19 верасня адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання 22 дагавораў аб супрацоўніцтве Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай і школ Віцебскай вобласці па забеспячэнні функцыянавання інжынерных профільных класаў.

Удзельнікі ўрачыстай цырымоніі

Удзельнікі ўрачыстай цырымоніі

У 2023/2024 навучальным годзе кіраўніцтва Полацкага ўніверсітэта падпісала 10 дагавораў аб стварэнні інжынерных класаў, сёння іх колькасць павялічылася да 32. Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічалі дырэктары школ горада Віцебска, Наваполацка, Полацка, Оршы, Новалукомля, Талачына, Браслава, школ Віцебскага, Шумілінскага, Аршанскага, Міёрскага раёнаў.

Дэканы факультэтаў (фота 1) Дырэктары школ (фота 2)

Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі, рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай: «Задача, пастаўленая Кіраўніком дзяржавы, заключаецца ў забеспячэнні прадпрыемстваў нашай краіны інжынернымі кадрамі. Безумоўна, гэта важная задача, якую нам трэба будзе вырашаць разам. Мы выдатна разумеем, што для падрыхтоўкі спецыялістаў, неабходных рэгіёну і краіне ў цэлым, патрэбны матываваныя і добра падрыхтаваныя юнакі і дзяўчаты. І, безумоўна, гэтая задача па сілах нашай установе адукацыі.

З усіх абітурыентаў, якіх мы прымаем на першы курс, 82 працэнты складаюць выпускнікі ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці. Гэта наша асноўная база для набору і падрыхтоўкі студэнтаў. У мінулым годзе была сфарміравана новая магчымасць для выпускнікоў інжынерных класаў паступаць па асобнай траекторыі. Інжынерныя класы, на мой погляд, паспяхова функцыянуюць, і мы актыўна фармуем цікавасць да інжынернай адукацыі. У гэтым годзе нам трэба толькі паглыбіць ужо наладжаныя сувязі.

Мы ўскладаем вялікія надзеі на сёлетніх адзінаццацікласнікаў. Для іх запланаваны наведванні не толькі нашага ўніверсітэта, але і прамысловых прадпрыемстваў, у першую чаргу «Нафтана». Разумеючы, што ў інжынерныя класы ідуць у асноўным хлопцы, у будучым мы таксама плануем падключыць ваенную кафедру. Упэўнены, што з вашай падтрымкай у нас усё атрымаецца. Толькі разам мы зможам выканаць задачу па забеспячэнні рэгіёна і краіны інжынернымі кадрамі».

Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі

Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі, якія ўжо плённа супрацоўнічаюць з Полацкім універсітэтам, падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Ала Апалінараўна Валынец, дырэктар Сярэдняй школы №1 г. Наваполацка: «Хочацца падзяліцца досведам працы нашай установы адукацыі. З Полацкім універсітэтам мы працуем ужо даўно, і сённяшні дагавор – не першы для нас. Я магу з упэўненасцю сказаць, што гэты напрамак нашай дзейнасці вельмі важны не толькі ў кантэксце выбару прафесіі. Вядома, існуе сацыяльная замова, і рэгіён мае патрэбу ў вызначаных кадрах. Нажаль, дзеці яшчэ не заўсёды свядома выбіраюць прафесію. Нават у 11 класе мы бачым, што нашыя вучні часам не разумеюць, якую спецыяльнасць выбраць.

Праца, якая праводзілася ў папярэднія гады, вядома ж, дае свае вынікі. У гэтым навучальным годзе амаль 50% выпускнікоў нашай установы адукацыі выбралі Полацкі ўніверсітэт. Сярод іх быў і стобальнік, былі медалісты – матываваныя дзеці, якія свядома выбралі наш універсітэт. Мы вельмі гэтаму рады, бо юнакі і дзяўчаты застануцца ў нашым горадзе і будуць працаваць на нашых прадпрыемствах, што таксама з'яўляецца важным аспектам. Праведзена вялізная прафарыентацыйная работа. Мы актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах універсітэта сумесна са студэнтамі, і дзецям было вельмі цікава. Яны змаглі ўбачыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта.

Мы ўдзячны за сумесную працу, якая вялася цягам апошніх трох гадоў. Сёння мы з поўнай упэўненасцю прыйшлі сюды, бо мы ўжо маем класы інжынернай накіраванасці, з якімі мы з задавальненнем працуем. І дзеці ўжо свядома выбіралі інжынерны клас пры падачы заяў у школу.

Дзякуй вялікі, Юрый Яцэнтавіч, за наша супрацоўніцтва. Упэўнена, што наперадзе нас чакае плённая праца на многія гады».

Уладзімір Міхайлавіч Завадскі Ала Апалінараўна Валынец і Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі

Уладзімір Міхайлавіч Завадскі (фота 1) Ала Апалінараўна Валынец і Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі (фота 2)

Уладзімір Міхайлавіч Завадскі, дырэктар Сярэдняй школы №3 г. Талачына імя М.Б. Осіпавай: «Для нас гэты досвед з'яўляецца першым, і я хачу пачаць са шчырай падзякі за тое, як нас прынялі ў зносінах, калі мы пачалі выбіраць універсітэт для нашага класа. Мы патэлефанавалі, прызнаемся шчыра, у некалькі ўстаноў адукацыі, але менавіта ў размове з вамі мы атрымалі ўсе неабходныя адказы на нашыя пытанні. Здавалася б, гэта ўсяго толькі тэлефонная размова, але яна змяніла ўсё. Мы спынілі ўсе пошукі.

Нашае геаграфічнае становішча даволі цікавае – мы знаходзімся на мяжы трох абласцей і выбар быў вялікі. Але як толькі, я яшчэ раз паўтаруся, мы з вамі паразмаўлялі, мы вызначыліся. У мяне ёсць невялікі досвед знаёмства з вашым універсітэтам: я бываў тут некалькі разоў, у тым ліку на розных мерапрыемствах. Я бачыў ваш цудоўны стары корпус, і, трапляючы ў яго, разумееш, што знаходзішся ў сапраўдным еўрапейскім універсітэце.

Цяпер мы сыходзім у інжынерны кірунак, наш раён таксама прамысловы і ён мае патрэбу ў спецыялістах. Наша беларуская адукацыя даволі якасная. І нашая задача – падрыхтаваць спецыялістаў як для нашага раёна, так і для краіны ў цэлым.

Таму я шчыра дзякую вам за магчымасць падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве. Так, я разумею, што ў нас могуць узнікнуць некаторыя складанасці, але ўпэўнены, што, маючы зносіны і супрацоўнічаючы, мы зможам вырашыць усе праблемы і зрабіць наша ўзаемадзеянне сапраўды прадуктыўным».

Майстар-клас рэктара па матэматыцы

У той час як кіраўнікі ўстаноў адукацыі сабраліся за круглым сталом для абмеркавання пытанняў арганізацыі факультатыўных заняткаў «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію» для 10 і 11 класаў, будучыя навучэнцы інжынерных класаў наведалі экскурсіі па інавацыйных лабараторыях Полацкага ўніверсітэта і майстар-клас рэктара па матэматыцы.

Экскурсія па лабараторыях

Стварэнне інжынерных класаў – гэта значны крок у падрыхтоўцы спецыялістаў у вобласці тэхналогій. Доступ да сучасных лабараторый і абсталявання дазваляе навучэнцам прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы, а таксама дапамагае зрабіць выбар будучай прафесіі больш усвядомленым.