16 кастрычніка 2018 года ў Краязнаўчым музеі Полацка адбылася сустрэча з першым рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктарам тэхнічных навук, прафесарам Эрнстам Міхайлавічам Бабенкам. Мерапрыемства было прымеркавана да 25-годдзя пераўтварэння Наваполацкага політэхнічнага інстытута ў класічны ўніверсітэт.

У сваёй лекцыі «Вяртанне Полацку ўніверсітэцкага статусу» Эрнст Міхайлавіч распавёў студэнтам спецыяльнасці «Гісторыя» і іх выкладчыкам, якія наколькі было мажліва запоўнілі ўтульнае выставачнае памяшканне, аб галоўных падзеях і дзеючых асобах працэсу адраджэння ўніверсітэцкай адукацыі на Полацкай зямлі.

Асаблівую ўвагу наш першы рэктар звярнуў на стварэнне гісторыка-філалагічнага факультэта, папярэдніка сённяшняга гуманітарнага факультэта, і пачатак фарміравання на кафедры «Гісторыі і сацыялогіі» (пазней – «Айчыннай і ўсеагульнай гісторыі» і «Гісторыі і турызму») навуковай школы па вывучэнню гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і антрапалогіі Беларускага Падзвіння.

Можна не сумнявацца ў тым, што імправізаваны ўрок навейшай гісторыі альма-матэр ад Э.М. Бабенкі застанецца ў памяці моладзі сярод яркіх успамінаў іх студэнцкай пары, а любоў і адданасць Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, якімі быў прасякнуты выступ яго стваральніка, могуць і павінны стаць выдатным узорам для пераймання.

Уладзімір Філіпенка
Фота аўтара

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie