3 лістапада 2012 года ў актавай зале корпуса «Б» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма «Альманы» і канцэртнай праграмы «Песні з Палесся – Беларусь» у выкананні вакальнай групы «Z LASU» (Польшча).

Фільм і канцэртная праграма былі падрыхтаваны ў рамках праекту «Галасы Еўропы. Традыцыйныя песні Палесся ў сучаснай культуры – польска-беларуска-украінскае культурнае супрацоўніцтва», рэалізаванага таварыствам «Панарама культур» (Польшча). Партнёрамі і ўдзельнікамі праекту сталі этнографы, этнамузыколагі і фалькларысты з Польшчы, Беларусі і Украіны.

Прэзентацыя фільма «Альманы» - Вакальная група «Z LASU»

Здымкі дакументальнага фільма праходзілі ў вёсцы Альманы Столінскага р-на Брэсцкай вобласці падчас этнаграфічных экспедыцый 2011–2012гг. Аўтарам праекту і рэжысёрам фільма з’яўляецца польскі культуролаг Ягна Кнітэль, якая ўжо больш за 10 год вывучае архаічную спеўную культуру Палесся. Вёска Альманы, размешчаная на ўскрайку самага вялікага ў Еўропе балотнага масіва, доўгі час знаходзілася ў адноснай ізаляцыі і захавала нямала архаічных рыс культуры, што прыцягвала ўвагу даследчыкаў яшчэ ў пачатку ХХ ст. У прыватнасці, у 20-30 гг. ХХ ст. у Альманах праводзіў свае сацыялагічныя даследаванні сусветна вядомы польскі этнограф і сацыёлаг Ёзэф Абрэмбскі.

Палескія песні, запісаныя ў экспедыцыях 2011–2012гг., леглі ў аснову вакальна-театралізаванай пастаноўкі, падрыхтаванай пад кіраўніцтвам выкладчыцы кафедры айчынннай і ўсеагульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольгі Антонаўны Емяльянчык сумесна з польскім рэжысёрам Пшемыславам Веселковскім. Пастаноўка, у якой прынялі ўдзел студэнты і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з Польшчы, з поспехам была прадстаўлена ў тэатры Ежы Гратоўскага ва Вроцлаве, у Тэатральным Інстытуце ў Варшаве, у Музеі Падляшша ў Беластоку (Польша). У пачатку лістапада адбудзецца прэзентацыі фільма і канцэртнай праграмы ў Мінску.

Прэзентацыя фільма «Альманы» - Вакальна-театралізаваная пастаноўка

Прэзентацыя фільма «Альманы»

У рамках праекту на аснове матэрыялаў, запісаных падчас этнаграфічных экспедыцый 2011–2012 гг. у Пінскім і Столінскім раёнах, быў створаны дыск DVD з дакументальным фільмам, фотаздымкамі і песнямі з гэтых раёнаў.

Вольга Емяльянчык, фота Iрына Шыпко

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie