За мінулымі каляднымі святамі, магчыма, не ўсе выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта заўважылі яшчэ два знакавыя дні нараджэння. Па-першае, у пачатку каляндарнага года ў нас з’явілася новая адміністрацыйна-структурная адзінка – кафедра славянскай філалогіі. Па-другое, свой невялікі юбілей у гэтыя ж дні адзначыла і яе першая загадчыца – кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Міхайлаўна Лясовіч.

Мы палічылі немагчымым праігнараваць такое цудоўнае супадзенне. У нашай традыцыйнай вялікай гутарцы – шматкаляровы свет навуковай і мастацкай творчасці Святланы Міхайлаўны, цікавыя старонкі гісторыі кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў, сённяшні дзень і перспектывы развіцця кафедры славянскай філалогіі.

Святлана Міхайлаўна Лясовіч

Кар.: Святлана Міхайлаўна, адкуль Вы родам? Хто Вашы бацькі?

С.М. Лясовіч: Нарадзілася ў Наваполацку ў сям’і інжынераў. Бацькі атрымалі адукацыю па спецыяльнасці «Машынабудаванне» ў нашым тады яшчэ Наваполацкім політэхнічным інстытуце і пасля працавалі на «Вымяральніку».

1 курс мехфака

Бацькі

У маёй сям’і шмат чыталі. У савецкі час папулярныя былі суполкі кнігалюбаў, дзе замаўлялі кнігі па падпісках. Я памятаю, як амаль з кожнай зарплаты бацька прыносіў дадому новыя кніжкі. Акрамя таго, мая любоў да вандровак – працяг дзіцячых уражанняў ад паходаў у лес з бацькам па выходных. У школе вучылася добра, але скончыла яе без медалёў. Бацькі ў мяне былі правільныя і не прымушалі рабіць тое, да чаго не ляжала душа (хімію ці фізіку). А навокал было шмат цікавых заняткаў, якія каротка можна назваць «мастацкая самадзейнасць». Грала на гітары і спявала (зрэдку нават сваю творчасць). Удзельнічала ў тэатры мод, які існаваў тады ў СШ № 12 і быў больш падобны да пластычных пастановак, чым да дэфіле.

На дошцы гонару

Выпускны

Зорны дождж

Кар.: Вы не пайшлі бацькоўскім шляхам, але чаму была абраная менавіта спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура, сусветная і айчынная культура»?

С.М. Лясовіч: Настаўніцай я хацела быць са школьных гадоў. Мая бабуля, бацькава маці, Вера Аляксандраўна, часта горача расказвала пра сваю мару стаць настаўніцай, ажыццявіць якую не дазволіла вайна. Казала: «Вучыся, дзетка, можа ў цябе атрымаецца...» Бабуля была для мяне аўтарытэтам і прыкладам ва ўсім. Я ў яе вучылася, як аддана працаваць, калі за што бярэшся. Можа таму яе арыенціры незаўважна сталі маімі.

Захапленне беларушчынай – вынік працы любімай настаўніцы беларускай мовы Лідзіі Канстанцінаўны Ярахновіч. Гэты светлы чалавек для мяне з'яўляецца ўзорам педагога з вялікай літары. Трэба сказаць, што я расла ў рускамоўнай сям'і. Бацька, Міхаіл Яўгенавіч, беларус, родам з Верхнядзвінска, і бабуля мая размаўляла на трасянцы. А вось па лініі маці, Ларысы Уладзіміраўны, беларусаў няма. Яна руская, нарадзілася на радзіме Льва Талстога ў Яснай Паляне пад Тулай. Таму, кажучы па-навуковаму, у мяне білінгвальная моўная свядомасць. Матчын бацька быў вайсковец. Сям’я шмат пераязджала з месца на месца. Нават у Германіі пэўны час жылі. Але мая бабуля вельмі хацела нарадзіць на сваёй малой радзіме і спецыяльна вярнулася для гэтага ў Ясную Паляну. Урэшце рэшт яны аселі ў Наваполацку. Тут маці ўжо скончыла сярэднюю школу № 6 (гэта цяперашняя гімназія). Атрымліваецца, як і майго бацьку, яе можна залічыць да мясцовых.

Я вельмі любіла і добра ведала гісторыю, а таму адным з варыянтаў выбару будучага шляху ў жыцці была спецыяльнасць гісторыка. Паступіла б сабе на гісторыю ў ПДУ, вучылася б на адным курсе з Віктарам Якубавым, маім аднакласнікам у малодшай школе, які зараз ужо выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, і засталася б у Наваполацку. Але гэтая магчымасць адышла на другі план пасля маёй паездкі на рэспубліканскую алімпіяду па беларускай мове. Там патрапіла ў стыхію, якую адчула сваёй! Я зразумела, што гэта маё! А ў ПДУ да пачатку 2000-х атрымаць жаданую спецыяльнасць яшчэ было нельга. Першы набор у групу АБ («Англійская мова. Беларуская мова і літаратура») быў зроблены толькі ў 2002 годзе, калі я сама прыйшла сюды працаваць.

Група 04-АБ

Мае бацькі-тэхнары заўсёды скептычна ставіліся да маіх захапленняў філалогіяй і жартам называлі мяне «ахвярай нацыянальнага адраджэння 90-х». Але я ім вельмі ўдзячная за тое, што яны падтрымалі маё жаданне вучыцца на спецыяльнасці, якая мяне захапіла, ехаць у іншы горад, што патрабавала ад сям'і пэўных выдаткаў.

А вось на падрыхтоўчыя курсы я хадзіла займацца ў ПДУ. Памятаю, гісторыю Беларусі нам чытаў універсітэцкі выкладчык Уладзімір Фёдаравіч Ільюхін. Зараз і не прыгадаю, ці наведвала я такія курсы па беларускай мове. А вось пра лекцыі па гісторыі ў мяне засталіся самыя добрыя ўспаміны.

Кар.: Чым запомніліся і што далі Вам студэнцкія гады?

С.М. Лясовіч: Час навучання ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава – сапраўднае свята кожны дзень! Паступіла, як Вы ўжо казалі, на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура, сусветная і айчынная культура». Першы курс – гэта бясконцая эйфарыя ад таго, што ты чытаеш і вывучаеш толькі тое, што табе цікава (у параўнанні са школай). У нас было шмат літаратур – антычная, руская, беларуская, народаў СССР, замежная. Памятаю сябе пастаянна з кнігай і алоўкам у руцэ – у сталоўцы, аўтобусе, трамваі. У любую вольную хвіліну – чытанне як перманентны працэс. І гэта было ў асалоду!

Што да культуралагічнага складніка маёй спецыяльнасці, то нашай групе вельмі пашанцавала з куратарам – Людмілай Уладзіміраўнай Вакар. Яна выкладала ў нас мастацтвазнаўства і гісторыю беларускай культуры і клікала на ўсе культурныя імпрэзы Віцебска, далучаючы да вывучэння культуры знутры, зблізку, а не па падручніках. Кожны паход на любую выставу суправаджаўся гістарычным экскурсам, параўнаннямі, паралелямі. Іншымі словамі, гэта былі жывыя лекцыі па мастацтве па-за заняткамі. Ва ўніверсітэце ў мяне былі цудоўныя педагогі, якіх я не аднойчы з удзячнасцю ўзгадвала, пачаўшы працаваць. З тым багажом ведаў, які яны мне падаравалі, было лёгка арыентавацца ў новых умовах.

Кар.: Як Вы прыйшлі ў студэнцкую навуку?

С.М. Лясовіч: Чалавекам, які паўплываў на маё станаўленне як даследчыка, стаў Юрый Міхайлавіч Бабіч – к.ф.н., дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя П.М. Машэрава. Ён чытаў у нас курсы па сучаснай беларускай мове і культуры маўлення, быў вельмі строгім (яго ўсе баяліся!), але неардынарным выкладчыкам. І калі прыйшла пара выбіраць, у каго пісаць курсавую, я без ваганняў ведала, з кім будзе цікава. Паколькі вучылася на двайной, філалагічна-культуралагічнай, спецыяльнасці, то мы вывучалі розныя творы мастацтва, аналізавалі іх. Колер, так ці інакш, заўсёды фігураваў. Юрый Міхайлавіч якраз займаецца даследаваннямі каларыстыкі. Ён першым у Беларусі пачаў яе грунтоўна вывучаць, абараніў дысертацыю і выдаў манаграфію па гэтай тэматыцы. Курсавыя работы яго падначаленых былі пераважна менавіта па каларыстыцы.

С.М. Лясовіч з Ю.М. Бабічам

Студэнты часта дрэнна ўяўляюць, што такое навука і даследаванне. І ў гэтым плане вельмі знакавай для мяне стала паездка на 4 курсе на студэнцкую канферэнцыю ў Гродна. Так атрымалася, што з Віцебска з нашага факультэта паехалі некалькі гісторыкаў і я. Акрамя самой канферэнцыі, якая вельмі адрознівалася ад звычайнай унутрыўніверсітэцкай, моцныя ўражанні засталіся ад вандровак па гарадскіх славутасцях. Хлопцы-гісторыкі адкрылі для мяне чараўніцтва старажытнай Гародні! Мы, пэўна, абышлі ўсе помнікі архітэктуры і ўсе музеі. Пры гэтым мае спадарожнікі, а сярод іх былі, дарэчы, цяперашнія кандыдаты гістарычных навук Яўген Аляксандравіч Грэбень і Анатоль Мікалаевіч Дулаў, расказалі шмат цікавага і пра мінулае горада, і пра беларускую гісторыю ў цэлым.

Паездка ў Гродна

Менавіта тады я зразумела, што даследчык пачынаецца з апантанасці, вялікай любові да аб'екта, які ён даследуе. Пасля паездкі ў мяне склаўся стэрэатып, які ўскладняе жыццё маім сённяшнім студэнтам-гісторыкам. Гісторык – гэта скарбнік усёй культурнай мінуўшчыны, ён збірае ў сваёй свядомасці і транслюе гэтыя важныя веды іншым. Калі бачу дрэнную падрыхтоўку, так і хочацца сказаць «Хто, калі не вы?..»

Кар.: Якім чынам прафесійны лёс прывёў Вас у ПДУ?

С.М. Лясовіч: Кудысьці ехаць з родных мясцін не хацелася. Ды, па шчырасці, і не атрымлівалася вандраваць з малой дачкой. Таму пасля заканчэння ўніверсітэта я была размеркавана ў СШ № 14 г. Наваполацка. Па сённяшні дзень з вялікай пяшчотай прыгадваю маіх малых пяціклашак, якія, прыйшоўшы з пачатковай школы, паглядалі на ўсё з цікаўнасцю і беспардоннай непасрэднасцю. Але ў школе я папрацавала толькі некалькі месяцаў, да паступлення ў дзённую аспірантуру.

Разам з тым адчайны аптымізм штурхнуў улетку проста прыйсці да загадчыка кафедры сусветнай літаратуры і культуралогіі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Аляксандравіча Гугніна. Прынесла сваю дыпломную работу і кажу: «Планую жыць у Полацку і пакуль размеркавана працаваць у школе. Але калі Вы мяне возьмеце на кафедру…» Прафесар ўважліва паглядзеў, спытаў, што мяне прываблівае ў маёй тэме, заклікаў займацца навукай і запрасіў восенню паўдзельнічаць у студэнцкай канферэнцыі. Так і зрабіла!

Лясовіч С.М. з Гугніным А.А.

Аляксандр Аляксандравіч любіць распавядаць гісторыю пра сваю рэакцыю на мой нечаканы візіт. Я сышла, а ён пачаў тэлефанаваць у Віцебск, каб ад калег даведацца, хто я такая. Звязаўся з Валянцінай Аўраамаўнай Маславай. Але ж яна ў нас, у «беларусаў», нічога не выкладала і мяне не ведала. Прыйшла на кафедру беларусазнаўства: «Што за Лясовіч у вас такая?» Мяне там пачалі хваліць. Валянціна Аўраамаўна патэлефанавала Сан Санычу і дала мне станоўчую рэкамендацыю: «Добрая дзяўчынка! Бярыце!»

Вельмі ўдзячна Аляксандру Аляксандравічу, што ён не адправіў адразу ў свет нейкую незнаёмку з вуліцы, а ўважліва яе выслухаў, параіў займацца навукай. З верасня мне ўжо прапанавалі весці курс «Гісторыя беларускага мовазнаўства» ў першых студэнтаў спецыяльнасці «Англійская мова. Беларуская мова і літаратура». Дзяўчаты і хлопцы з АБ сталі ў далейшым маім любімым клопатам. З кожным годам, з кожным новым наборам, мы сталелі разам!

Гр. 10-АБ

Кар.: Лёгка было ўліцца ў новы калектыў?

С.М. Лясовіч: Лёгка. І я чалавек камунікабельны, і на кафедры людзі аказаліся адкрытымі і добразычлівымі. Асабліва мяне ўразілі Наталля Багданаўна Лысова, да якой заўсёды можна было звярнуцца як да энцыклапедыі, атрымаўшы паралельна глыбокі крытычны нарыс пра з’яву, і Віктар Дзмітрыевіч Мятла, які на любы выпадак меў слоўную формулу з беларускай народнай творчасці. Мне пашчасціла працаваць у добрай, утульнай атмасферы калектыву кафедры. Таму адасабленне кафедры славянскай філалогіі, што адбылося ў пачатку 2019 года, выклікае і сум па страце адзінства кагорты людзей, якія былі ад пачатку побач – разам пераязджалі і абжывалі старажытныя будынкі Полацкага калегіума, прымалі новыя кадры са сваіх навучэнцаў. Але, я думаю, гэта цяпер добрая нагода ўмацоўваць сувязі паміж нашымі кафедрамі і працаваць у тандэме. Бясспрэчна, мне пашанцавала з кіраўнікамі: Аляксандр Аляксандравіч заўсёды быў для мяне прыкладам тытанічнай працаздольнасці, мудрасці і ўпартасці, а ў Таццяны Міхайлаўны Гардзяёнак трэба бясконца вучыцца дальнабачнасці і стратэгічнаму мысленню, крэатыўнаму падыходу да працы. Я з удзячнасцю слухаю яе парады, бо да яе вопыту мне яшчэ расці і расці.

С.М. Лясовіч на кафедры

Кар.: Раскажыце, калі ласка, пра Ваша дысертацыйнае даследаванне. Чым Вас прывабіў Уладзімір Караткевіч, і што Вы адкрылі для сябе новага ў нашым класіку?

С.М. Лясовіч: Пасля заканчэння ўніверсітэта пытанне тэмы дысертацыі было адкрытым і няпростым. Не заўсёды тое, што падабаецца вывучаць, з'яўляецца дысертабельным. Але, нават не дамаўляючыся, я і навуковы кіраўнік, Ю.М. Бабіч, сышліся на тым, што гэта будзе Уладзімір Караткевіч. Гэты пісьменнік заўсёды быў для мяне прыцягальным сваёй шчырасцю ў любові да ўсяго беларускага, заснаванай не на пафасе воклічаў, а на глыбокім веданні гісторыі, этнаграфіі, культуры беларусаў, прывабны сваім уменнем ўсё гэта выказаць і нарадзіць сугучнае пачуццё, сваёй рамантычнасцю і прынцыповасцю. Чым больш я знаёмілася з творчасцю Караткевіча, тым больш у мяне з'яўлялася адчуванне, што ўсе рашэнні ў жыцці (нават самыя складаныя і драматычныя) прымаць лёгка, калі ты сам сабе адкажаш на пытанне «дзеля чаго?» Мне гэта часта дапамагае.

Тэма маёй дысертацыі – «Сістэма колераабазначэння ў мове твораў Уладзіміра Караткевіча: структурна-семантычны, функцыянальны і кагнітыўны аспекты». Вывучэнне каларыстыкі пачалося пасля 4 курса, калі, як не дзіўна, я знаходзілася ў акадэмічным адпачынку з нагоды нараджэння дачкі Паліны. Колер – катэгорыя, што нітуе ў сабе багата інфармацыі пра свет, і расшыфроўваць гэтыя знакі, якія прайшлі праз творчую свядомасць і адбіліся ў мастацкім тэксце, заўсёды вельмі цікава.

Базай даследавання быў абраны поўны збор твораў пісьменніка. У ім было зафіксавана 8260 словаўжыванняў колераабазначэнняў, сярод якіх 733 колеранайменні (гэта акрамя выпадкаў перадачы колеру апісальным шляхам і шляхам параўнання). Уяўляеце, колькі назваў колераў выкарыстоўвае пісьменнік! Які ў яго каляровы свет! Трохі статыстыкі. Чатыры колеракоды (сукупнасць усіх колераэлементаў, аб’яднаных колеравай дамінантай), якія вылучаюцца частотнасцю ўжывання сваіх колеравых адзінак, – «белы» (1591), «чырвоны» (1220), «жоўты» (1198), «сіні» (1085). «Белы» і «чырвоны» невыпадкова ў ліку першых, бо гэта асноўныя колеры беларускай народнай традыцыі. Характэрна, што і класік беларускай літаратуры Якуб Колас таксама аддаваў перавагу згаданым фарбам. Самыя частотныя каларонімы ў творах У. Караткевіча – «белы» (887), «чорны» (836), «сіні» (502), далей – «чырвоны», «зялёны», «шэры», «блакітны», «залаты», «сівы», «жоўты». Паводле разнастайнасці колеранайменняў дамінуе код «жоўты» – 165 найменняў, потым ідуць «белы», «чырвоны», «сіні».

У Караткевіча вельмі шмат своеасаблівых колеранайменняў! Некаторыя з іх Вы не знойдзеце ні ў адным слоўніку. Напрыклад, «колеру заваркі чаю», «колер казкі», «колерам… вось зімой такое кола вакол поўні», «салома такая бывае», «колерам як мядзведзь н...» (вось што ён там меў на ўвазе?!) Яго колеранайменні звычайна з’яўляюцца кампазітамі: першая частка – назва колеру, а другая – якое-небудзь рэчыва (алавяны, свінцовы і г.д.), або два колеры: сівалапы, іссіня-чорны, белагаловы і інш. Колеракампазіты складаюць больш за палову ўсіх назваў колераў. Тэксты Караткевіча маюць вельмі багатую каларыстыку.

У вывучэнні колераў прысутнічае не толькі мастацкі аспект. Гэта пагружэнне ў культуру ва ўсёй яе разнастайнасці. У даўнія часы з тканіны не любога колеру заможнай жанчыне можна было пашыць сукенку. Існавалі колеры статусныя, а былі і такія, што заставаліся бядноце. Вывучыўшы эвалюцыю поглядаў на колер, было цікава прасочваць, як гэта рэалізуецца ў літаратуры. Гэта ўжо рабілася неяк мімаволі. Хацелася разабрацца, як той ці іншы аўтар выкарыстоўвае колеравую сімволіку, што за кожным з колераў стаіць.

Кар.: Вы дагэтуль працягваеце даследаваць колеранайменні ў літаратуры?

С.М. Лясовіч: Не скажу, што колеры мне з часам надакучылі, але, калі я ўжо абараніла дысертацыю, прыйшло нейкае адчуванне стомленасці. Таму невыпадкова, што ў мяне з’явіўся іншы аб’ект зацікаўленасці. Сваю кандыдацкую дысертацыю я хацела пачынаць з кагнітыўнай лінгвістыкі і канцэптаў. Першапачаткова тэма гучала як «Канцэптасфера колеру ў творчасці Уладзіміра Караткевіча». Але на маёй першаснай унутрыўніверсітэцкай экспертызе ўжо ўзгаданая вышэй Валянціна Аўраамаўна Маслава, наш выдатны спецыяліст у галіне этналінгвакультуралогіі, сказала: «З гэтымі канцэптамі ты ніколі не абаронішся, бо ў нашым ВАКу сядзяць вельмі кансерватыўныя людзі». Такім чынам, напрыканцы трэцяга года навучання прыйшлося мяняць тэму. Тым не менш, я ўвесь час вяртаюся да гэтых паняццяў, бо яны яднаюць мову і культуру народа, якія, бясспрэчна, непарыўна знітаваны. Ёсць намер выдаць нарэшце манаграфію паводле маіх даследаванняў Уладзіміра Караткевіча менавіта з акцэнтам на кагнітыўны аспект.

Ужо пасля абароны я вярнулася да канцэптаў і пачала вывучаць найбольш універсальныя з іх – час, прастора і г.д. – на матэрыяле Караткевіча. Гэта вельмі цікава! Уладзімір Сямёнавіч, мала таго, што як асоба вельмі прывабны, ён яшчэ – адметная постаць сваёй эпохі і гісторык. Характэрна, што калі Караткевіч гаворыць пра дрэнны час, ён любіць паўтараць у розных тэкстах параўнанне «як трыста год таму». Разгледзець яго творчасць скрозь прызму канцэптаў будзе, на мой погляд, вельмі пазнавальна.

Кар.: Наколькі гэты кірунак даследавання распрацаваны ў беларускай навуцы?

С.М. Лясовіч: Варта адзначыць, што на беларускамоўных тэкстах канцэпты нядрэнна даследаваны на ўзроўні аналізу этнаграфічнага матэрыялу. У першую чаргу, зразумела, хочацца прыгадаць даследаванні і манаграфію Уладзіміра Аляксандравіча Лобача «Міф. Прастора. Чалавек: традыцыйны культурны ландшафт беларусаў у семіятычнай перспектыве» – чытаць і перачытваць! Зараз жа супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі збіраюць корпус тэкстаў беларускай мовы. Чым багацейшым ён акажацца, тым больш цікавыя вынікі можна будзе атрымаць. У нас гэты напрамак яшчэ адносна малады, але наяўную базу ўжо можна выкарыстоўваць у даследчыцкай дзейнасці. Расійскія калегі гэтую працу практычна выканалі, бо корпусная лінгвістыка ў краіне-суседцы развіваецца ўжо даволі даўно. Расійскі даследчык Юрый Сяргеевіч Сцяпанаў вылучыў для рускай мовы кола канцэптаў, якія ён лічыць ключавымі. У беларускай мове шэраг канцэптаў вызначыла віцебская даследчыца Кацярына Сяргееўна Півавар. Але матэрыялам, над якім яна працавала, былі выключна творы школьнай праграмы.

Проста ўзяць і «пакарыстацца» расійскімі напрацоўкамі нельга. Канцэпт – гэта спалучэнне мовы і культуры. За моўнымі знакамі стаіць шмат іншага. Калі слоўнік падае лексічнае значэнне слова, то ён не здольны перадаць усе магчымыя сэнсы, якія былі назапашаныя народам. Натуральна, ёсць такія ўніверсальныя канцэпты, як час і прастора. Але ў беларускіх і рускіх тая ж самая прастора будзе прадстаўлена зусім іншымі рэаліямі. Так у нас, бясспрэчна, адным са знакавых канцэптаў будзе балота. Гэта выдатна прасочваецца і з пункту гледжання колькасці найменняў-сінонімаў паняцця, і з пункту гледжання таго, наколькі часта мы звяртаемся да гэтага топаса. Напрыклад, Караткевіч параўноўвае кроў з журавінамі, балотнымі ягадамі. Падобнае параўнанне, на мой погляд, будзе чыста беларускім. Малаверагодна, каб мы знайшлі нешта падобнае ў рускіх. І вось на гэтым полі кагнітыўнай лінгвістыкі ў нас яшчэ непачаты край работы! Магчыма, менавіта ў гэтым рэчышчы і буду працаваць над сваёй доктарскай дысертацыяй.

Кар.: Вы марылі стаць настаўніцай. Ці задаволены Вы сваёй выкладчыцкай працай ва ўніверсітэце?

С.М. Лясовіч: Ад моманту прыходу ва ўніверсітэт я атрымлівала вялікую асалоду, працуючы з маімі любімымі «абэшкамі» – студэнтамі спецыяльнасці «Англійская мова. Беларуская мова і літаратура». Вялікая колькасць дысцыплін, якую давялося выкладаць («Сучасная беларуская мова» (усе раздзелы), «Гісторыя беларускай мовы», «Гісторыя беларускага мовазнаўства», «Гісторыя культуры Беларусі», «Гісторыя культуры», «Культуралогія», «Эстэтыка», «Методыка беларускай літаратуры», «Методыка беларускай мовы», «Беларуская анамастыка», «Лінгвакультуралогія», нарэшце, «Руская мова як замежная») стала добрай падставай для ўдасканалення сябе. Мне пашчасціла на дапытлівых студэнтаў, з якімі мы рабілі першыя крокі ў навуку і якія сталі нашымі выкладчыкамі (Зоя Іванаўна Траццяк, Вера Адамаўна Гембіцкая-Бортнік, Любоў Уладзіміраўна Хвашчэўская, Кацярына Мікалаеўна Гражэўская, Святлана Міхайлаўна Буднік). Гэта была яшчэ адна крыніца майго натхнення. На жаль, сёння набор на спецыяльнасць, якой была б прадстаўлена беларуская філалогія, спынены. Я спадзяюся, што час, калі дзяржаве спатрэбяцца беларускія філолагі яшчэ прыйдзе...

