5 снежня UI GreenMetric World University Rankings афіцыйна аб'явіў вынікі свайго рэйтынгу за 2025 год. Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай размясціўся на 863 радку сусветнага рэйтынгу UI GreenMetric, заняўшы другое месца сярод 11 устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.
UI GreenMetric ацэньвае ўстойлівасць і экалагічную эфектыўнасць універсітэтаў па ўсім свеце. Праект ініцыяваны ў 2010 годзе Універсітэтам Інданезіі і накіраваны на прыцягненне ўвагі рэктараў і зацікаўленых бакоў для засяроджвання намаганняў на глабальных праблемах, такіх як змяненне клімату, чыстая энергія, захаванне водных рэсурсаў, перапрацоўка адходаў і зялёны транспарт. Для дасягнення гэтых мэт неабходна павысіць дасведчанасць і змяніць паводзіны шырокага кола людзей.
Рэйтынг грунтуецца на розных паказчыках, у тым ліку:
- Наяўнасць зялёных прастор, выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі і экалагічна чыстых тэхналогій
- Спажыванне энергіі і выкарыстанне энергаэфектыўных рашэнняў
- Сістэмы ўтылізацыі і перапрацоўкі адходаў
- Выкарыстанне экалагічна чыстага транспарту і ініцыятывы па скарачэнні выкідаў вугляроду
- Праграмы і даследаванні ў галіне ўстойлівага развіцця і экалогіі
У 2025 годзе рэйтынг прысвечаны тэме «Дасягненне мэт устойлівага развіцця ў сферы вышэйшай адукацыі». У яго ўвайшлі 1745 універсітэтаў са 105 краін свету. Пра усведамленне важнасці ўстойлівага развіцця ў акадэмічным асяроддзі сведчыць статыстыка: калі 15 гадоў таму рэйтынг налічваў усяго 95 універсітэтаў, то ў 2024 годзе іх колькасць узрасла да 1477.
Прадстаўнікі Полацкага ўніверсітэта актыўна ўдзельнічаюць у праектах, накіраваных на аднаўленне лесу і клопат аб навакольным асяроддзі. Акрамя таго, універсітэт актыўна працуе над добраўпарадкаваннем тэрыторый сваіх карпусоў і інтэрнатаў. Прыярытэтам з'яўляецца не толькі навучанне студэнтаў, але і натхненне іх на актыўныя дзеянні ў сферы аховы прыроды.

