30 мая 2017 года ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Навуковая бібліятэка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта арганізавала і правяла гульню-арыентаванне – SkarynaVelaKvest! Студэнты і супрацоўнікі ПДУ праехалі па мясцінах горада Полацка, звязаных з іменем Францыска Скарыны, разгадалі гістарычныя, геаграфічныя, лагічная галаваломкі і рэбусы.

Вандроўка пачалася каля Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Францыска Скарыны. Для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства была праведзена невялікая экскурсія па бібліятэцы, а таксама было прапанавана прайсці першае заданне – разгадаць рэбус, каб рухацца далей.

Пачатак вандроўкі

Экскурсія па бібліятэцы

Далей маршрут пралягаў па вуліцы імя Францыска Скарыны, каля Нацыянальнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны да Полацкіх карпусоў універсітэта. Нягледзячы на тое, што езуіцкі калегіум з’явіўся пазней гадоў жыцця нашага славутага першадрукара, удзельнікі велаквэста не маглі не завітаць у адно з славутых мясцін горада Полацка, каб не толькі павітацца з тагачасным студэнтам, але і зазірнуць у бібліятэку, дзе ў чытальнай зале размешчаны вялікі партрэт Францыска Скарыны з яго знакамітай гравюры. У бібліятэцы падарожнікі атрымалі чарговыя пытанні, адказаўшы на якія змаглі працягнуць падарожжа.

Па вуліцы імя Францыска Скарыны да полацкіх карпусоў універсітэта

У чытальнай зале Полацкага калегіума

Партрэт Францыска Скарыны

SkarynaVelaKvest

Не абышлі ўвагай візітную картку Полацка – Сафійскі сабор, дзе, пэўна, не аднойчы быў будучы першадрукар; а таксама Музей беларускага кнігадрукавання, у якім Скарыне прысвечана адна з самых вялікіх залаў. Удзельнікі квэста пабачылі выданні розных часоў, прысвечаныя Францыску Скарыне, некалькі вялікіх партрэтаў першадрукара ў выкананні сучасных мастакоў. Супрацоўнікі музея цікава і змястоўна расказалі аб жыцці і дзейнасці знакамітага палачаніна.

Візітная картка Полацка – Сафійскі сабор

На шляху паміж Сафійскім саборам і Музеем беларускага кнігадрукавання знаходзіўся яшчэ адзін аб’ект, які было немагчыма прамінуць – камень з выявай выдавецкага сігнету Скарыны з сонцам і месяцам – падарунак Полацку ад сучаснага мастака Рычарда Груша.

Камень з выявай выдавецкага сігнету Скарыны

Музей беларускага кнігадрукавання

Падарожнікі каля будынка Музея беларускага кнігадрукавання

Далейшае падарожжа адбывалася па цэнтральнай частцы горада – праспекце імя Францыска Скарыны – і завяршылася на аднайменнай плошчы каля помніка першадрукару. Тут жа былі падведзены вынікі вандроўкі і ўручаны прызы ўдзельнікам мерапрыемства. Цікавае і пазнавальнае падарожжа па Полацку прынесла задавальненне ўсім і нагадала асобныя старонкі гісторыі беларускага кнігадруку.

Падарожжа па цэнтральнай частцы Полацка

Ірына Аляксандраўна Шупенька, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармавання карыстальнікаў Навуковай бібліятэкі ПДУ

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie