныя для выкарыстання ў працэсах ачысткі водных і газавых асяроддзяў ад таксічных забруджванняў у якасці фільтраў для ўлоўлівання пары бензіну і іншых лёгкіх вуглевадародаў
- Экалагічна бяспечныя, рэсурсазберагальныя матэрыялы на аснове расліннай сыравіны, прызначаныя для ўзвядзення сцен і цеплаізаляцыі будынкаў
- Віртуальны трэнажор «Станцыя Тэхнічнага Абслугоўвання»
- Сістэма кіравання карпаратыўнай паркоўкай
На пляцоўцы Полацкага ўніверсітэта гасцям фестывалю прапаноўвалі прыняць удзел у майстар-класах, квізах і квэст-гульнях. У «Літэйцы» можна было паспрабаваць свае сілы ў ліцці гіпсавых формаў і стварэнні аб'ёмных фігурак. На майстар-класе «Кітайскае пісьмо» асвойвалі каліграфію пэндзлем і чарнілам пад кіраўніцтвам носьбітаў мовы, а ў майстар‑класе па фігурным выпальванні навучалі прамалёўваць узоры на дрэве пры дапамозе спецыяльных інструментаў.
Квест‑гульня «Ph і CSікі» правярала базавыя навыкі лічбавай пісьменнасці і кібербяспекі, у той час як настольная гульня «Шлях з варагаў у грэкі» прапаноўвала займальнае падарожжа ад Балтыйскага мора да Канстанцінопаля. Настольны квэст «Па слядах святой Еўфрасінні Полацкай»знаёміў з картай Полацка XII стагоддзя і ставіў перад гульцамі задачы для паломніцтва. У «Бітве перакладаў» удзельнікі адгадвалі пераклады фраз і літаратурныя шэдэўры, а сесія «Мой шлях у кар'еру» давала практычныя парады па прафесійным развіцці.
Для ўдзельнікаў пляцоўка фестывалю стала сапраўднай практычнай лабараторыяй, дзе можна было ўбачыць навуковыя распрацоўкі і самім правесці эксперыменты.







