Віншуем Святлану Аляксандраўну Ігнацьеву, старшага выкладчыка кафедры вылічальных сістэм і сетак факультэта інфармацыйных тэхналогій, з прысуджэннем вучонай ступені кандыдата тэхнічных навук.

Святлана Аляксандраўна Ігнацьева і Аксана Валер'еўна Голубева

Святлана Аляксандраўна Ігнацьева і Аксана Валер'еўна Голубева

Рашэннем Прэзідыума Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 28.05.2025 г. Святлане Аляксандраўне Ігнацьевай прысуджана вучоная ступень кандыдата тэхнічных навук па спецыяльнасці «Сістэмны аналіз, кіраванне і апрацоўка інфармацыі». Абарона адбылася 20 лютага 2025 года на пасяджэнні Савета па абароне дысертацый Д 02.01.02 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Тэма дысертацыі: «Паўторная ідэнтыфікацыя чалавека на выявах сістэм відэаназірання з выкарыстаннем згортачных нейронавых сетак».

Навуковы кіраўнік – Рыхард Пятровіч Богуш, доктар тэхнічных навук, дацэнт, загадчык кафедры вылічальных сістэм і сетак.

Святлана Аляксандраўна, якія асноўныя навуковыя праблемы вы вырашалі ў сваёй працы?

«Асноўнай мэтай маёй працы было павелічэнне дакладнасці паўторнай ідэнтыфікацыі чалавека ў размеркаванай сістэме відэаназірання. Для дасягнення пастаўленай мэты на першым этапе быў праведзены аналіз існуючых метадаў і алгарытмаў, якія выкарыстоўваюцца для паўторнай ідэнтыфікацыі чалавека і выяўленне асноўных абцяжваючых фактараў. Аналіз паказаў, што для рашэння большасці праблем, якія ўзнікаюць пры паўторнай ідэнтыфікацыі, неабходна фармаванне вялікай і разнастайнай навучальнай выбаркі, аугментацыя дадзеных з рознымі пераўтварэннямі і распрацоўка спецыялізаваных алгарытмаў. Важнае значэнне таксама мае падыход да навучання СНС, архітэктура і гіперпараметры выкарыстоўванай СНС. Пад гіперпараметрамі разумеюць устаноўленыя перад пачаткам трэніроўкі наладкі, такія як колькасць ітэрацый абнаўлення вагавых каэфіцыентаў, хуткасць навучання, памер пакета. Гэтыя пытанні і былі даследаваны ў маёй працы».

Якая практычная значнасць вашага даследавання? Дзе яно можа быць ужыта?

«Распрацаваныя метад аугментацыі і тэхналогія двухэтапнага навучання СНС могуць выкарыстоўвацца пры трэніроўцы нейронавых сетак у розных галінах камп'ютарнага зроку. Прапанаваны алгарытм паўторнай ідэнтыфікацыі чалавека можа выкарыстоўвацца ў шматкамерных сістэмах унутранага ці вонкавага відэаназірання».

Якую параду вы далі б маладым даследчыкам, якія хочуць працаваць у галіне камп'ютарнага зроку?

«Маладым даследчыкам я б параіла перад пачаткам даследаванняў выканаць дбайны аналіз існуючых метадаў і падыходаў у доследнай тэме, і на яго аснове вызначыць найбольш перспектыўны вектар дзеянняў».

Віншуем Святлану Аляксандраўну і жадаем поспехаў у навуковай працы!