2 мая ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай адбылася сустрэча супрацоўнікаў і студэнтаў са старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам гістарычных навук, прафесарам Ігарам Аляксандравічам Марзалюком.
На сустрэчы абмеркавалі ключавыя аспекты беларускай гісторыі і яе ўплыў на сучаснасць. Ігар Аляксандравіч прэзентаваў сваю кнігу «Ад Русі і Літвы да Беларусі: вытокі і генезіс беларускага народа», якая выйшла ў пачатку гэтага года. Ён падкрэсліў важнасць разумення гістарычнага кантэксту, які фармуе ідэнтычнасць беларусаў, бо гісторыя – гэта не проста набор фактаў, а аснова для пабудовы будучыні краіны.
Спікер закрануў значнасць маючага адбыцца свята – 80-годдзя Вялікай Перамогі, падкрэсліваючы, што гэтая падзея з'яўляецца знакавай для беларускага народа. У сваёй прамове прафесар акцэнтаваў увагу на тым, як важна памятаць пра трагічныя старонкі нашай гісторыі і пра подзвіг простых людзей, якія ў складаныя часы праявілі сапраўдную чалавечнасць і мужнасць.
Ігар Аляксандравіч Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар: «Гісторыя, як гуманітарная навука, адказвае на тры найважнейшыя пытанні: адкуль мы, чаму мы такія, як ёсць, і як нам. Гэтыя тры аспекты вельмі важныя, паколькі фальшывая гісторыя заўсёды вядзе да фальшывай палітыкі.
Многія шчыра вераць ва ўказанні, якія не маюць дачынення да нашага мінулага або рэалій, і потым адчуваюць фрустрацыю: чаму ўсё не так, як хацелася б? Сумленны гістарычны факт – гэта не казка ці прапаганда. Гэта фрагменты рэальнасці, якія трэба разумець. Гісторыя – гэта глыбока гуманітарная і маральная навука. Калі мы гаворым пра падзеі мінулага, важна зразумець: няма ніякай ідэалогіі ці палітычнай дактрыны на Зямлі, у імя якіх узброены чалавек мае права забіваць безабаронных.
Наш народ не прыкідваецца хрысьціянскім – ён жыве па-хрысьціянску. Мы – самы антынацысцкі народ сярод тых, хто трапіў пад нямецкую акупацыю. Нашыя людзі са зброяй у руках і без яе – гэта 374 тысячы партызан, 400 тысяч рэзервістаў, 70 тысяч падпольшчыкаў і 1 мільён 300 тысяч салдат на фронце – здзейснілі подзвіг. Але гэта таксама подзвіг простага беларускага насельніцтва, якое, маючы сваіх дзяцей, ратавала чужых, ведаючы, што за гэта іх знішчаць.
Калі мы гаворым пра беларускі народ і беларускую дзяржаўнасць, мы павінны памятаць: мы ўмеем заставацца людзьмі нават у самых дзікіх і экстрэмальных сітуацыях, а такое выпрабаванне многія не вытрымліваюць».
Напрыканцы сустрэчы Ігар Аляксандравіч заклікаў прысутных да вывучэння гісторыі і яе ролі ў фармаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, нагадаўшы аб тым, што кожны з нас нясе адказнасць за захаванне гістарычнай праўды.


