18 сакавіка Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Бурундзі ў Расійскай Федэрацыі і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь Спадар Жазэф Нкурунзіза.
У рамках візіту адбылася фарсайт-сесія, на якой абмеркавалі навукова-адукацыйны патэнцыял Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай у кантэксце супрацоўніцтва з Рэспублікай Бурундзі. Рэктар Полацкага ўніверсітэта Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі і Спадар Жозэф Нкурунзіза абазначылі важнасць навуковага абмену і адукацыйнага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі, што адкрывае новыя гарызонты для развіцця двухбаковых адносін.
Адміністрацыя Полацкага ўніверсітэта (фота 1) Спадар Жозэф Нкурунзіза і Жанна Сяргееўна Казандо (фота 2)
Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі, рэктар Полацкага ўніверсітэта: «Мы перакананыя, што менавіта адукацыя становіцца мостам, які злучае краіны і кантыненты, спрыяючы ўзаемаразуменню і супрацоўніцтву. Менавіта праз абмен ведамі, досведам і ідэямі мы можам разам будаваць будучыню, у якой павага, давер і партнёрства будуць асновай для ўстойлівага развіцця.
Шчыра спадзяемся, што ваш візіт стане пачаткам новага этапу плённага ўзаемадзеяння паміж нашым універсітэтам і Рэспублікай Бурундзі. Упэўнены, што дзякуючы вашым намаганням і падтрымцы мы закладзем грунтоўны фундамент для сумеснага супрацоўніцтва і стварэння».
Напрыканцы сустрэчы адбыўся абмен сувенірамі, якія сімвалізуюць культуру двух народаў.
Спадар Жозэф Нкурунзіза азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай Полацкага ўніверсітэта, наведаўшы сучасныя цэнтры і лабараторыі, якія дэманструюць высокія стандарты адукацыі і навуковых даследаванняў. Сучаснае абсталяванне і інавацыйныя тэхналогіі ў навучальным працэсе ўяўляюць сабой ключавы фактар для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, здольных паспяхова канкурыраваць на міжнародным рынку працы.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Бурундзі выказаў цікавасць да міждысцыплінарнага падыходу у навучанні, які дазваляе студэнтам атрымліваць комплексныя веды і навыкі, неабходныя для вырашэння актуальных задач сучаснага грамадства.
У Полацкім калегіуме адбылася сустрэча Спадара Жозэфа Нкурунзіза са студэнтамі з Беларусі і Конга, а таксама выкладчыкамі Полацкага ўніверсітэта. На стратэгічнай сесіі «Класічныя і сучасныя канцэпцыі адукацыі» ўдзельнікі ў поўнай меры пазнаёміліся з адукацыйнымі магчымасцямі як Полацкага ўніверсітэта, так і ўніверсітэтаў Рэспублікі Бурундзі.
Пасол Бурундзі расказаў пра сваю краіну, яе эканамічны патэнцыял, геаграфічныя і культурныя асаблівасці. Спадар Жозэф Нкурунзіза адзначыў, што народы Бурундзі і Беларусі аб'ядноўвае важная роля традыцый у жыцці грамадства і імкненне захаваць іх для будучых пакаленняў.
У сваім выступленні ганаровы госць вылучыў перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы адукацыі Рэспублікі Бурундзі з Беларуссю і Полацкім універсітэтам, у прыватнасці. У завяршэнні праграмы першы прарэктар Полацкага ўніверсітэта Аксана Валер'еўна Голубева уручыла Паслу Бурундзі унікальны сувенір з беларускім арнаментам, пасля чаго Пасол пакінуў свой подпіс у Кнізе ганаровых гасцей універсітэта.
У рамках візіту СпадарЖозэф Нкурунзіза таксама наведаў Сафійскі сабор у Полацку, які з'яўляецца важнай часткай культурнай спадчыны Беларусі.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Бурундзі ў Расійскай Федэрацыі і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь Спадар Жозэф Нкурунзіза: «Наведаўшы розныя лабараторыі ў Полацкім універсітэце, я быў уражаны ўзроўнем тэхналогій, што натхніла мяне на думку аб тым, каб нашы студэнты з Рэспублікі Бурундзі мелі магчымасць навучацца ў вашым універсітэце. Як я ўжо адзначыў, тут высокі ўзровень адукацыі і тэхналогій, у чым мы зацікаўлены. У ходзе візіту мы ў поўнай меры азнаёміліся з патэнцыялам універсітэта і спадзяюся, што наступным разам мы зможам пачаць рэалізацыю канкрэтных праектаў.
Асаблівае ўражанне на мяне зрабіў Полацк як найстарэйшы горад Беларусі, багаты гісторыяй і культурай. Я быў уражаны старажытнымі традыцыямі і гісторыяй, пра якія мне расказалі сёння. Асабліва запомніўся Сафійскі сабор - яго вытокі і культурнае значэнне. Я ўражаны тым, як тут захоўваецца культурная спадчына і падтрымліваецца інфраструктура. Арган у саборы таксама зрабіў на мяне моцнае ўражанне. Гэта сапраўды заслугоўвае павагі, як беражліва ставяцца да помнікаў культуры ў Беларусі.
Сёння я адкрыў для сябе цікавую культурную і навуковую ўстанову. Вядома, я не магу пакінуць гэтыя ўражанні толькі пры сабе. Я гатовы імі дзяліцца з суайчыннікамі, расказваць у тым ліку нашым студэнтам пра Полацкі ўніверсітэт».
Візіт Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Бурундзі стаў значным крокам да ўмацавання міжнародных сувязей і развіцця адукацыйнага супрацоўніцтва нашых краін.















