50-гадовы юбілей найноўшай гісторыі Полоцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які мы сёлета адзначаем, гэта не толькі свята сённяшніх студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў. У не меншай, а, магчыма, нават і ў большай ступені значнасць гэтай саліднай даты і радасць дасягнення такой гістарычнай мяжы могуць адчуць нашы ветэраны – людзі, чые рознабаковыя таленты, творчая энергія, руплівая праца і дазволілі ўніверсітэту пераўтварыцца ў магутны навукова-адукацыйны цэнтр.

Сёння ў гасцях нашай традыцыйнай рубрыкі не проста чалавек, на вачах якога невялічкі правінцыйны філіял сталічнага ВНУ вырас у класічны ўніверсітэт еўрапейскага тыпу, а прафессіянал, чыя адкрытасць усяму новаму, шчодрасць душы, залатыя рукі прынеслі яму заслужаныя павагу і аўтарытэт у нашай вялікай універсітэцкай сям’і і дазволілі пакінуць прыкметны след у гісторыі ПДУ. Сустракайце, лаўрэат прэміі «Крыніца ведаў – 2012» у намінацыі «Спецыяліст года», былы загадчык лабараторыямі кафедры будаўнічай вытворчасці Леў Аляксандравіч Палякоў!

Русскоязычная версия интервью >>

Кар.: Леў Аляксандравіч, раскажыце пра Ваша дзяцінства, бацькоў.

Л.А. Палякоў: Нарадзіўся я 26 чэрвеня 1949 года. Бацькі мае жылі ў сяле Луначарскае Верхнядзвінскага раёна. Побач, літаральна праз Заходнюю Дзвіну, знаходзіцца Дзісна, самы маленькі беларускі горад. У дзісенскім радзільным доме я і з’явіўся на свет. Пра выбар майго імя расказвалі такую гісторыю. Каб вярнуцца з Дзісны дадому, нам з маці трэба было пераправіцца праз раку на пароме. Нарадзіўся я кругленькім мальцам (не тое, што зараз!), і паромшчык, гледзячы на мяне, чамусьці сказаў: «Во, гэта будзе Леў Талсты!» Мяне так і вырашылі назваць.

Жылі мы – мае бацькі, сястра Фаіна, бабуля і я – у прыватнай хаце. Тата, Аляксандр Яўсеевіч, працаваў настаўнікам нямецкай мовы, а мама, Кацярына Уласаўна, – медработнікам у Дзісне.

paliakow 1

Бацька быў здольным да вучобы і вельмі перажываў, што вайна перашкодзіла яму атрымаць вышэйшую адукацыю. Паспеў толькі скончыць Полацкі педагагічны тэхнікум. Калі ён працаваў на Расоншчыне, то перасякаўся з Пятром Міронавічам Машэравым і добра яго ведаў па нейкіх педагагічных справах. Гэта было не дзіўна, бо настаўнікаў па тых часах было зусім мала. Але ж якой павагай яны карысталіся! У час Вялікай Айчыннай партызаніў. А калі ў Беларусь вярнуліся рэгулярныя часткі Чырвонай Арміі, бацька далучыўся да іх і пайшоў далей на захад. Яго цяжка паранілі, эвакуіравалі на лячэнне ў Сярэднюю Азію. Але прастрэленую наскрозь правую руку цалкам аднавіць так і не атрымалася: яна ўжо нармальна не згіналася. Атрыманая на фронце кантузія таксама давала аб сабе ведаць усё астатняе жыццё.

Дагэтуль памятаю пачатак сакавіка 1953 года. Памёр Сталін. Баба Ліза зрэзала кветачку, якая расла ў хаце, і мы пайшлі з ёй па лёдзе праз Дзвіну ў Дзісну. Кветку мы паклалі да помніка Сталіну. Пасля гэтага я захварэў. Гэта адзін з самых ранніх маіх успамінаў.

А недзе праз год мы пераехалі ў Полацк. Маці ўладкавалася ў дзіцячы садок № 1, які тады знаходзіўся каля чыгуначнага вакзала і калгаснага рынку. Бацька не адразу знайшоў працу ў горадзе і спачатку настаўнічаў у Гаранах, куды кожны дзень ездзіў на ровары. З часам ён пачаў выкладаць у полацкай сярэдняй школе № 5.

Кар.: А ў якую школу пайшлі Вы?

Л.А. Палякоў: Пачынаў я вучобу ў школе № 3 горада Полацка. Гэта, здаецца, была пачатковая школа. Потым маці перайшла працаваць медсястрой у школу-інтэрнат, якая знаходзілася ў будынках, дзе да гэтага быў Полацкі педагагічны інстытут, а сёння месціцца гімназія № 2. Школа-інтэрнат мела добрую рэпутацыю, і маці здолела ўладкаваць там і мяне. Вядома, у інтэрнаце не жыў, а толькі прыходзіў на заняткі. У гэтай не вельмі звычайнай школе я і скончыў восем класаў.

Вучань 3-й школы

Выпускнікі 8 класа Полацкай школы-інтэрнату

Паўстаў выбар, куды пайсці вучыцца далей. Бацькі хацелі, каб я атрымаў добрую прафесію. А тым часам, ішоў 1964 год, у Наваполацку ўжо адчыніўся нафтавы тэхнікум. Туды і вырашыў паступаць. Быў вялікі конкурс – каля васьмі чалавек на месца, аднак я здолеў прайсці на цікавую і перспектыўную спецыяльнасць «Кантрольна-вымяральныя прыборы».

Кар.: Не шкадавалі, што пайшлі гэтым шляхам?

Л.А. Палякоў: Наадварот, было вельмі цікава! Там сустрэўся з выкладчыкам Альбертам Іосіфавічам Сакалоўскім. Ён выкладаў нам электроніку. З сябрам, Віктарам Пузікавым, запісаліся да яго на гурток. Даведаліся пра радыёспорт, пра тое, што ў горадзе ёсць радыёаматары. Так мы пазнаёміліся і з бацькам нашага Аляксандра Пятровіча Голубева. Былі ў яго дома, дзе пабачылі, як працуе радыёстанцыя. Мы проста захапіліся гэтай справай! Спачатку атрымалі пазыўныя як радыёаматары-назіральнікі. Мы не мелі перадатчыка, але быў прыёмнік, пры дапамозе якога слухалі радыёсігналы.

Студэнт полацкага нафтавага тэхнікума

У якасці дыпломнага праекта мы з Віктарам зрабілі арыгінальную рэч: у адным кажуху знаходзіліся генератар, лямпавы вальтметр і асцылограф. Добра памятаю, як выйшаў адказваць на абароне: дастаў хусціначку і спачатку старанна працёр ёю наш прыбор. Дзяржаўная камісія была гэтым вельмі задаволена. Атрымалі выдатныя адзнакі, а наша праца потым экспанавалася недзе на выставе ў Мінску і заслужыла дыплом І ступені.

Выпускнікі Полацкага нафтавага тэхнікума

Кар.: Што Вы планавалі рабіць пасля заканчэння тэхнікума?

Л.А. Палякоў: Было не да планаў. Нас накіравалі на працу на зусім нядаўна заснаваны Гомельскі хімічны завод. На прадпрыемстве было шмат кантрольна-вымяральнай апаратуры, і мы, чалавек дзесяць з Наваполацку, аказаліся там вельмі запатрабаванымі.

1 жніўня 1968-га прыступіў да працы на заводзе як электраслесар 5 разраду Цэнтральнай лабараторыі аўтаматыкі. Ужо восенню мы павінны былі пайсці ў войска, але нас не пусцілі, бо якраз уводзіўся ў строй завод. Як мы радаваліся, калі атрымалі першы беларускі суперфасфат! Я нават насыпаў трохі гранул у канверцік і даслаў маме ў Полацк! Зімой 1968/69 гадоў стаялі моцныя маразы, а нам прыходзілася на адкрытым паветры наладжваць усю аўтаматыку. Было складана, але вельмі цікава!

У Гомелі мы не толькі працавалі. Можна было і адпачыць добра. Там упершыню схадзілі на балет. Пашчасціла: давалі «Лебядзінае возера» Чайкоўскага. А галоўнае – мы з хлопцамі патрапілі ў абласны радыёклуб. Калі я праводзіў першую радыёсувязь, быў так узрушаны, што гэтыя хвіліны праляцелі нібы сон! У Гомелі пачаў удзельнічаць у спаборніцтвах па радыёспорце.

Кар.: Потым была служба ў Савецкай Арміі?

Л.А. Палякоў: Так, у красавіку 1969 года адтэрміноўка скончылася, і нас прызвалi ў войска. Служыў у Прыбалтыцы, у невялічкім гарадку Прыекуле, што на паўднёвым-захадзе Латвіі. Адразу патрапіў у роту сувязі школы сяржантаў. Дзяржаве грэх было не выкарыстаць маю адукацыю! Але пра радыёаматарскі вопыт ніхто не ведаў. Высветлілася гэта пад час адбору ва ўзвод, дзе рыхтавалі тэлеграфістаў. Па аднаму заходзілі ў настаўніцкую, нам стукалі, а мы павінны былі запомніць і паўтарыць. Я лёгка справіўся з першым заданнем, потым з другім, больш складаным. Афіцэр пытаецца ў мяне: «Ты што тэлеграфную азбуку ведаеш?!» Адказваю: «Ведаю!» А мне: «Так чаго ж ты маўчыш! 33-ці ўзвод!»

1 мая 1970 года

Так я пачаў вучыцца на тэлерадыёграфіста. Спачатку складана было! Калі мы ўжо добра засвоілі тэлеграфную азбуку, займаліся наступным чынам: адна палова перадатчыкаў размяшчалася ў вайсковай частцы, а другая – на адлегласці пяці кіламетраў у лесе. Стаяла задача: за абмежаваны час абмяняцца пэўнай колькасцю радыёграм. Калі ў нейкай групы не атрымлівалася наладзіць сувязь, трэба было даставіць пасланне сваім ходам – бягом! У кожнага з нас быў выдатны стымул!

Праз паўгода я атрымаў званне сяржанта, і мяне, падрыхтаванага тэлерадыёграфіста, павінны былі забраць у нейкую іншую частку. Так сталася, што за мной чамусьці ніхто не прыехаў. Я застаўся ў нашай роце на пасадзе загадчыка спецкласамі. Адказваў за іх падрыхтоўку да заняткаў. Па сутнасці, менавіта там, у войску, пачалася мая кар’ера лабаранта і загадчыка лабараторыямі, якую я працягнуў спачатку ў Наваполацкім філіяле Беларускага тэхналагічнага інстытута (НФБТІ), а потым у НПІ-ПДУ.

Два гады службы ў войску праляцелі вельмі хутка. У чэрвені 1971-га дэмабілізаваўся старшыной запасу. У Гомелі не застаўся. Хапіла кароткага, але блізкага знаёмства з «вялікай хіміяй». Акрамя таго, перад дэмабілізацыяй я апынуўся ў шпіталі. Прыйшлося нават перанесці аперацыю. За мной яшчэ быў патрэбны пэўны дагляд, а таму вярнуўся дадому.

Кар.: Так у Вашым жыцці і з’явіўся наш ВНУ?

Л.А. Палякоў: Так! Маці неяк сказала: «Тут у Наваполацку ёсць інстытут. Давай, паступай!» Падаў дакументы ў НФБТІ. Але першы экзамен, матэматыку, заваліў! Ды і не дзіва – пасля двухгадовага перапынку ў вучобе.

Знаёмы маці – Іосіф Іосіфавіч Залынскі – працаваў у філіяле загадчыкам гаспадаркі. Ад яго мы даведаліся, што ў філіяле ёсць вакансія, на якую я магу прэтэндаваць. Прывялі мяне да Эрнста Міхайлавіча Бабенкі. Дырэктар паглядзеў, што малец пасля войска, з тэхнічнай адукацыяй, паразмаўляў са мной крыху і гаворыць: «З 1 верасня адкрываецца новая кафедра – кафедра будаўнічай вытворчасці. Лабарантам пойдзеш?» Не сумняваючыся, пагадзіўся! Так у 1971 годзе я патрапіў на знакамітую кафедру. Нашым першым загадчыкам быў Барыс Пятровіч Сахараў.

Кар.: Што ўваходзіла ў кола Вашых абавязкаў?

Л.А. Палякоў: Мяне накіравалі ў лабараторыю будаўнічых матэрыялаў да Валянціны Іванаўны Гусевай, якая перайшла ў філіял з трэсту № 16. Будаўнічага корпуса тады яшчэ не было, і нашы лабараторыі размяшчаліся ў хімічным корпусе: па адной на першым і другім паверхах.

Па сутнасці, лабараторыі яшчэ толькі стваралася. Міністэрства адукацыі рассылала паперы з пералікам таго, што можна было закупіць. Напрыканцы каляндарнага года мы рабілі заяўку, абгрунтоўваючы неабходнасць таго ці іншага абсталявання. У Мінску прымалася рашэнне, а на наступны год нешта трапляла да нас. У філіяла ўжо з’явілася аўтамашына, і мы самі ездзілі забіраць абсталяванне. Неўзабаве лабараторыі кафедры былі прызнаныя лепшымі ў інстытуце.

У лабараторыі будаўнічых матэрыялаў

Вялікая праца вялася і ў накірунку падрыхтоўкі лабараторных работ. Валянціна Іванаўна на базе ГОСТа распрацавала метадычку для студэнтаў. Памятаю, з’явіўся ў нас гідраўлічны прэс П–125. З яго дапамогай можна было выпрабоўваць на трываласць бетон, цэглу. Ён быў надзвычай масіўны і прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб усталяваць яго. Натуральна, нам дапамагалі выкладчыкі. Студэнты-вячэрнікі таксама не заставаліся ў баку ад нашых спраў: прыносілі і прывозілі расходныя матэрыялы. Цэглы ці цэменту, як сёння, было ж не купіць. Таксама звярталіся па дапамогу на завод жалезабетонных вырабаў, у трэст № 16.

Калі з’явіўся будаўнічы корпус – правая частка сённяшняга галоўнага корпуса, памяшканне для лабараторыі кафедры нам адвялі ў ім. Вось там мы зажылі! Было нашмат больш месца, маглі адчуваць сябе сапраўднымі гаспадарамі! З’явілася асобная лабараторыя для бетонных работ, набылі новыя прэсы.

Кар.: Вам, напэўна, прыходзілася авалодваць новай прафесіяй?

Л.А. Палякоў: А як жа! Спачатку я ў будаўніцтве нічога не разумеў. Слухаў, што казала Валянціна Іванаўна. Памятаю смешны эпізод з удзелам Б.П. Сахарава. Я быў прызвычаены да стараннай працы ды яшчэ ў войску загартоўку прайшоў. А тут заходзіць у лабараторыю загадчык кафедры і пытаецца ў мяне: «Ну, што ты сёння зрабіў?» Я даў яму падрабязную справаздачу. Барыс Пятровіч паслухаў і кажа: «Так, хопіць сёння працаваць, а то заўтра не будзе чаго рабіць. Ідзі дадому!»