Пасля паездкі на стажыроўку ў Даўгавпілскі ўніверсітэт (ДУ) у снежні 2016 года распачалося плённае супрацоўніцтва з латышскімі калегамі. Яго галоўным вынікам сталі Майскія і Летнія школы для студэнтаў-філолагаў. Пазней, у 2017 годзе, быў створаны Цэнтр беларускай мовы і культуры – фармат, у якім мы можам працягваць развіццё беларусістыкі ў межах Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Стажыроўка ў Даўгавпілскім універсітэце

Кар.: Зусім нядаўна Вы ўзначалілі новую кафедру. Якія задачы стаяць перад Вашым падраздзяленнем?

С.М. Лясовіч: Калектыў кафедры славянскай філалогіі складаецца з 17 вопытных выкладчыкаў, большасць з якіх займаюцца русістыкай ці беларусістыкай. Мэта кафедры развіваць гэтыя два напрамкі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Ніколі не мела амбіцый наконт пасадаў, але такі паварот лёсу разглядаю, як магчымасць сканцэнтраваць і накіраваць маю энергію на карысць змянення да лепшага згаданых накірункаў.

Два гады таму была адкрыта спецыяльнасць «Замежныя мовы (Руская мова. Англійская мова)», дзе руская мова выкладаецца як замежная для грамадзян-інафонаў. Пакуль гэта студэнты з Туркменістана. Менавіта перспектывай развіцця гэтай спецыяльнасці (і рускай мовы як замежнай увогуле) выклікана стварэнне кафедры славянскай філалогіі. У апошнія гады нашы выкладчыкі бралі ўдзел у стажыроўках і курсах павышэння кваліфікацыі па гэтым напрамку, што дазваляе быць высокакваліфікаванымі спецыялістамі, абазнанымі ў сучасных методыках і тэхналогіях навучання. Я б сказала, што накірунак павышэння кваліфікацыі па рускай мове як замежнай узначальвае Наталля Васільеўна Несцер, якая ўжо авалодвае не першай праграмай курсаў па методыцы, прапанаваных РІВШ. Акрамя таго, вынікам яе плённых перамоў з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В. Ламаносава будуць вясновыя курсы для нашых выкладчыкаў па авалоданні методыкай сертыфікацыйнага тэсціравання па рускай мове.

Летняя школа

Летняя школа

Варта дадаць, што па заканчэнні спецыяльнасці «Замежныя мовы (Руская мова. Англійская мова)» можна будзе паступаць у магістратуру на спецыяльнасць «Тэорыя і методыка выкладання замежных моў». Магчыма, гэтая магістарская праграма стане нашым агульным праектам з Даўгаўпілсам і, такім чынам, яе выпускнікі будуць атрымліваць двайны дыплом.

Хачу крыху вярнуцца да нашай размовы пра колеры і беларусаў. Калі я ўпершыню паехала ў Даўгаўпілс на канферэнцыю, то рабіла даклад па сваёй тэме – Караткевіч, каларыстыка і г.д. Узгадала, натуральна, і пра блакітны колер. Пасля майго выступу Ганна Іванаўна Станкевіч, загадчыца кафедры русістыкі і славістыкі ДУ, спытала: «Ведаеце, як у Даўгаўпілсе пазнаць, дзе жывуць беларусы?»«Не! А як?»«Схадзіце ў прыватны сектар. Звярніце ўвагу на дамы, пафарбаваныя ў блакітны колер, ці дамы з блакітнымі аканіцамі. Там жывуць беларусы!» Мы, сапраўды, любім гэты колер, хоць, калі не браць гарадскую геральдыку, яго ў беларускай сімволіцы і няма.

У бліжэйшых планах арганізацыя ва ўніверсітэце клубаў па ўдасканаленні валодання рускай мовай для замежных студэнтаў. Гэтую ідэю запазычылі ў нашых калег з Цэнтру вывучэння замежных моў. Яе рэалізацыя дазволіць студэнтам трэніраваць практыку рускага маўлення і ў пазавучэбны час. Выкладчыкамі кафедры ўжо распрацоўваецца сістэма тэсціравання на ўзровень валодання рускай мовай згодна з еўрапейскай сістэмай стандартызацыі. Створана праграма для павышэння педагагічнай кваліфікацыі па методыцы рускай мовы як замежнай. Студэнты-замежнікі педагагічнага профілю (філолагі, гісторыкі, дашкольнае навучанне) змогуць выкладаць яшчэ і рускую мову пасля гэтых курсаў.

Акрамя таго, у гэтым годзе мы чакаем у Летнюю школу рускай мовы кітайскіх студэнтаў. І мне прыемна адзначыць, што за два тыдні існавання кафедры, калі абазначыліся перспектывы і праблемы, якія нам трэба вырашаць, пераезд і ўладкаванне на новай пляцоўцы, я адчула, што ў мяне ёсць каманда, з якой можна плённа працаваць. Я ўпэўнена, у нас усё атрымаецца! Я – аптыміст, і мой аптымізм абгрунтаваны.

Кар.: А як Вы ацэньваеце стан і перспектывы развіцця беларускай мовы ў ПДУ?

С.М. Лясовіч: Беларуская мова ў ПДУ і ўвогуле ў Рэспубліцы Беларусь – гэта балючае для мяне пытанне. Мы маем добрыя традыцыі і ў нас ёсць база для аднаўлення набору на беларускую спецыяльнасць. Але гэтыя спецыялісты не запатрабаваныя, бо беларуская мова мала гучыць сёння ў нашым грамадстве. У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, але нацыянальная мова ў нас адна. На мой погляд, павага да нацыянальнай культуры, валоданне нацыянальнай мовай упрыгожвае любога сучаснага кіраўніка, які прадстаўляе дзяржаву на тым ці іншым узроўні.

У час працы ў Летніх школах і выкладання курса «Гісторыя і культура Полацкага рэгіёна» для замежных студэнтаў нам з Наталляй Генадзеўнай Апанасовіч прыемна было адзначыць цікавасць замежнікаў да беларускай мовы і культуры. Наталля Генадзеўна – яшчэ адзін вельмі важны для мяне чалавек. Яна кожны дзень (!) самаўдасканальваецца і не перастае вучыцца (я не паспяваю рэагаваць на ўсе спасылкі ад яе з новымі рэсурсамі, якія мы можам эфектыўна прыстасаваць да навучання!). Наталля Генадзеўна заўсёды з’яўлялася сапраўдным паплечнікам і творча падтрымлівала ўсе ідэі, звязаныя з развіццём беларусістыкі, а цяпер ужо і русістыкі. Адзін з навучэнцаў з Масквы пасля мінулагодняй Летняй школы зараз перапісваецца з ёй і дасылае віншаванні выключна па-беларуску. Калі чалавек займае актыўную жыццёвую пазіцыю, то з любой сітуацыі стараецца атрымаць карысць і вынік для пашырэння свайго кругагляду, апынуўшыся ў іншай краіне вывучае яе мову і культуру.

У мяне ёсць памкненне, якое, я спадзяюся, у гэтым годзе мы рэалізуем на пляцоўцы Цэнтра беларускай мовы і культуры, – заняткі беларускай мовай з элементамі знаёмства з традыцыйнай беларускай культурай для маленькіх дзетак. Безумоўна, будзем працягваць Летнія школы беларусістыкі. Таксама створаны курс на базе нашага Інстытута павышэння кваліфікацыі «Справаводства па-беларуску». Навучэнцы пакуль не набіраліся, але хацелася б ажыццявіць і гэтую задуму.

Кар.: Як Вы бавіце вольны час?

С.М. Лясовіч: У адносінах да мяне выраз «вольны час» гучыць трохі здзекліва. У мяне ёсць шэраг захапленняў, якія пакідаюць мне даволі мала часу на сон. Аднойчы я адкрыла для сябе студыю класічнага балета, пасля чаго два разы на тыдзень ужо шмат год – гэта неад'емная частка майго жыцця. Ларыса Ягораўна Салаўёва, якая выкладае ў гэтай студыі ў полацкім ГДК, раней сама танцавала. Яна – выпускніца знакамітага Ваганаўскага вучылішча. Ёй ужо за 60 год, але як яна танцуе, як выглядае! Ёсць дзве групы: дзённая і наша вячэрняя («дзённыя» называюць нас «Большой театр»). Удзень Ларыса Ягораўна выкладае «старушкам». Хто гэта? Пенсіянеры да 75 гадоў! Вы не ўяўляеце, як яны рухаюцца! Кожны снежань Ларыса Ягораўна арыгінальна святкуе дзень нараджэння, робячы клас-канцэрты. Збіраюцца дзве групы, мы запрашаем блізкіх і паказваем, чаму мы за год навучыліся. Атрымліваецца своеасаблівы справаздачны канцэрт. У нас ёсць магчымасць не толькі паказаць нейкія экзерсісы ля станка, але і прадэманстраваць невялікія харэаграфічныя эцюды.

Студыя балета

Заняткі балетам для мяне – гэта не толькі эстэтычная асалода, але і добрая падтрымка здароўя. У мяне, здаецца, ужо сфарміравалася моцная залежнасць ад іх! Дарэчы, я не адзіны выкладчык універсітэта, які паспрабаваў гэты драйв. Наталлю Генадзеўну Апанасовіч я таксама зацягнула ў гэтую «секту».

Я заўсёды з захапленнем сачыла за жыццём «Полацкага зьвязу» – клуба гістарычнай рэканструкцыі і адначасова тэатра гістарычнага касцюма, але прыйсці ў калектыў я сабе дазволіла не адразу (абарона дысертацыі, дачушка была маленькая). Алёна Усціновіч, якая працуе лабарантам кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў (дарэчы, выпускніца-гісторык нашага ўніверсітэта) і з’яўляецца ў гэтым падраздзяленні абсалютна незамянімым чалавекам, клікала ў «Зьвяз» увесь час. І калі яны рыхтавалі нейкую пастаноўку, мы з Наташай Несцер часта сядзелі на рэпетыцыях і былі першымі гледачамі. Мне заўжды здавалася, што яшчэ і гэтае захапленне я сабе дазволіць не магу. Але калі ў 2014 годзе Жэня Кавалёва (між іншым, адна з лепшых нашых выпускніц спецыяльнасці «Гісторыя» і таленавіты рэжысёр) ставіла «Гражыну», Алёна сказала: «Ты проста прыйдзі і паспрабуй!»

На сцэне вельмі страшна! Я і дагэтуль не магу прызвычаіцца! Ёсць вялікая адказнасць. Пластычны спектакль патрабуе ідэальнай узгодненасці, і ў гэтым плане, на маю думку, ён больш складаны за драматычны. Ты не можаш сабе дазволіць аніякай імправізацыі: на кожны такт музыкі трэба рабіць той ці іншы рух. Калі ты саб’ешся з рытму, ты можаш «павесці» за сабой іншых. Мае заняткі балетам аказаліся вельмі дарэчы ў пластычных пастаноўках Жэні Кавалёвай. У мінулым годзе мы ездзілі на Х Міжнародны фестываль аматарскіх тэатраў «Вільнюская рампа» у Вільню. Вазілі свой апошні спектакль «Понеже от прирожения» пра Скарыну. Нечакана (у тым ліку для арганізатараў фестывалю, як яны пасля прызналіся) узялі гран-пры! Узровень тэатраў-удзельнікаў быў вельмі высокі, таму мы, паглядзеўшы першы фестывальны дзень, ні на што не разлічвалі. Гэты выступ у Вільні для нас вельмі сімвалічны. Думаю, як і для Скарыны, старажытная сталіца ВКЛ будзе толькі пачаткам туру спектакля па Еўропе.

Спектакль «Понеже от прирожения»

У калектыве ўвесь час вучышся чаму-небудзь новаму і цікаваму – рэканструкцыі, пластыцы, сярэднявечным танцам, сярэднявечнай кухні. Хто займаецца рэканструкцыяй, шые. Але мой «старажытны» гардэроб пакуль невялікі (зноў-такі праблема часу). Многае з гэтага, дарэчы, упрыгожвае і нашы Летнія школы (сярэднявечныя танцы, якія мы ў момант адпачынку вучым са слухачамі школы, аповед пра сярэднявечны строй, які можна на мне пабачыць, гістарычны экскурс у беларускае сярэднявечча). Стараюся ўкараняць у прафесійную сферу тое, што займае мой вольны час. Я за тое, каб усё было гарманічна, каб чалавек не ахвяраваў дзеля навукі ці працы тым, што сілкуе душу пазітыўнымі эмоцыямі. Не ведаю, як у мяне гэта атрымаецца на новай пасадзе, але гэта мой ідэал.

Варган

Варган

У маім плэйлісце можна адшукаць музыку ад традыцыйных спеваў і класічнай музыкі да року і панк-року. Я вельмі люблю сучасную беларускую літаратуру, якая сваімі мастацкімі якасцямі сілкуе гонар за беларускую нацыю нават болей за беларускую класіку. Альгерд Бахарэвіч і Віктар Марціновіч – мае фаварыты. Праўда, апошнім часам на чытанне я выдаткоўваю час толькі ў пераездах Полацк – Наваполацк, у транспарце. Два гады плённа займаюся англійскай у нашым Цэнтры вывучэння замежных моў. У школе вучыла французскую, а патрэба ў англійскай мове адчуваецца пастаянна. Добрае кіно люблю, але апошнім часам гляджу рэдка. З рэжысёраў, у якіх магу глядзець усё, – Сяргей Салаўёў, Марк Захараў, Цім Бёртан. А тэлевізара, дарэчы, у маёй хаце ўвогуле няма – на мой погляд, абсалютна непатрэбная рэч.

Заслаўль з Варганам

Купалле Княжыч

Лудза

Заслаўль

Кар.: А ці ёсць магчымасць падарожнічаць?

С.М. Лясовіч: Вандроўкі і паходы я любіла заўсёды, але мінулы год я проста захварэла на горы! Новы 2018-ы год я сустракала на снезе ў намёце ў Карпатах, а ў жніўні адбыўся паход на 8 дзён па гарах у Грузіі, які я не забуду ніколі. Улетку яшчэ – велік, матчына дача, лес і апошнія пару год (хоць раз у сезон абавязкова) байдарачныя паходы. Зараз у «Полацкага зьвяза» ёсць рэканструкцыя ладдзі, таму «намаляваўся» новы фармат летніх водных паходаў і мараў... Яшчэ б 24 гадзіны дадаць у кожныя суткі...

Рубон, песні

Перавал Тоба

Вышэй неба

Ладага

Кар.: Святлана Міхайлаўна, што б Вы пажадалі свайму ўніверсітэту?

С.М. Лясовіч: Жадаю, каб Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт стаў слыннай прыцягальнай установай, куды б з'язджаліся набыць адукацыю маладыя людзі з розных краін свету! Мы шмат для гэтага маем, і хочацца, каб плён гэты прырастаў з кожным годам нашымі намаганнямі і любоўю да Полаччыны!