22 лістапада ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай адбыўся першы Віцебскі абласны форум профільных класаў інжынернай накіраванасці.
Такі форум праходзіць у Віцебскай вобласці ўпершыню. Арганізатарамі падзеі выступілі Полацкі ўніверсітэт сумесна з Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Кацярына Ігараўна Галяшова, прарэктар па вучэбнай рабоце: «Унікальнасць нашага форума заключаецца ў тым, што па накіраванні інжынерных класаў яшчэ не было падобных мерапрыемстве – мы з'яўляемся першаадкрывальнікамі ў гэтым кірунку. Паколькі летась на нашай пляцоўцы быў арганізаваны педагагічны форум, які ўжо некалькі гадоў запар праводзіцца на ўзроўні вобласці, было прынятае рашэнне аб тым, што і для інжынерных класаў таксама неабходна правесці мерапрыемства такога ўзроўню і маштабу.
У рамках форуму інжынерных класаў мы падрыхтавалі ўнікальную праграму па чатырох інжынерна-тэхнічных факультэтах. Кожны факультэт падрыхтаваў пяць майстар-класаў, квізаў, інтэрактываў і трэнажораў, якія могуць наведаць усе ўдзельнікі форуму».
Першыя інжынерныя класы пры падтрымцы Полацкага ўніверсітэта адкрыліся яшчэ ў 2023 годзе. Практыка ўзаемадзеяння з установамі сярэдняй адукацыі паказала станоўчыя вынікі і сёння ўніверсітэт ажыццяўляе падрыхтоўку да паступлення на інжынерныя спецыяльнасці навучэнцаў больш за 30 школ.
Маштабная падзея аб'яднала больш за 450 навучэнцаў профільных класаў інжынернай накіраванасці з усёй вобласці. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся рэктар Полацкага ўніверсітэта Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі. У рамках брыфінгу ён расказаў старшакласнікам пра асаблівасці будучай уступнай кампаніі 2026 года, акцэнтаваўшы ўвагу на магчымасцях, якія адкрываюцца перад выпускнікамі профільных інжынерных класаў. Урачыстая частка мерапрыемства завяршылася яркімі выступленнямі творчых калектываў універсітэта.
На форуме будучыя абітурыенты наведалі пляцоўкі інавацыйных прадпрыемстваў і арганізацый Віцебскай вобласці, сярод якіх прадпрыемствы «Нафтан», «Віцебскаблгаз», «Віцебскводаканал», «Аршанскі інструментальны завод», «Полацкі малочны камбінат», «Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый», «Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый», Праектны інстытут «Белгіпразем», ААТ Вістан, ТАА Рэзюкс, ГУП «Акссонсофт».
Асноўная частка форуму прысвечана практычным заняткам, дзе школьнікі прымералі на сябе ролю інжынераў, даследчыкаў і IT-спецыялістаў. Разам з выкладчыкамі ўніверсітэта ўдзельнікі вырашалі тэхналагічныя задачы, праводзілі эксперыменты і знаёміліся з працай абсталявання інавацыйных лабараторый.
Рэктар Полацкага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, настаўнік матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі правёў майстар-клас «Вырашаем ЦЭ/ЦТ на 100 балаў: трыганаметрыя». Рэктар падзяліўся карыснымі метадамі, а таксама разабраў тыповыя памылкі, якія могуць сустракацца пры рашэнні задач. Дзеці атрымалі практычныя парады па эфектыўнаму размеркаванню часу на экзамене, што павысіла іх упэўненасць у падрыхтоўцы да будучых выпрабаванняў.
На пляцоўках IT-напрамку ўдзельнікі вывучалі асновы кібербяспекі, асвойвалі прымяненне штучнага інтэлекту ў распрацоўцы праграмнага забеспячэння на майстар-класе «Вайбкодзінг», знаёміліся з тэхналогіямі інтэлектуальнай апрацоўкі відэаструменяў у «СмартВока» і спрабавалі сябе ў праграмаванні сістэм «Разумнага дома».
У інжынерна-тэхнічным блоку школьнікі даследавалі прынцыпы электрадынамікі, асвойвалі праграмаванне прамысловых кантролераў і спрабавалі пісаць код кіравання палётам на занятку «#АдВінта». Асаблівую цікавасць выклікалі геаінфармацыйныя тэхналогіі на майстар-класе «Геакропка», у якім удзельнікі вучыліся лічбавізацыі прасторавых дадзеных.
Вытворчы напрамак уключаў заняткі па неразбуральных метадах кантролю трываласці будаўнічых матэрыялаў, працу на віртуальным сімулятары-трэнажоры газавых сетак і стварэнне мінібарэльефаў з выкарыстаннем сучасных будаўнічых матэрыялаў. У VR-класе ўдзельнікі паспрабавалі сябе ва ўпраўленні вежавым кранам і экскаватарам ва ўмовах віртуальнай рэальнасці.
Хіміка-тэхналагічны блок прадставілі майстар-класы «Хімія ў колеры» і «ТэхнаФіксікі», дзе школьнікі знаёміліся з працэсамі перапрацоўкі нафты і газу, а на занятках «Школа газавых магнатаў» вывучалі асаблівасці трубаправоднага транспарту.
Навучэнцы профільных інжынерных класаў падзяліліся ўражаннямі наконт форуму:
Маргарыта Гарбаценка, г. Полацк: «Форум падарыў унікальную магчымасць пачуць меркаванні экспертаў, абмеркаваць актуальныя тэмы і пазнаёміцца з інавацыйнымі падыходамі ў інжынернай адукацыі. Уразіў высокі ўзровень падрыхтоўкі педагогаў і разнастайнасць прадстаўленых праектаў. Кожны з нас змог знайсці нешта карыснае для сябе. Хачу выказаць падзяку арганізатарам форуму за іх працу і энтузіязм. Я засталася ў захапленні».
Павел Аўдошка, г. Полацк: «Я пад вялікім уражаннем ад форума! Вельмі рады, што існуюць такія мерапрыемствы – яны сапраўды дапамагаюць будучым інжынерам знайсці свой шлях. На майстар-класах здорава было даведацца пра тонкасці розных прафесій ад дасведчаных людзей. Прыемна, што форум такога ўзроўню прайшоў у Наваполацку. Асобную падзяку хачу выказаць за арганізацыю мерапрыемства. Я лічу, што Полацкі ўніверсітэт – гэта цудоўнае месца для паступлення».
Першы Віцебскі абласны форум профільных класаў інжынернай накіраванасці даў школьнікам магчымасць атрымаць новыя веды, задаць пытанні работадаўцам і вызначыцца з будучай прафесіяй.

