Зрабіў стэнды. З фанеры выразаў рознае абсталяванне, наклейваў на планшэты. Загараліся лямпачкі, якія рабілі візуальна зразумелым парадак працэсаў. Гэта было блізка да маёй першай спецыяльнасці. Я ж – радыётэхнік. Адзін стэнд быў прысвечаны вытворчасці цэглы, а другі – цэменту. Упэўнены, наш рэктар, Дзмітрый Мікалаевіч Лазоўскі, яшчэ памятае іх!

Кар.: У рэшце рэшт, Вы пачалі атрымліваць сваю другую спецыяльнасць у нашым ВНУ?

Л.А. Палякоў: Так. Я сам зацікавіўся будаўніцтвам. Вельмі падабалася вывучаць ГОСТы. Уважліва слухаў Валянціну Іванаўну, выдатнага спецыяліста з вялікім вопытам працы на вытворчасці, дапамагаў ёй праводзіць лабараторныя работы, сачыў за тым, што робяць студэнты. Так і атрымалася, што на наступны год пасля прыходу ў філіял паступіў на вячэрняе аддзяленне НФБТІ.

Кар.: Як вучыліся студэнты вячэрнікі?

Л.А. Палякоў: Займаліся мы чатыры дні на тыдзень: у панядзелак, аўторак, чацвер і пятніцу. У сераду маглі праводзіцца толькі нейкія дадатковыя заняткі. Пачыналі вучыцца а сёмай гадзіне вечара. Памятаю, што наш дэкан, Мікалай Мікалаевіч Літвінаў, заўжды сустракаў нас на прыступках ля ўваходу, стоячы рукі ў бокі, і сачыў, каб ніхто не спазняўся.

Мікалай Мікалаевіч выкладаў нам матэматыку. У той час ужо працавала сённяшняя 100-я аўдыторыя, і туды на лекцыі да яго збіраліся студэнты пяці груп, у тым ліку дзвюх нашых – будаўнічых. М.М. Літвінаў настолькі вольна валодаў матэрыялам, што ніколі не карыстаўся канспектам. Час ад часу ён рабіў невялікія прыпынкі, разумеючы, што для студэнтаў, якія ўжо недзе адпрацавалі восем гадзін, занятак вышэйшай матэматыкай – справа, сапраўды, вельмі няпростая, і нешта цікавае расказваў. Прыгадваў і тое, як пазнаёміўся з жонкай Нінай Мікалаеўнай, якая таксама працавала ў інстытуце. Мог распавядаць нейкія ваенныя гісторыі. У гады Вялікай Айчыннай ён быў танкістам, браў удзел у баях пад Ленінградам.

Гэтыя кароткія паўзы былі патрэбныя Мікалаю Мікалаевічу толькі для разрадкі аўдыторыі. Ён ніколі не губляў кантролю над навучальным працэсам. М.М. Літвінаў не ладзіў пераклічку ў пачатку занятку. Ужо на перапынку ён падклікáў да сябе стараст і называў колькасць адсутных у кожнай групе, тым самым паказваючы бессэнсоўнасць любых забароненых маніпуляцый з фіксацыяй наведвання!

Кар.: Атрымліваецца, што ён ведаў у твар студэнтаў усіх пяці груп вячэрнікаў?

Л.А. Палякоў: Так! Вельмі цікава Мікалай Мікалаевіч прымаў экзамен. У аўдыторыю запускалася і сядала ўся група. Стол яго стаяў ззаду. Дошка падзялялася на тры часткі. Ён падыходзіў да кожнага і даваў задачку. Калі ты быў гатовы, трэба было ўзняць руку і з дазволу ісці да дошкі адказваць. Астатнія студэнты маглі паслухаць, як рашаюцца задачы і атрымаць нейкія дадатковыя веды.

Матэматыку нам выкладаў і Фёдар Філіпавіч Яско. Памятаю, здаваў яму экзамен. Выкладчык ужо ў аўдыторыі, але студэнтаў акрамя мяне няма. Фёдар Філіпавіч выходзіць і гаворыць: «Заходзь!» Ніколі ў ліку першых не здаваў, а тут няма выйсця – прыйшлося! Выцягнуў няўдалы білет… Выкладчык паслухаў крыху, усміхнуўся і кажа: «Ну што, дваяк табе! Будзеш ведаць, калі заходзіць на экзамен». У наступны раз падрыхтаваўся і здаў прадмет. Фёдар Філіпавіч, вядома ж, ведаў, што я працаваў у інстытуце (такіх у нашай групе было яшчэ двое), але аніякіх патуранняў нам выкладчыкі ніколі не рабілі. Магчыма, наадварот, патрабавалі яшчэ болей! Яны ж самі для сябе рыхтавалі спецыялістаў.

Паспелі мы павучыцца і ў Леаніда Фёдаравіча Калмыкова, які цікава чытаў нам тэхналогію будаўнічай вытворчасці. Геадэзічную практыку вёў Афанасій Астаф’евіч Балбатуноў, які і да сённяшняга дня выкладае ва ўніверсітэце. Далі нам рэйкі і тэадаліты. Працавалі на пляцоўцы справа ад моста, дзе тады яшчэ дрэў амаль не было. Таксама нам выкладаў Уладзімір Канстанцінавіч Радзівонаў. Запомнілася Вілія Фёдараўна Шведава, якая, сапраўды, з душой чытала нам курс «Гісторыі КПСС». Яна прыехала працаваць у Наваполацк з Уладзіміра.

Вельмі важна для навучальнага працэсу было тое, што з намі займаліся не толькі штатныя выкладчыкі, але і выдатныя прафесіяналы з вытворчасці. Яны вучылі, найперш, таму, што абавязкова спатрэбіцца нам як спецыялістам будаўнічай галіны. Вось так у 1978 годзе я атрымаў дыплом інжынера.

Кар.: Вышэйшая адукацыі, напэўна, паспрыяла Вашаму кар’ернаму росту.

Л.А. Палякоў: Так, неўзабаве я перайшоў з пасады лабаранта на пасаду вучэбнага майстра. Калі я скончыў інстытут, трэба было абавязкова хадзіць на палітзаняткі. То ж былі савецкія часы! А я цэлы год неяк ухіляўся ад гэтага. Уладзімір Арцёмавіч Лёзін, які ўзначальваў партыйную арганізацыю інстытута, выклікаў мяне і кажа: «Калі не ходзіш на палітзаняткі, пойдзеш ва ўніверсітэт Марксізму-Ленінізму пры Наваполацкім гаркаме партыі!» Слава Богу, што яшчэ патрапіў на аддзяленне журналістыкі! Шчыра кажучы, не шкадую, што два гады наведваў гэтыя заняткі. Было цікава! Там і нашы выкладчыкі працавалі, і лектары з Мінску. Магчыма, дзякуючы гэтаму вопыту я патроху пачаў пісаць пра турызм у мясцовую газету «Хімік», стаў пазаштатным карэспандэнтам. Акрамя таго, пашчасціла пазнаёміцца з многімі цікавымі людзьмі, напрыклад, з пісьменнікам Валодзям Арловым, які тады працаваў намеснікам рэдактара.

Потым занесла мяне і ў камітэт народнага кантролю. Прыйшлося паездзіць з праверкамі. Я, большай часткай, трапляў на будаўнічыя прадпрыемствы і будоўлі. Гэта была чыстая грамадская нагрузка, бо грошы за яе не плацілі, а часу і нерваў адымала яна багата.

Яшчэ ў 1974 годзе з Белгародскага тэхналагічнага інстытута будаўнічых матэрыялаў да нас перайшоў Леанід Мікалаевіч Фаміца. Крыху пазней ён стаў прарэктарам па вучэбнай рабоце і напрыканцы 1975-га вырашыў стварыць у інстытуце аддзел тэхнічных сродкаў навучання (ТСН). Улічваючы маю прафесійную падрыхтоўку і вопыт радыёаматара, Леанід Мікалаевіч прапанаваў заняцца гэтай справай і мне. Працаваў разам з Іванам Саўчанкам з кафедры фізікі. Узначаліў аддзел кандыдат тэхнічных навук Юрый Агаф’евіч Навасёлаў з кафедры тэхналогіі машынабудавання. Вось мы ўтраіх і пачалі гэтую важную справу.

Кафедра

Спачатку абсталёўвалі паточныя аўдыторыі: ставілі кінапраектары (Іван Саўчанка быў па прафесіі кінамеханікам), дыяпраектары, узмацняльнікі і калонкі, забяспечвалі аўтаматычнае запінанне вокнаў і апусканне кінаэкрана. Сённяшняга абсталявання Bosch у нас тады яшчэ не было, а таму ўсе адтуліны прыходзілася прабіваць кувалдай і дзюбелям. Вялікую дапамогу нам аказвалі спецыялісты наваполацкіх прадпрыемстваў. Без іх пракласці кіламетры дроту было немагчыма!

Сярод першых памяшканняў, якія мы зрабілі, былі аўдыторыі на чацвёртым паверсе ў корпусе-устаўцы. Зараз гэта № 432 і № 434. Акрамя гэтага, абсталявалі радыёвузел (адказваў за яго я), злучаны з аўдыторыямі, дзе павесілі рэпрадуктары. Сёння на шматлікіх маніторах паказваюць універсітэцкія відэаролікі, а тады мы з В.Ф. Шведавай рыхтавалі радыёперадачы (палітінфармацыя, інстытуцкія навіны і віншаванні, музыка), якія потым можна было слухаць на перапынках. Таксама я адказваў за агучванне ўсіх мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў інстытуце.

Кар.: Як вядома, Вы сталі стваральнікам інстытуцкай радыёстанцыі.

Л.А. Палякоў: Так. Спачатку ў 1972 годзе я адкрыў сваю радыёстанцыю. Аднойчы, калі ездзіў у віцебскі радыёклуб, мне зрабілі цікавую прапанову: «Працуеш у інстытуце, а радыёстанцыі ў вас няма. Давай, стварай, а мы дапаможам!»

З хатняй радыёстанцыяй

Пайшоў я тады да дырэктара. «Эрнст Міхайлавіч, – гавару, – нам прапаноўваюць адкрыць аматарскую радыёстанцыю». – «Чым магу дапамагчы?» – «Спачатку неабходна падпісаць паперу ў інспекцыю электрасувязі, каб дазволілі эксплуатацыю радыёстанцыі». Адправілі дакумент у Віцебск. Нам было патрэбна памяшканне, і Эрнст Міхайлавіч пайшоў нам насустрач. Больш таго, ён прапанаваў стварыць радыёвузел. На тым месцы, дзе мы ўладкаваліся, у адным з пакояў кабінета № 249 галоўнага корпуса да нядаўняга часу працавалі дзяўчаты з ідэалагічнага аддзела. У дадатак да радыёвузла ў нас там яшчэ быў усталяваны вялікі матачны гадзіннік, ад якога працавалі ўсе інстытуцкія гадзіннікі. З вырабам радыёапаратуры нам вельмі дапамог Васіль Іванавіч Лісоўскі з вылічальнага цэнтра трэста № 16, таксама радыёаматар.

Сход у радыёкласе

А 15 снежня 1973 года ў эфіры загучала радыёстанцыя UK2WAR Наваполацкага філіяла БТІ, які праз два тыдні стаў самастойным ВНУ. Першымі аператарамі нашай радыёстанцыі былі Саша Сакалоў, Сяргей Далжанкоў, Алег Гушча, Саша Страхалес, Саша Панчышных, Валодзя Леўчанка, Валодзя Дарашчук, Марат Лакотка, Валера Сянькоў, Віктар Трыгубенкаў (ён потым стаў майстрам спорту!). Памятаю першую радыёсувязь з замежным – партугальскім – радыёаматарам. Яе правёў наш студэнт-вячэрнік Аляксандр Аўчыннікаў, у якога ўжо быў вопыт такой працы.

Праіснавала наша радыёстанцыя больш за чвэрць стагоддзя. Напачатку 2000-х, калі сталі досыць шырока распаўсюджвацца камп’ютэры, сэнс і прыгажосць радыёсувязі сталі знікаць.

Леў Палякоў, Віталь Шашкоў, Юрый Хадуноў

Кар.: Што радыёстанцыя і радыёспорт давалі інстытуту?

Л.А. Палякоў: З аднаго боку, гэта быў захапляльны спорт. Мы станавіліся прызёрамі і пераможцамі не толькі рэспубліканскіх і ўсесаюзных, але таксама і міжнародных спаборніцтваў. А з другога, радыёспорт з’яўляўся важным сродкам ваенна-патрыятычнага выхавання («оборонно-массовой работы»), якому ў Савецкім Саюзе надавалася вялікая ўвага. Кіравала намі, па сутнасці, ДТСААФ. Мы ж рыхтавалі хлопцаў (займаліся ў нас і студэнты, і школьнікі) да службы ў Савецкай Арміі. Калі яны атрымлівалі дыплом і ішлі ў войска, то вельмі часта яны служылі не па сваёй, напрыклад, будаўнічай спецыяльнасці, а накіроўваліся ў войскі сувязі. Мне было вельмі прыемна, што праца, якую праводзіў я ў інстытуце, прыносіла вось такую карысць. У 1986 годзе Цэнтральны камітэт ДТСААФ адзначыў маю працу «Ганаровым знакам». Такая ўзнагарода ў інстытуце была толькі ў Б.П. Сахарава, як я ўжо казаў, першага загадчыка кафедры будаўнічай вытворчасці.

Спаборніцтвы па спартыўнай радыёпеленгацыі

Вельмі неспадзявана праз радыёспорт лёс прывёў мяне ячшэ да аднаго захаплення – турызму. А пачыналася ўсё так. Я папрасіў у Эрнста Міхайлавіча дазволу на стварэнне радыёкласа. Трэба ж з хлопцаў было вучыць тэлеграфнай азбуцы. Нам далі памяшканне – невялікі пакой насупраць аддзела кадраў. Самі абсталявалі яго.

Аднойчы да мяне звярнуўся Эдзік Смоляр, які вучыўся на падрыхтоўчым аддзяленні. «Паслухай, – кажа ён, – нам, турыстам, няма дзе ў інстытуце сабрацца. Можа пусціш нас да сябе ў радыёклас?» А я адказваю: «Калі клас у гэты час не заняты, то чаму не?» Вось так, здаецца, у 1975-м я ўпершыню сутыкнуўся з турызмам.

Ужо на наступны год Эдзік прапанаваў мне лыжны паход па маршруце Расоны-Клясціцы-Лісна-Асвея. А я падумаў: «Можа, нам радыёстанцыю з сабой прыхапіць?» Мы атрымалі на гэта дазвол Віцебскай інспекцыі электрасувязі. Наша радыёстанцыя, да асноўнага пазыўнога, дадавала літару «П», што азначала «передвижная».

Мяне з працы адпусцілі на два дні. Нас суправаджаў аўтобус. У гэтай экспедыцыі прымаў удзел таксама Уладзімір Мікалаевіч Паскробышаў, кіраўнік інстытуцкага ДТСААФ. У Расонах мы разгарнулі станцыю, усталявалі антэну, нацягнулі правады. Але перадатчык не працаваў! Аказалася, жыхары райцэнтру прыйшлі дадому, паўключалі тэлевізары і ў электрасетцы ўпала напружанне. Толькі ноччу мы з радыёаматарамі здолелі выйсці ў эфір.

На наступны дзень мы на лыжах дайшлі да Клясціц. Там уладкаваліся ў школе і да нас, каб паглядзець на радыёстанцыю, прывялі вучняў. Студэнт-будаўнік Саша Сакалоў распавядаў школьнікам не толькі пра нашу апаратуру, але і пра Наваполацкі політэхнічны інстытут. Атрымлівалася, што, паміж іншым, мы яшчэ нават займалiся, як сёння сказалі б, профарыентацыйнай работай. Дарэчы, і на факультэце экскурсіі для школьнікаў горада традыцыйна праводзілі нашы студэнты. Напрыклад, памятаю, як Слава Церын, які пазней стаў кандыдатам навук і загадчыкам кафедры, паказваў вучням лабараторыю будаўнічых матэрыялаў.

Вяртаючыся да нашага падарожжа да Асвеі, у наступныя гады падобныя лыжныя паходы сталі добрай інстытуцкай традыцыяй, якая дажыла недзе да пачатку 90-х гадоў.

Лыжны паход, 1973

Кар.: Хутка турыстычныя паходы, напэўна, сталі выходзіць за межы нашай рэспублікі?

Л.А. Палякоў: Так і атрымалася! Улетку 1976 года Эдзік Смоляр кінуў кліч: «У каго будзе жаданне, пойдзем на Каўказ!» У мяне адпачынак – думаю: «А чаму б і не!» Пры гэтым, я да таго часу і турызмам не цікавіўся, і ў гарах ніколі не бываў!

У жніўні сабралася нас дзесяць чалавек: чатыры хлопцы і шэсць дзяўчат. А мы ж не ўяўлялі, што турызм – гэта спорт, які патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі. Нічога не ведалі, ніякага альпінісцкага рыштунку не ўзялі! Хаця не! У аднаго з нас быў ледасек. Эдзік меў нейкі вопыт у гарах, але вось так без распрацаванага маршруту лезці наверх… Зараз проста дзіву даешся нашай наіўнай смеласці!

Прыехалі ў Прыэльбруссе і адразу патрапілі пад дождж. У першыя гадзіны да ніткі прамоклі, а я ўсю ноч прасядзеў на заплечніку. Як кажуць, першы блін комам… Нічога, на пад’ёмніку ўзняліся да «Приюта одиннадцати», гасцініцы на адзнацы 4050 метраў над узроўнем мора. Яна, дарэчы, доўгі час лічылася самай высакагорнай у свеце. Адтуль звычайна пачынаюцца ўзыходжанні на Эльбрус. Паглядзелі на неверагодную прыгажосць! Папілі гарбаты. Але калі ўнізе яна каштавала чатыры капейкі, то на вышыні ўжо больш за рубель!

Кар.: І як Вы і Вашы сябры там сябе адчувалі? Гэта ж было высакагор’е!

Л.А. Палякоў: Цяжка! Нельга так рэзка забірацца ў горы! Мы стартавалі на пад’ёмніку з паляны Азáў, а гэта толькі 2300 метраў, і арганізм не меў часу для адаптацыі. На такой вышыні не хапае кіслароду. Зведалі на сабе ўсе радасці «горнай хваробы» – высакагорнага сіндрому. Галоўная праблема – страшэнны галаўны боль, ад якога проста нічога не разумееш. Папілі гарбаткі, і літаральна адразу аднаму з хлопцаў дрэнна стала! Прыйшлося спусціцца крыху ўніз.

Чаму на Эверэст ніхто не ўздымаецца напрасткі? Трэба ўзняцца, а потым спусціцца. Узняцца і зноў спусціцца і так далей. Іначай ніяк! Ёсць, зразумела, больш падрыхтаваныя людзі, але такія здольнасці дасягаюцца толькі шляхам шматгадовых трэніровак.

Тым не менш, мы нават пераадолелі адзін перавал – Джантуган, потым спусціліся ў Абхазію і, нарэшце, выйшлі да Чорнага мора. Вось такі быў наш першы незабыўны паход.

paliakow 14

Кар.: Спадабалася?

Л.А. Палякоў: У наступным, 1977-м, наш другі паход на Каўказ мы таксама аформілі як «паход выхаднога дня». Але ў 1978 годзе патрапілі на рэспубліканскія зборы. У нашай кампаніі было і чатыры чалавекі з інстытута. Там нас многаму навучылі. Мы пайшлі ў паход 2-й катэгорыі складанасці і атрымалі «квіточкі» – даведкі аб праходжанні маршрута. Гэта быў штуршок да развіцця сапраўднага турызму. На наступны год я ўжо сам павёў групу, і без такога адпачынку проста не мог сабе ўявіць жыцця! Потым удзельнічаў у двух паходах 5-й, самай высокай, катэгорыі складанасці – на Каўказе і Паміры. Апошні асабліва ўразіў! Гэта ж цэлая горная краіна!

Вандраваў з хлопцамі з Акадэміі навук БССР. Добрыя адносіны з імі захаваў на ўсё жыццё. Другі раз хадзіў з віцебскімі турыстамі. За гэтыя паходы мы заслужылі сярэбраныя медалі на Чэмпіянаце Беларусі па горнаму турызму. Аднойчы кіраваў групай, з якой мы выйгралі «золата». У нашым універсітэцкім музеі захоўваецца некалькі справаздач аб нашых паходах, над некаторымі з іх прыходзілася працаваць па паўгода! Па складанасці і аб’ёме атрымлівалася нешта сярэдняе паміж дыпломнай работай і дысертацыяй.

Каўказ

Кар.: Горны турызм – гэта не толькі захапляльныя падарожжы і выдатная кампанія, але таксама і рызыка.

Л.А. Палякоў: Безумоўна! У гарах былі самыя розныя выпадкі. У 1986-м, «чарнобыльскім», годзе я ішоў на зборах кіраўніком-стажорам, і ўжо на першым перавале пабіла камянямі двух нашых хлопцаў. Слава Богу, засталіся жывыя, але атрымалі траўмы. Прыйшлося згарнуць паход. Якой б ні была падрыхтоўка, рызыка ў гарах, сапраўды, вельмі вялікая!

Цэнтральны Каўказ, 1985

Былі ў мяне аднадумцы і ў інстытуце. З другой паловы 70-х у нас працаваў турыстычны клуб «Белая Русь». Кіраваў ім Коля Туча. Калі ён скончыў інстытут, недзе на пачатку 80-х, дзейнасць гэтай арганізацыі паступова заглухла. Я больш працаваў у наваполацкім гарадскім клубе «Эрыдана», які належаў прафсаюзнай арганізацыі. Курыраваў нашу працу гаркам камсамолу. На грамадскіх пачатках як кіраўнік маршрутна-кваліфікацыйнай камісіі выпускаў турыстычныя групы на маршрут у пешыя, лыжныя, водныя і горныя паходы. Пераважна тады хадзілі ў водныя паходы, аднак цяперашні дырэктар нашага аўтапарка Іван Іванавіч Рашчынскі, напрыклад, займаўся пешаходным турызмам.

Як бы прыхільна ні ставілася да нас кіраўніцтва інстытута, з пачаткам распаду СССР дабірацца да гор станавілася ўсё цяжэй. Ужо значна пазней, у 2000-м, калі з’явіўся турклуб «Карсар», турыстычны рух ва ўніверсітэце быў адроджаны.

Кар.: Нягледзячы на значную грамадскую нагрузку, Вы працягвалі прыносіць вялікую карысць НПІ і як будаўнік.

Л.А. Палякоў: Л.М. Фаміца пачаў працаваць над сваёй доктарскай дысертацыяй, і яму спатрэбіўся інжынер. У пачатку 1978 года мне прапанавалі перайсці з ТСН у навукова-даследчы сектар. Я выйграваў у заробку, а галоўнае – было вельмі цікава працаваць над тэмай Леаніда Мікалаевіча. Разам з Сяргеем Васільевічам Лескаўцом займаліся распрацоўкай датчыкаў напружана-дэфармаванага стану матэрыялаў. Л.М. Фаміца хацеў, каб мы з Сяргеем пачалі працаваць над уласнымі дысертацыямі. У нас з’явіліся публікацыі, атрымалі аўтарскае пасведчанне. Але занятасць на працы і мае захапленні, потым стварэнне сям’і практычна не пакідалі мне часу на нейкую сур’ёзную навуковую дзейнасць.

Даследаванні праводзіліся не толькі ў Наваполацку. Шмат падарожнічалі па краіне. Ездзілі, напрыклад, у Перм на сакрэтны завод. Але на яго тэрыторыю мяне не пусцілі, бо я меў радыёстанцыю і не мог атрымаць неабходнага допуску. Нават у завадскую гасцініцу не хацелі па гэтай жа прычыне засяляць. На календары – снежань, а зіма ў Пермі – гэта зусім не тое, да чаго мы ўсе прызвычаеныя ў Беларусі. Неяк атрымалася праскочыць у пакой, але давялося начаваць з Сяргеем на адным ложку.

З прыгодамі прыйшлося вяртацца дадому, каб паспець да святкавання Новага Года. Дабіраліся на самалёце праз Маскву. Білетаў у сталіцы было не дастаць, бо набліжалася свята. Да кас было нават не падступіцца! Тым не менш, мы распрацавалі адмысловую тэхніку: я браў пашпарты, а Сяргей падымаў мяне і літаральна кідаў на людзей, якія тоўпіліся вакол касы ў жаданні купіць білеты. У палёце мне трэба было неяк згрупавацца і ўтыркнуць дакументы ў акенца. Атрымалася! З Масквы дадому ехалі ў купэ з замёрзлай лужынай пасярэдзіне (ацяпленне ў вагоне адсутнічала), але з дэфіцытнымі маскоўскімі мандарынамі і кілбасой.

Кар.: Навука патрабавала ахвяр і ў савецкія часы!

Л.А. Палякоў: А як жа! Самыя цікавыя камандзіроўкі былі ў Сярэднюю Азію. Нам пашчасціла патрапіць у Таджыкістан: у Нурэк, дзе ўжо працавала магутная гідраэлектрастанцыя, і ў Рагун, дзе падобны аб’ект толькі пачыналі ўзводзіць (Рагунская ГЭС не дабудаваная і да сённяшняга дня).

300-мятровая плаціна Нурэкскай ГЭС на рэчцы Вахш была насыпная. Па баках размяшчаліся жалезабетонныя прыгрузы, разлічаныя на мясцовыя сейсмічныя ўмовы. Мы ўсталёўвалі нашы датчыкі ў тунэлях. Часам узнікалі непрадбачаныя сітуацыі. Да прыкладу, прыехалі здымаць паказчыкі, а, аказалася, што мясцовыя жыхары пазразалі ўсе нашы правады…

Нурэкская ГЭС

Таджыкістан зрабіў на нас вялікае ўражанне! Там, напрыклад, упершыню даведаліся, што такое сапраўдны землятрус. У абедзенны перапынак знаходзіліся ў гасцініцы і крыху задрамалі. А тут пачалося! Паўскоквалі з ложкаў. На стале посуд грыміць, і ўнутры ўсё трасецца! Пабеглі да вокнаў. Былі гатовыя з другога паверху выскокваць. Так мы ўспрымалі 5-6 балаў. А ў 1985 годзе пад час Кайракумскага землятрусу на поўначы рэспублікі было і 8 балаў па шкале Рыхтэра!

Пайшлі на базар. Гандляр сядзіць не на стуле, а на стале, ад прадстаўленага асартыменту пладоў і спецый проста галава кружыцца! Гэта ж сёння ў нашых крамах можна любую экзатычную садавіну знайсці, а тады нават бананаў не бачылі. Выбралі нейкія прыгожыя плады. Сказалі – хурма. Прыйшлі да сябе, паспрабавалі з’есці. Адкусілі – сківіцы звяло! Мы ж не ведалі, як гэтыя плады выбіраць, вось і набылі недаспелыя.

Аднойчы захацелі з Сяргеям узлезці на гару, на якой нібыта HOLLYWOOD у Амерыцы былі ўсталяваныя вялікія літары «ЛЕНИН». Я ўжо меў багаты вопыт горных паходаў, і, здавалася, нічога нам не можа зашкодзіць. Але па дарозе на нас накінуўся сабака. Прыйшлося спускацца ўніз. Мы потым жартавалі, што «сябар чалавека» не пусціў нас да Леніна!

Быў яшчэ адзін выпадак, звязаны з гарамі. Сталі ўздымацца па вузенькай сцежачцы. Вельмі цікава і прыгожа! Але заўважылі, што нешта паўзе. Прыгледзеліся… А гэта сапраўдная кобра! Стаіць і паглядае на нас, высоўваючы джала! Мароз па скуры пайшоў! Мы ведалі, што калі змяя паводзіць сябе так варожа, лепей з ёй не канфліктаваць. Абышлі яе і надалей стараліся падобныя сцежкі абмінаць.

Там хапала не толькі ўсходняга каларыту. Пад час аднаго з прыездаў у Нурэку ладзіўся кінафестываль. Бачыў на ўласныя вочы Аляксея Баталава. Я там нават фатаграфаваў, але гэтыя здымкі, на жаль, захаваліся толькі на слайдах.

Потым мне давялося праязджаць па гэтых мясцінах, калі я ў 1987 годзе адправіўся ў Сярэднюю Азію вандраваць па Паўночна-Заходнім Паміры.

Кар.: Калі Вы вярнуліся на кафедру будаўнічай вытворчасці?

Л.А. Палякоў: Праца над дысертацыяй Леаніда Мікалаевіча падыходзіла да заканчэння і Леанід Фёдаравіч Калмыкоў, у той час загадчык кафедры, прапанаваў мне вярнуцца ў роднае падраздзяленне ў якасці загадчыка лабараторыямі. Гэта была вясна 1986-га. На новым месцы неабходна было забяспечваць не толькі навучальны працэс, але таксама і правядзенне навукова-даследчай работы. Закупляліся будаўнічыя матэрыялы і абсталяванне, рабіўся бягучы рамонт. Мне шмат дапамагаў Іосіф Пятровіч Шведаў, наш вучэбны майстар.

Свята з калегамі па кафедры

Пэўны час загадчыкам кафедры архітэктуры і будаўнічых канструкцый быў Юрый Паўлавіч Мартышэнка. Яны якраз пачалі працаваць па абследаванню тэхнічнага стану будаўнічых канструкцый. Трэба было на полацкім мелькамбінаце паглядзець 20-мятровы жалезабетонны сілас, сіласную вежу. Гэтую справу Юрый Паўлавіч даручыў мне. І самому стала цікава: гор у нас няма, а тут такая магчымасць! Але забава – забавай, а трэба было вывучыць стан унутранай паверхні канструкцыі. Спусціўся са страхоўкай да самага нізу. А мяне папрасілі яшчэ і фотаздымак зрабіць. Гэта ж цяпер фатаграфаванне простае і зручнае. А ў тых умовах, калі ўзняўся пыл, любая іскра ад электрычнасці магла выклікаць выбух! Робячы здымак, заплюшчыў вочы, бо не ведаў, што здарыцца ў наступнае імгненне. На шчасце, усё прайшло добра. Потым з Ю.П. Мартышэнкам ездзілі ў Смаленск. Там таксама праца праходзіла на сіласах, але прызначаліся яны для цэменту, i трэба было вывучыць канструкцыі не знутры, а звонку. Так я патрапіў у каманду абследавальнікаў. Гэта быў толькі пачатак. Паступова, выкарыстоўваючы свае горныя навыкі, я стаў займацца яшчэ і прамысловым альпінізмам. Гэта ж таксама – справа будаўнікоў.

paliakow 19

Вячаслаў Дзмітрыевіч Церын з кафедры жалезабетонных канструкцый запрасіў мяне на «Палімір» даследаваць 153-мятровую трубу. Прайшлі камісію. Проста так да падобных вышынных прац цябе ніхто не дапусціць! Першы раз я ўздымаўся туды з Лёшам Беляковым. Ён мяне страхаваў. Там, зразумела, была металічная лесвіца. Але яна ўжо знаходзілася ў такім стане, што проста так уздымацца па ёй было небяспечна. Уздымаліся на самы верх. Якая адтуль адкрываецца прыгажосць! Адно шкада: фатаграфаваць там забаронена!

paliakow 18

Аблазіў трубы ЦЭЦ. Самая высокая была ў Наваполацку: 180 метраў! Узбіраліся туды з Юрам Будо з геадэзічнага факультэта. Дзе потым толькі не працаваў! Калі з’явіўся Праектны інстытут рэканструкцыі і будаўніцтва, мяне запрашалі зрабіць нейкую вышынную справу. Лазіў на аб’екты ў Шуміліне, Паставах, Глыбокім, Гарадку, Лёзне, Сянно, Лынтупах, Гомелі, Магілёве, Віцебску (на амфітэатр), Мінску і нават у Маскве. Пашчасціла супрацоўнічаць у гэтай справе з нашымі выдатнымі будаўнікамі: Віленам Сямёнавічам Левіным, Алегам Андрэевічам Хартановічам, Венедыктам Дзям’янавічам Грынёвым, Леанідам Уладзіміравічам Пярвацкім, Аляксандрам Цімафеевічам Зелянковым, Леанідам Сцяпанавічам Турышчавым, Аляксандрам Аляксандравічам Бакатовічам. Я хоць і пайшоў на пенсію, але да сённяшняга часу бяру ўдзел у вышыннай працы.

Кар.: Усё яшчэ? Некаторыя людзі і ў сорак гадоў жаляцца на свой «неспартыўны» узрост, а Вы па-ранейшаму трымаеце сябе ў такім тонусе!

Л.А. Палякоў: Так, і зараз! У наступным годзе, спадзяюся сустрэць юбілей, але без актыўнага ладу жыцця проста не магу сябе ўявіць.

paliakow 25

paliakow 27

Кар.: Леў Аляксандравіч, а Вы не лічылі, колькі на Вашым рахунку такіх «прамысловых вяршынь»?

Л.А. Палякоў: Некалі я сабе занатоўваў, куды мы едзем, і што будзем рабіць, але столькі падобных аб’ектаў было, што даўно ўжо збіўся з падліку!

Ва ўніверсітэце прыходзілася рабіць самую розную працу. Калі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка абвясціў 2003-ці Годам добраўпарадкавання, перада мной паставілі задачу ўзначаліць каманду, якая будзе наводзіць парадак у гарадской паркавай зоне. Мне далі ў дапамогу двух загадчыкаў лабараторый, двух сантэхнікаў, прыбіральшчыц, выдзелілі аўтамашыну. Было вельмі няпроста! Складанасці дастаўляла не толькі нязвыклая праца, але яшчэ і праблемы, звязаныя з «чалавечым фактарам». Тым не менш, з пастаўленай задачай справіліся. У той год якраз Дзмітрый Мікалаевіч быў прызначаны рэктарам. Ён прыязджаў да нас у парк, каб пацікавіцца, як у нас ідуць справы, спытаць, ці не патрэбна нейкая дапамога. Было вельмі прыемна!

А ўзімку 2004 года ў Магілёўскай вобласці здарылася трагедыя: пад час уроку праваліўся дах над спортзалам, былі ахвяры. Адпаведныя службы ўзялі справу ачысткі дахаў ад снегу і наледзі пад свой кантроль. Кіраўніцтва ўніверсітэта даручыла гэтую працу нам з Віктарам Аляксандравічам Фруцкім. Кандыдат навук і загадчык лабараторыямі «скакалі» па дахах і ў калегіуме, і тут у Наваполацку. Дзякуй Богу, альпінісцкая падрыхтоўка дазваляла гэта рабіць.

paliakow 28

paliakow 29

Кар.: Калі не памыляюся, Вы бралі ўдзел у некалькіх значных праектах, якія ажыццяўляліся ў Полацкім калегіуме.

Л.А. Палякоў: У лютым 2003 года я прысутнічаў у Сафійскім саборы на ўрачыстай цырымоніі перадачы ўніверсітэту карпусоў Полацкага калегіума. Заўжды стараўся не прапускаць падобныя мерапрыемствы, і тут мне пашчасціла: гэта была, на самой справе, гістарычная падзея!

Сапраўды, прыкласці руку да новай універсітэцкай пляцоўкі ў Полацку давялося і мне. У 2011 годзе, калі рабілі музычны гадзіннік з акадэмічным шэсцем, спатрэбіліся вышынныя работы. А ў той час арка, што вяла ва ўнутраны дворык калегіума, была занадта нізкай, каб туды мог заехаць аўтамабіль-вышка. Каму ж гэтую справу даручыць, як не турыстам – Фруцкаму і Палякову? Прыйшлося выкарыстаць альпінісцкія навыкі. Віктар мяне страхаваў – я лазіў. А трэба ж было зрабіць усё прыгожа, згодна з патрабаваннямі мастацкага кіраўніка праекта Віктара Рыгоравіча Лук’яненкі. З задавальненнем папрацавалі!

paliakow 30

paliakow 31

На наступны год падышла чарга калодзежу. Прыйшлося спускацца і туды. Складанасці пачаліся, калі зрабілі падсветку. Адпрацавала яна вельмі мала – высокая вільготнасць сапсавала праводку. Сталі яе перарабляць. Зараз для падсветкі выкарыстоўваецца спецыяльнае абсталяванне, і праблем больш няма.

paliakow 32

Кар.: Як да Вашага экстрэмальнага хобі ставіліся ў сям’і?

Л.А. Палякоў: Мая жонка, таксама ў горы хадзіла. Праўда не так высока. У 1983 годзе прыйшоў я з Алтая, і амаль адразу адсвяткавалі вяселле. Калі ў 1984, 1986 і 1988 нарадзіліся нашы дзеткі – два сыны і дачка, мая Людміла мяне заўжды адпускала. Дзякуй ёй за разуменне! А гэта ж зусім не відавочнае задавальненне! Мяне многія знаёмыя пыталіся: «Ну навошта табе гэтыя горы?» І маці перажывала: «Ай, разаб’ешся…» Але складанасці такога роду ў мяне былі толькі да таго часу, пакуль суседка не ўпала на лесвіцы і зламала нагу. Казаў: «Бачыце! Паўсюль нешта можа здарыцца, а я ж да горных паходаў рыхтуюся!»

Усё наша жыццё звязана з нашым ВНУ. Людміла вучылася ў НПІ на будаўнічым факультэце. Потым працавала ва ўніверсітэце, у тым ліку ў аддзеле па выхаваўчай рабоце з моладдзю. Колькі прыемных успамінаў засталося ў сувязі з мерапрыемствамі, якія ладзіліся пад кіраўніцтвам прарэктара па выхаваўчай рабоце Вікенція Гаўрылавіча Цыганкова і начальніка аддзела Галіны Вячаславаўны Паляковай!

paliakow 23

Жылі мы спачатку ў інтэрнаце № 3, потым у «Капейцы», як заўжды ў нас называлі інтэрнат № 1. Потым перасяліліся на Камсамольскую, 18 у наш інтэрнат № 4.

Кар.: Чым сёння займаюцца Вашы дзеці?

Л.А. Палякоў: Мае хлопцы скончылі Наваполацкі ліцэй, а дачка – школу № 9. Мы ніколі не сядзелі дома. У турклубе я займаўся з дзецьмі. Мае таксама далучыліся. Хадзілі ў паходы. Выставы або сустрэчы з пісьменнікамі, якія ладзіліся ў горадзе, абавязкова наведвалі ўсёй сям’ёй. Вучыліся дзеці добра! Калі старэйшы, Дзіма, скончыў ліцэй, толькі пачало ўводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне. На фізіцы ён набраў 100 балаў. Спачатку думаў паступаць у Мінск, а потым вырашыў ехаць у Маскву. На выбар канкрэтнага маскоўскага ВНУ вялікі ўплыў аказала даступнасць для яго студэнтаў інтэрнату, бо нейкія іншыя варыянты наша сям’я не пацягнула б. Так ён паступіў у Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Але Дзіма стаў вучыцца не на авіяінжынера, а на праграміста. Па спецыяльнасці працуе і сёння.

paliakow 21

paliakow 22

Малодшы сын, Віктар, паехаў у Маскву следам за братам. Толькі паступіў ён на спецыяльнасць, звязаную з авіярухавікамі. Ужо пад час навучання ў Маскве хлопцы пайшлі займацца ў інстытуцкі альпклуб. І адзін, і другі схадзілі на Эльбрус. Гэта для мяне вельмі прыемна, бо сам я да гэтай вяршыні не дабраўся. Першую такую магчымасць упусціў, калі трэба было спусціцца ўніз з дзяўчынай. Другі раз сам адмовіў сыну Віктару. Два ці тры гады таму ён прапанаваў: «Бацька, давай на Эльбрус сходзім!» Цэлы тыдзень не мог знайсці сабе месца. Вельмі спакушальная была прапанова! А потым тэлефаную кажу: «Віця, я ж аддаў свой ледасек у музей! Як жа я пайду…»

Віктар шмат вандруе і фатаграфуе. Ладзіць выставы сваіх фотаработ (апошняя была вясной у Полацку). Як AL-31F (АЛ-31Ф – гэта турбавінтавы рухавік, які, напрыклад, выкарыстоўваецца на самалёце СУ-27) вядзе старонку ў Livejournal. Акрамя таго, ён працуе намеснікам рэдактара анлайн-СМІ «Русский блогер». Бачыце, і па журналісцкай лініі адзін з сыноў пайшоў далей за свайго бацьку!

Кар.: Леў Аляксандравіч, Вы яшчэ не ўзгадалі пра ўласныя творчыя захапленні!

Л.А. Палякоў: На маю любоў працаваць рукамі найбольшы ўплыў аказала бабуля Лізавета Карпаўна, жонка рэпрэсіраванага піцерца. Яна ў свой час вышывала гладдзю і крыжыкам, а я потым дапамагаў ёй выцягваць мярэжку.

Калі пайшоў у школу, пачаў выпільваць лобзікам. У той час гэта было вельмі модна! Мы прыходзілі дадому да нашай першай настаўніцы і працавалі ў яе, рыхтуючы для школьнай выставы розныя вырабы. Зараз уявіць сабе такую практыку проста непамысна! У тэхнікуме ўжо пачаў працаваць з паяльнікам.

У інстытуце на творчасць мяне натхніў прыклад вельмі нечаканага для гэтай справы чалавека – выкладчыка кафедры фізвыхавання, майстра спорту па барацьбе Паўла Якаўлевіча Кавалеўскага. Я ўбачыў яго выставу карняпластыкі і захапіўся! Потым у Наваполацку пазнаёміўся з майстрамі з гарадскога цэнтру рамёстваў і традыцыйнай культуры. Увайшоў у іх асяроддзе. Было вельмі цікава! Стаў браць удзел у выставах. Мая Людміла доўгі час займалася лазапляценнем. Яна атрымала адпаведную падрыхтоўку ў Прыбалтыцы і да пераходу ва ўніверсітэт працавала майстрам на Полацкай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Яе працы карысталіся добрым попытам, вывозіліся за мяжу і нават сёння выстаўляюцца ў Наваполацкім краязнаўчым музеі! Потым Людміла вырашыла паставіць кропку ў гэтым занятку. Я ж, наадварот, не страціў інтарэсу і паціху варушуся ў творчасці. Працаваць з дрэвам дастаўляе мне вялікую асалоду! Люблю фатаграфаваць. Фотаапарат быў заўсёды са мной, бо па працы трэба было здымаць дэфекты. У падарожжах таксама фатаграфаваў. Ёсць, на маю думку, цікавыя работы.

Турыстычны гурток

Некалі прымаў удзел у факультэцкай выставе, якая была арганізаваная ў аўдыторыі № 371. Выстаўляў свае работы ў Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка. З нагоды 40-годдзя кафедры будаўнічай вытворчасці і сваёй працы ва ўніверсітэце зрабіў выставу на факультэце. Ёсць задума нешта падобнае ладзіць у бягучым ці наступным годзе. Трэба паказваць тое, што можаш зрабіць.

На адкрыцці выставы ўласных работ

Кар.: Можна толькі здзіўляцца рознабаковасці Вашых інтарэсаў і жаданню асвойваць нешта новае! Вось і наша гутарка праходзіць па-беларуску. Вельмі нечаканая «функцыя» для тэхнара! Адкуль у Вас такое выдатнае валоданне беларускай мовай?

Л.А. Палякоў: Надта ўжо добра я па-беларуску, на жаль, не размаўляю. Але стаўлюся да беларускай мовы з вялікай павагай! Натуральна, чуў яе я з самага дзяцінства. А калі наш старэйшы сын пайшоў у школу, ён патрапіў у адзін з першых беларускамоўных класаў у горадзе. Мы спрабавалі і дома па-беларуску размаўляць. Жонка мая – руская, аднак і яна ахвотна падтрымала гэтую ініцыятыву.

Натуральна, заўжды не хапала беларускамоўнага асяроддзя. Але мы з Тамарай Аляксандраўнай Грудніцкай некалі дамовіліся, што размаўляць будзем толькі па-нашаму. І Вольга Антонаўна Емяльянчык, з якой мы некалі жылі па суседству ва ўніверсітэцкім інтэрнаце на Маладзёжнай, 18, дапамагала мне атрымліваць належную моўную практыку. З Дзянісам Уладзіміравічам Дукам мы таксама прынцыпова карысталіся толькі беларускай мовай.

Кар.: Леў Аляксандравіч, што б Вы пажадалі нашаму ўніверсітэту?

Л.А. Палякоў: Я аддаў ПДУ амаль 42 гады. Застаў яго яшчэ філіялам, адпрацаваў увесь яго інстытуцкі перыяд і яшчэ два дзесяцігоддзі ўніверсітэцкага. Мне, натуральна, асабліва запомніўся час НПІ. Як мы тады дружна жылі! На святах і мерапрыемствах заўжды былі разам – ад доктара і кандыдата навук да асістэнта і лабаранта. Трэба на суботнік – усе там, незалежна ад заслуг і статусу, выйсці на лыжах – таксама! Роднаму ПДУ хацелася б пажадаць, каб атмасфера сяброўства і ўзаемапавагі і надалей яднала нашых студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Без адзінства ва ўніверсітэцкай сям’і немагчыма дасягнуць высокіх мэтаў!

paliakow 33

Мару, каб ПДУ стаў моцным еўрапейскі ўніверсітэтам, каб у ім натхнёна і творча працавалі выкладчыкі і супрацоўнікі, а нашы выпускнікі з гонарам маглі сказаць: «Я скончыў ПДУ!» Усім здароўя, веры ва ўласныя сілы і новых поспехаў!

Гутарыў Уладзiмiр Фiлiпенка 

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie