Напрыканцы мінулага навучальнага года, як і летась, у Полацкім дзяржаўным універсітэце адчыніла свае дзверы Летняя школа беларускай мовы і культуры для замежных слухачоў. Гэтым разам да нас завіталі не толькі студэнты з Даўгавпілскага ўніверсітэта, але і магістрант Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава.

Вытокі сучаснай беларускай культуры палягаюць у культуры традыцыйнай. Аповед пра яе быў распачаты ў першы ж дзень заняткаў доктарам гістарычных навук, дацэнтам кафедры гісторыі і турызму У.А. Лобачам і адразу захапіў слухачоў школы. Як штодзённае жыццё нітавала беларуская традыцыйная песня, распавяла калега Уладзіміра Аляксандравіча – кандыдат біялагічных навук, кіраўнік фальклорнага гурта «Варган» В.А. Емяльянчык. У пацверджанне таго, што спявалі на нашых землях спрадвеку ўсе без выключэння, незалежна ад музычнага слыху і голасу, Вольга Антонаўна правяла майстар-клас па традыцыйнай песні, прыгадаўшы актуальныя ў тыя дні купальскія спевы. Музычную тэму падтрымала ўдзельніца гурта «Варган» Алёна Ізергіна, якая расказала пра старажытныя інструменты і нават пайграла на дудзе. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў С.М. Лясовіч навучыла ўдзельнікаў Летняй школы старажытным танцам, а таксама расказала пра асаблівасці жаночага касцюма XIV ст., прадэманстраваўшы яго на сабе. На практычных занятках слухачы пазнаёміліся са спецыфікай і арнаментыкай беларускай выцінанкі і вышыўкі. У выніку ў кожнага атрымалася самаробная паштоўка ў тэхніцы выцінанкі, а асабліва цікаўныя слухачы змаглі паспрабаваць сябе ў вышыванні беларускага арнаменту. Блок вывучэння традыцыйнай культуры закончыўся развучваннем і выкананнем жартоўнай народнай песні-танца.

Знаёмства

Кожны накірунак беларусістыкі быў прадстаўлены лекцыйнымі і практычнымі заняткамі па знакавых для разумення культуры беларускага народа тэмах. На занятках разам з С.М. Лясовіч вялася размова пра перыяды, якія беларуская мова прайшла ў сваім развіцці, пра фанетычныя, граматычныя і сінтаксічныя асаблівасці беларускай мовы, адметную, у тым ліку і безэквівалентную лексіку. Безумоўна, нельга было не пачаць камунікацыю, засвоіўшы формы вітання па-беларуску.

майстэрства

Беларуская літаратура разглядалася ад старажытнасці да сучаснасці ў непасрэднай сувязі з гісторыяй беларускай кнігі. Выдатнай пляцоўкай для гэтага стаў Музей беларускага кнігадрукавання (адзіны ў краіне), а таксама інтэрактыўная экскурсія да помнікаў Еўфрасінні Полацкай, Францыску Скарыне, Сімяону Полацкаму, літары «Ў», якую правяла выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Н.Г. Апанасовіч. На лекцыйных занятках на прыкладзе «Жыція Еўфрасінні Полацкай» Наталля Генадзьеўна паспрабавала раскрыць спецыфіку старажытнага тэксту, патлумачыць яго адрозненні ад сучаснага, паказаць варыянты інтэрпрэтацыі, структуру, кампазіцыю, стварэнне вобразнай сістэмы. Спынілася яна і на найважнейшых момантах гісторыі ўшанавання беларускай святой. Асобны аповед быў прасвечаны Францыску Скарыну, чыё імя гучыць у свеце апошнія гады ў сувязі са святкаваннем 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і выдання Пражскай Бібліі. Слухачы не толькі пазнаёміліся з асобай Ф. Скарыны праз факты яго біяграфіі, адметнасць кніжных выданняў, асноўныя палажэнні публіцыстыкі, лірыкі, але і пагрузіліся ў праблематыку скарыназнаўства пасродкам цікавых, а часам і неверагодных сучасных гіпотэз, звязаных з гэтай вядомай, але па-ранейшаму таямнічай постаццю беларускай культуры.

лекцыі

Гаворачы пра сучасную беларускую літаратуру, не абмінулі ўвагай нашых знакамітых майстроў слова – Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Святлану Алексіевіч. Васіль Быкаў быў прадстаўлены як знакавы беларускі пісьменнік, чыё імя стала сімвалам «сумлення нацыі», а творчасць – выразніцай магістральнай тэмы ў беларускай літаратуры – тэмы вайны. Зместам лекцыі сталі фактары, што паўплывалі на фарміраванне пісьменніцкага светаўспрымання і мастацкай манеры, перыпетыі жыццёвага і творчага лёсу, спецыфіка так званай «быкаўскай аповесці».

Знаёмства з У. Караткевічам пачалося з практычных заняткаў, на якіх навучэнцы не толькі пазнаёміліся з лірыкай, але пад кіраўніцтвам Н.Г. Апанасовіч паспрабавалі свае сілы ў чытанні па-беларуску вядомых вершаў аўтара. Вынікам чытацкага трэнінгу стала невялікая інсцэніроўка пралога п'есы «Калыска чатырох чараўніц». Вывучэнне творчасці У. Караткевіча было працягнута кандыдатам філалагічных навук Наталляй Багданаўнай Лысовай. Беларускі пісьменнік быў прадстаўлены як чалавек і творца, для якога жыццё было найвышэйшай формай творчасці, а творчасць – самым сапраўдным адлюстраваннем жыцця. Праз найбольш значныя дасягнені раскрыта шматграннасць таленту, падкрэслена значэнне спадчыны У. Караткевіча ў беларускай літаратуры і культуры. Адным з найбольш пранікнёных момантаў лекцыі стала праслухоўванне верша ў выкананні самога аўтара, калі студэнты мелі магчымасць пачуць яго голас.

заняткі

Лекцыя, прысвечаная беларускай нобелеўскай лаўрэатцы Святлане Алексіевіч мела на мэце давесці да слухачоў грамадзянскую і творчую пазіцыю пісьменніцы, раскрыць мастацкую эвалюцыю, праблематыку і адметнасці яе літаратурнай спадчыны. Акрамя гэтага, быў закрануты спектр праблем, звязаных з вызначэннем жанравай прыроды твораў, іх інтэрпрэтацыі і ўспрымання.

Неабходна адзначыць, што ўсе лекцыі па літаратуры былі багата напоўненыя відэаматэрыяламі, многія з якіх былі прыкладамі экранізацый твораў пісьменнікаў і ў той жа час адлюстроўвалі адметнасць беларускай кінематаграфіі. Апошняй была прысвечана яшчэ адна лекцыя Н.Б. Лысовай. У выступе была прадстаўлена кароткая гісторыя беларускага кіно, адзначаны найбольш важныя стужкі і персаналіі «Беларусьфільма», дасягненні сучасных кінематаграфістаў і вядомыя паспяховыя экранізацыі беларускай літаратуры апошняга часу.

Вялікае ўражанне і цікавасць выклікала ў слухачоў школы наведванне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Многія факты, звязаныя з асобай Еўфрасінні Полацкай былі ўжо вядомыя навучэнцам па папярэдніх занятках, таму ім цікава было пазнаёміцца з асобай беларускай святой з пазіцыі праваслаўя. Асаблівае ўражанне і многа пытанняў выклікала наведванне Спаса-Праабражэнскай царквы і разгляд фрэсак, пра якія падрабязна распавяла экскурсавод манастыра. Захапляльным стаў аповед выкладчыка кафедры гісторыі і турызму А.Л. Коца пра спецыфіку раскопак вакол гэтай найстаражытнейшай царквы, пра таямніцы яе архітэктуры, якія ўжо адкрыліся археолагам, але невядомыя шырокай грамадскасці. Слухачы мелі магчымасць на свае вочы ўбачыць археалагічны матэрыял на месцы раскопу, даведацца пра спецыфіку яго вывучэння. На прыкладзе знойдзенай ля царквы плінфы А.Л. Коц патлумачыў і паказаў, якім чынам высвятляюць спосаб і магчымую тэхналогію вырабу матэрыялу, яго час і многае іншае.

З удзячнасцю адгукнуліся слухачы на эмацыйную і глыбокую экскурсію ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, праведзеную адной з таленавітых выпускніц Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а цяпер крэатыўнага і ўжо добра вядомага многім наведвальнікам музея супрацоўніка Наталлі Бурковай.

Полацк – асаблівы горад, дзе ўсё дыхае гісторыяй, пераплятаецца традыцыйнае і мадэрновае, мінулае і сучаснасць. Вандроўкі на Замкавую гару, па Ніжне-Пакроўскай вуліцы і праспекце Ф.Скарыны дазволілі пазнаёміцца з мінулым архітэктуры, убачыць сучасную скульптуру, даведацца пра факты гісторыі Полацка і Беларусі, убачыць прагажосць беларускай прыроды. На экскурсіі па карпусах Полацкага калегіума нашы госці дакрануліся да гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітета, убачылі папулярныя турыстычныя аб'екты.

экскурсія

Дарэчы, абеды ў Летняй школе таксама былі часткай знаёмства з беларускай культурай. Гасцінная кавярня «862» ля калегіума кожны дзень прапаноўвала шырокі дыяпазон страў беларускай кухні, і слухачы школы заўжды мелі магчымасць пакаштаваць нешта новенькае. Ну, а флаеры з фотаздымкамі і рэцэптамі страў удзельнікі забралі з сабой дадому як напамін і нагоду паспрабаваць сябе ў якасці беларускай гаспадыні.

У сувязі з заканчэннем дзейнасці візы латышская дэлегацыя з'ехала дадому крыху раней, а таму апошні дзень працы школы прайшоў у выглядзе індывідуальнага інтэнсіву-трэнінгу па беларускай мове для А. Шапавалава, праведзенага Н.Г. Апанасовіч. У выніку плённай і стараннай 6-гадзіннай працы Аляксей не толькі засвоіў асаблівасці асновы правапісу, азы словазмянення самастойных часцін мовы, але і загаварыў па-беларуску. Акрамя ведаў па мове, літаратуры і культуры, навучэнец школы атрымаў магчымасць пакарыстацца літаратурай на кафедры і ва ўніверсітэцкай бібліятэцы, абмеркаваць праблемы працы над сваёй магістарскай дысертацыяй.

Пасля прыезду дахаты ў Маскву Аляксей даслаў ліст, напісаны па-беларуску (чым вельмі ўсцешыў выкладчыкаў), у якім выказаў намер і далей самастойна займацца беларускай мовай, таму прасіў парады па выбары падручнікаў. Неабходна адзначыць А. Шапавалава як самага цікаўнага і стараннага навучэнца, праца з якім натхняла выкладчыкаў і прыносіла задавальненне.

Заключным акордам дзейнасці школы стала падвядзенне вынікаў, прапановы і парады па ўдасканаленні вучэбнай праграмы, абмен уражаннямі, якія слухачы выказалі ў пісьмовай форме. Вось некаторыя вытрымкі:

Āzere Dina: «Спасибо за теплый прием! Было необыкновенно интересно! Всего за одну неделю получили столько информации!! Информации, которая стимулирует дальнейшее изучение белорусской культуры (читать, слушать музыку, вырезать выцінанку, вышивать – сильное погружение получилось!). Благодарна вам за это!»

Lebedeka Aleksandra: «Хочу сказать огромное спасибо всем, благодаря кому состоялась летняя школа в ПГУ. Программа составлена четко, она была разнообразна, и каждый день мы познавали что-то новое. Мне очень понравился белорусский язык...»

Алексей Шаповалов: «Большое спасибо за увлеченный и компетентный рассказ о белорусском языке и культуре. За несколько учебных дней мы получили первоначальное, но довольно полное представление об основных особенностях белорусского языка и белорусской литературы на разных этапах ее развития. … Отдельное спосибо за неравнодушие и внимательное отношение к слушателям».

Azarevičs Pāvels: «Я доволен, что побывал на этой программе. Было интересно и познавательно узнать так много нового о Беларуси. Полоцк встретил нас дождем, но в процессе согрел своим теплом и показал себя во всей красе. Люди были отзывчивы и очень добры, а особенно организаторы. Спасибо им за проделанные труды».

экскурсія

У сваю чаргу арганізатары школы беларускай мовы і літаратуры С.М. Лясовіч і Н.Г. Апанасовіч выказваюць шчырую ўдзячнасць усім удзельнікам праграмы за актыўнасць, зацікаўленасць і парады на будучыню: абавязкова іх улічым!

Асобная падзяка Даўгаўпілcкаму ўніверсітэту, а менавіта кафедры русістыкі і славістыкі, за супрацоўніцтва. Безумоўна, вялікі дзякуй усім выкладчыкам гуманітарнага факультэта, якія адгукнуліся на працу і зрабілі дзейнасць школы змястоўнай, высоканавуковай і разам з тым цікавай і займальнай: У.А. Лобачу, В.А. Емяльянчык, Н.Б. Лысовай, А.Л. Коцу.

Дзякуем за спрыянне прарэктару па выхаваўчай працы П.В. Каваленку, загадчыцы кафедры сусветнай літаратуры і культуралогіі Т.М. Гардзяёнак, дырэктару ІПК І.А. Паздняковай і С.В. Баславяку, загадчыцы студэнцкім інтэрнатам № 6 З.А. Шаршуковай, а таксама ўсім, хто дапамагаў, за разуменне, аператыўнасць і падтрымку.

Каардынатары Цэнтра беларускай мовы і культуры С.М. Лясовіч і Н.Г. Апанасовіч

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie