24 мая 2017 года ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое ў гэтым годзе будзе адзначацца ў горадзе Полацку, у чытальнай зале бібліятэкі Полацкага калегіума адбылася сустрэча з цудоўным чалавекам, вядомым скарыназнаўцам, культуролагам, кнігазнаўцам, намеснікам дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Алесем Сушай.

Алесь Суша

Алесь Суша з'яўляецца непасрэдным удзельнікам праектаў па факсімільным узнаўленні найбольш каштоўных помнікаў кніжнай культуры Беларусі. У 2014 годзе Навуковая бібліятэка ПДУ атрымала ў дар ад Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь першыя пяць тамоў факсімільнага перавыдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.

Пяць тамоў факсімільнага перавыдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны

Падчас творчай сустрэчы, на якой прысутнічалі студэнты і выкладчыкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, гісторыкі, філолагі, а таксама супрацоўнікі гарадскіх бібліятэк і музеяў, Алесь Суша адзначыў шэраг рэспубліканскіх і міжнародных праектаў, якія рэалізоўваюцца ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: выставачны праект «Франциск Скорина и его эпоха», які прадставіць арыгіналы выданняў Францыска Скарыны з розных краін; праект па выданні факсімільнай 20-томнай спадчыны Францыска Скарыны «Книжное наследие Франциска Скорины» і іншыя значныя мерапрыемствы. Іх галоўная мэта не толькі зберагчы гістарычную памяць, але і паказаць, наколькі глыбокім аказаўся ўплыў беларускага мысляра на культуру таго часу.

Сустрэча з вядомым скарыназнаўцам Алесем Сушай

Алесь Суша ў чытальнай зале Навуковай бібліятэкі ПДУ

Перад студэнтамі і выкладчыкамі Алесь Суша распавядаў пра вынікі сваёй даследчай работы, дзе Францыск Скарына паўстае як чалавек-энцыклапедыя, чалавек свету і чалавек-легенда. Наш вядомы першадрукар прадстаў не толькі як выдавец, але і як філосаф, гуманіст, багаслоў, заснавальнік аднаго з першых батанічных садоў Еўропы: «Сённяшні час нарадзіў некую новую парадыгму і новае рэвалюцыйнае пераасэнсаванне ролі Скарыны, яго месца ў нашай культуры. Скарына адрадзіўся і становіцца адным з нас, ён працягвае быць жывым. Францыск Скарына – знакавая персона нашай культуры, і мы паставілі яму занадта вялікі помнік. Ён стаў тым бронзавым класікам, якому трэба раз на год пакласці кветкі ля помніка, сказаць добрыя словы, але гэта нейкі далёкі ідал: ён быў, стварыў нешта значнае. Мы гэта ведаем, і гэта дастаткова для нас».

Алесь Суша распавёў пра тое, што, нягледзячы на ўсе даследаванні, сёння мы ведаем зусім няшмат пра нашага першадрукара: «Не ведаем, калі ён нарадзіўся, дзе і калі памёр, пабраўся шлюбам і колькі меў дзяцей. Мы можам толькі здагадвацца, якой ён быў веры, дзе абараніў дысертацыю на годнасць доктара лекарскіх навук. У выніку недастатковай інфармацыі пра Францыска Скарыну мы маем безліч гіпотэз і нават цалкам беспадстаўных міфаў. Таму і з гэтага гледзішча нам неабходна працягваць даследаванні, каб абмежаваць пашырэнне недакладных звестак».

Сустрэча са студэнтамі-гісторыкамі

Амаль двухгадзінная сустрэча дала магчымаць студэнтам-гісторыкам набыць цікавыя звесткі, надала сучасным навучэнцам Полацкага калегіума аптымiзму, стала карыснай ва ўсiх адносiнах. Студэнты і выкладчыкі задавалі аўтару шматлікія пытанні. Па завяршэнні мерапрыемства адбылася аўтограф-сесія.

Дырэктар Навуковай бібліятэкі Марына Шуханкова і Алесь Суша

Аўтограф-сесія

Падчас сустрэчы паміж Навуковай бібліятэкай ПДУ і Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь нарадзіўся новы праект па пошуку, алічбоўкі і вяртання ў Полацкі калегіум электронных копій кніг з езуіцкай бібліятэкі, якія зараз знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Напрыканцы мерапрыемства дырэктар Навуковай бібліятэкі Марына Мікалаеўна Шуханкова павіншавала ўсіх прысутных з надыходзячым святам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, пажадала ўсім плёну, новых цудоўных адкрыццяў. Цяпер, напярэдадні святкавання, галоўная задача — уважліва прааналізаваць досвед і дасягненні нашых папярэднікаў, выкарыстаць найбольш эфектыўныя напрацоўкі мінулых гадоў і не паўтарыць памылкі.

Нягледзячы на адсутнасць часу, Алесь Суша паспеў пазнаёміцца з некаторымі гістарычнымі помнікамі Полацкага калегіума і быў вельмі ўдзячны за арганізацыю сустрэчы.

Знаёмства з некаторымі гістарычнымі помнікамі Полацкага калегіума

Марына Мікалаеўна Шуханкова, дырэктар Навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie