12-13 сакавіка 2020 г. у Мінску адбыўся І Рэспубліканскі краязнаўчы форум. Арганізатарам маштабнага навуковага і культурнага мерапрыемства выступіў Нацыянальны гістарычны музей пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і культуры Рэспублікі Беларусь. Пра актуальнасць краязнаўчага руху на сучасным этапе развіцця беларускага грамадства сведчыць колькасць удзельнікаў Форума – больш за 200 апантаных даследчыкаў гісторыі і культуры сваёй “малой радзімы” сабраліся ў сталіцы, каб падзяліцца вопытам уласных даследаванняў і абмеркаваць далейшыя перспектывы развіцця краязнаўства ў Беларусі.


І Рэспубліканскі краязнаўчы форум

Прыемна адзначыць, што дэлегацыя студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта была самай прадстаўнічай у параўнанні з іншымі рэгіянальнымі ВНУ краіны. У дадзеным выпадку размова ідзе не пра фармальную перавагу, але пра прызнанае лідарства ПДУ ў галіне гуманітарнага (этнаграфічнага, гістарычнага і археалагічнага) рэгіёназнаўства.

Дэлегацыя Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта

У сваіх дакладах полацкія студэнты і магістранты змястоўна распавялі пра ўласныя навуковыя даследаванні ў сферы вывучэння разнастайных аспектаў гістарычнага мінулага і этнакультурнай самабытнасці Беларускага Падзвіння. Выкладчыкі кафедры гісторыі і турызму Уладзімір Лобач і Алена Сумко распавялі прысутным пра 25-гадовы вопыт этнаграфічных экспедыцый Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і новыя напрамкі навуковай дзейнасці Цэнтра вуснай гісторыі і палявых даследаванняў ПДУ на сучасным этапе.

Даклад Алены Сумко

Спавешчанні і мультымедыйныя прэзентацыі студэнтаў-гісторыкаў Ганны Бабковай, Ірыны Бондар, Дзяніса Жукава, Юрыя Згірскага, Анастасіі Цыганковай, магістрантаў Паліны Шкляр і Сяргея Камінскага былі асобна адзначаны арганізатарамі Форума на заключным пасяджэнні, як высокі ўзор эфектыўнасці студэнцкай навукі ў справе краязнаўчага вывучэння Беларусі.

Прэзентацыя студэнткі-гісторыка ПДУ

Студенткі ПДУ на форуме

Усе даклады удзельнікаў будуць апублікаваныя ў зборніку матэрыялаў Форума, але галоўным вынікам праведзенага мерапрыемства стала рэзалюцыя аб неабходнасці стварэння Рэспубліканскага краязнаўчага таварыства, што надасць імпульс і скаардынуе працу даследнікаў гісторыі і культуры з розных куткоў Беларусі.

Матэрыялы форума


Уладзімір Лобач, прафесар кафедры гісторыі і турызму


 

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie