Любоў да мовы, роднага краю, бацькаўшчыны прыходзіць праз веданне гісторыі, культуры, літаратуры, побыту мясцовасці. 500-годдзе беларускага кнігадрукавання значнае свята для Беларусі і асабліва для Полацка, у якім нарадзіўся беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар Францыск Скарына.

Адгрымеў салютамі святочны Полацк. Наш універсітэт таксама не абышоў увагай гэту знакавую дату. 4 верасня 2017 года ў выставачнай зале Навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта адкрылася выстава па выніках фотаконкурсу «Сфатаграфуйся са Скарынам», які быў аб’яўлены яшчэ вясной. Усім жадаючым прапаноўвалася даслаць свой арыгінальны тэматычны фотаздымак і даць яму назву.

На выставе: «Сфатаграфуйся са Скарынам»

Ініцыятарам конкурсу стала Навуковая бібліятэка ПДУ. Удзел у ім прынялі выкладчыкі і студэнты нашага ўніверсітэта, навапалачане, палачане і нават жыхары іншых гарадоў Беларусі.

Наведвальнiк выставы «Сфатаграфуйся са Скарынам»

Адкрыла выставу загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармавання карыстальнікаў Навуковай бібліятэкі Ірына Аляксандраўна Шупенька. Яна распавяла пра ідэю выставы, а таксама пра іншыя мерапрыемствы бібліятэкі, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадруку. Напрыклад, у маі прайшоў SkarynaVelaKvest. Студэнты нашага ўніверсітэта разам з супрацоўнікамі праехалі па мясцінах горада Полацка, звязаных з іменем Францыска Скарыны. Запамінальнай стала сустрэча з цудоўным чалавекам, вядомым скарыназнаўцам, культуролагам, кнігазнаўцам, намеснікам дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем Сушай, якая адбылася ў Полацкім калегіуме. З кніжнай выставай «Жыццё ў слове» можна азнаёміцца ў чытальнай зале (аўд. 68, 2 паверх). Усе гэтыя мерапрыемствы не толькі нагадваюць нам пра знакамітага земляка, але і даюць магчымасць паглядзець на Францыска Скарыну з розных бакоў. Нават праз столькі стагоддзяў першадрукар вучыць нас любіць родны край і сваю мову: будучы ў Празе ён не забываў пра родны Полацк і называў яго слаўным.

Адкрыццё выставы «Сфатаграфуйся са Скарынам»

Старшыня прафкама супрацоўнікаў ПДУ Святлана Іванаўна Піваварава падзякавала арганізатарам за магчымасць удзелу ў конкурсе, пажадала далейшых поспехаў і натхнення.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся выкладчыкі кафедры архітэктуры Сюзана Юр’еўна Сафонава і Аляксандр Сяргеевіч Зяноўеў. Сюзана Юр’еўна адзначыла фотаздымкі з найлепшай кампазіцыяй, а Аляксандр Сяргеевіч паведаміў усім прысутным пра тое, чаму Скарына выкарыстоўваў сонца і месяц на сваіх гравюрах.

Сюзана Юр’еўна Сафонава

Аляксандр Сяргеевіч Зяноўеў

Рэжысёр Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студэнцкага тэатра «Арт» Ганна Якаўлеўна Шэлепава адзначыла арыгінальнасць ідэі выставы і прывабнасць яе для студэнтаў, бо гэта насамрэч цікава і па-сучаснаму патрабуе творчага падыходу.

Ганна Якаўлеўна Шэлепава

Галоўнай інтрыгай конкурсу стала ўзнагароджанне пераможцаў.

Гран-пры атрымала Ірына Фруцкая з работай «Живет в веках огонь белорусского Прометея».

Журы ўзнагародзіла дыпломамі і прызначыла тры прызавых месцы:

1 месца – Таццяна Калінцава «Праз стагоддзі»;

2 месца – Ала Кучарава «Дзякуй за беларускую кнігу»; Вікторыя Кукліна «Акрыленыя сонцам Скарыны»

3 месца – Вольга Паўлава «Шляхамі Францыска Скарыны»; Іна Падоба «Вот такой памятник стоит в Праге»; Святлана Піваварава «Ожившая картина».

Пераможцы выставы «Сфатаграфуйся са Скарынам»

Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны фотаздымкі Ірыны Андрэевай «Соавторы: спасибо, Скорина», Алены Маславай «Натхнёная Францыскам Скарынам», Аксаны Шумілавай «Скарына на далонях», Марыны Рафеевай з Гомеля з фотаздымкам «Праздник, который всегда с тобой».

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі памятныя прызы.

Выстава працягнецца да канца верасня. Запрашаем!

Удзельнiкi выставы «Сфатаграфуйся са Скарынам»

Яўгенія Падцяроб, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармавання карыстальнікаў Навуковай бібліятэкі

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie