Ужо больш за 20 гадоў напрыканцы лістапада ладзіцца агульнаеўрапейская імпрэза «Тыдзень літаратуры краінаў Паўночнай Еўропы» (першапачаткова «Тыдзень бібліятэк краінаў Паўночнай Еўропы»). Гэты культурны праект накіраваны на распаўсюджванне любові да чытання, літаратуры і скандынаўскай традыцыі апавядання, якая не ведае межаў.


Падчас сёлетняга Тыдня, 11–17 лістапада 2019 года, прайшлі чытанні, выставы, дыскусіі і іншыя культурныя мерапрыемствы ў бібліятэках, школах і універсітэтах усіх краін Паўночнай Еўропы і суседніх рэгіёнаў.

«Тыдзень літаратуры краінаў Паўночнай Еўропы 2019»

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт ужо ў чацвёрты раз прыняў удзел у гэтым праекце. Тэматыкай сёлетняга тыдня літаратуры былі выбраны «Святы». Студэнты 2–4 курсаў спецыяльнасцяў «Замежныя мовы» і «Рамана-германская філалогія» гуманітарнага факультэта працавалі з дзіцячай кнігай «Піппі Доўгаяпанчоха», якую напісала Астрыд Ліндгрэн – бадай што самая вядомая дзіцячая аўтарка ў свеце.

Астрыд Ліндгрэн

Напачатку студэнты паглядзелі невялікае інтэрвію з Астрыд Ліндгрэн на ангельскай мове, з якога даведаліся пра яе дзяцінства, улюбёныя прадметы ў школе і творчую працу ў якасці пісьменніцы. Затым у вельмі ўтульнай атмасферы яны чыталі ўрывак пад назвай «Піппі святкуе Дзень народзінаў» па-шведску, а таксама беларускі пераклад Змітра Плакса. Гэта стала цудоўнай практыкай не толькі шведскай мовы, але і роднай беларускай.

Студэнты-удзельнікі імпрэзы у ПДУ


Папакуль Яўген Аляксандравіч, дацэнт кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў


 

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie