18 мая 2017 года ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання супрацоўнікі Навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта арганізавалі наведванне Музея беларускага кнігадрукавання. Знакаміты музей, прысвечаны яе Вялікасці Кнізе, сустрэў супрацоўнікаў Навуковай бібліятэкі шчырасцю і гасціннасцю.

Супрацоўнікі Навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта

Праходзячы па залах музея, госці пазнаёміліся з багатай і неверагоднай гісторыяй кнігі – пачынаючы ад першых рукапісных скруткаў да сучаснай кнігі; пабачылі розныя матэрыялы і інструменты для пісьма. Строгі манах-перапісчык нагадаў пра цяжкую працу па стварэнні рукапіснай кнігі, а руплівыя наборшчык і друкар распавялі пра першыя друкаваныя выданні.

Першыя друкаваныя выданні

Знаёмства з багатай і неверагоднай гісторыяй кнігі

Праца па стварэнні рукапіснай кнігі

Падарожжа ў гісторыю кнігадрукавання

У адноўленай зале, прысвечанай выдатнаму прадстаўніку беларускай культуры эпохі Адраджэння Францыску Скарыне, прадстаўнікі бібліятэкі ПДУ мелі магчымасць пазнаёміцца з выдавецкай дзейнасцю нашага праслаўленага земляка-першадрукара, пабачылі, як выглядалі вядомыя Скарынаўскія кнігі.

На другім паверсе супрацоўнікі музея распавялі пра працу мастакоў-афарміцеляў, а таксама вялікую калекцыю беларускіх выданняў 19-20 стст. Сучасная паліграфія і кнігі лаўрэаты розных конкурсаў, лепшыя кнігі Беларусі – яшчэ адна важная частка экспазіцыі. На завяршэнне экскурсіі прадстаўнікі Навуковай бібліятэкі ПДУ пазнаёміліся з цудоўнай скульптурай Паўла Вайніцкага «Прысвячэнне роднаму слову», якая паказвае нашу родную беларускую мову на розных гістарычных этапах.

Цікавае і пазнавальнае падарожжа ў гісторыю кнігадрукавання прыйшлося ўсім да спадобы!

Знаёмства з дзейнасцю нашага праслаўленага земляка-першадрукара

Аўтар: Ірына Аляксандраўна Шупенька, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармавання карыстальнікаў Навуковай бібліятэкі
Фотаздымкі: Тамара Мікалаеўна Зянькова, намеснік дырэктара Навуковай бібліятэкі

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie