Штогод летні сезон для студэнтаў-гісторыкаў пачынаецца з навучальна-адукацыйных практык. Сярод іх асаблівае месца займае археалагічная, падчас якой студэнты датыкаюцца да гісторыі і ўдзельнічаюць у падтрымцы археалагічных даследаванняў.

Аляксей Леанідавіч Коц

Аляксей Леанідавіч Коц

Кіраўніком практыкі з'яўляецца старшы выкладчык кафедры гісторыі і сацыягуманітарных навук Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, беларускі археолаг Аляксей Леанідавіч Коц.

Археалагічная практыка студэнтаў-гісторыкаў

Аляксей Леанідавіч, якія аб'екты даследаваліся Полацкім універсітэтам у межах археалагічнай практыкі? Якая мэта даследаванняў?

«Археалагічныя даследаванні праходзiлi ля Сафійскага сабора, побач з паўночна-ўсходнім кутом сучаснага храма. Яны праводзiлiся Інстытутам гісторыі НАН Беларусі з ініцыятывы Полацкага музея-запаведніка сіламі экспедыцыі Полацкага ўніверсітэта (кіраўнікі Коц А.Л. і Магалінскі І.У.). Традыцыйна удзел прымалi студэнты-гістрыкі першага курса ў рамках археалагічнай практыкі. Галоўная мэта, гэта вызначыць этапы існавання сабора, выявіць фрагменты галерэі (прыбудовы) старажытнага храма, зрабіць выснову аб фарміраваннi культурнага пласта вакол храма, даследаваць прыхрамавую тэрыторыю».

Выкладчыкі кафедры гісторыі і сацыягуманітарных навук (фота 1) Археалагічная знаходка (фота 2)

Якія вынікі далі двухтыднёвыя даследаванні сабора?

«Цягам працы двух тыдняў ужо апусціліся на глыбіню 1,7 м, што можна суаднесці з 15-16 стст. Зафіксаваны пласт рамонтаў сабора ў 19 ст., слой разбурэння храма ў першай палове 18 ст., гаспадарчая зона 17 ст. і інш. У апошні дзень практыкі пашчасціла патрапіць на сцяну галерэі, якая складзена з плінфы на цамяначнай рошчыне. У часе даследаванняў выяўлены шэраг артэфактаў 11-19 стст.: манетны матэрыял, упрыгожванні (пярсцёнкі, накладкі і падвескі, пацерка з ракушкі), будаўнічыя матэрыялы (старажытная плінфа са знакамі, плітка падлогі, смальта і інш.), побытавыя рэчы (гузік, касцяны грэбень)».

Аляксей Леанідавіч Коц (фота 1) Археалагічная знаходка (фота 2)

Ці плануецца працягнуць даследаванні каля сабора?

«Даследаванні яшчэ пэўны час будуць працягвацца сіламі валанцёраў. Уся сабраная інфармацыя потым знойдзе адлюстраванне ў навуковых артыкулах, а артэфакты папоўняць фонды Полацкага музея-запаведніка і будуць прадстаўлены спярша на часовай выставе ў Сафійскім саборы».

Студэнты-гісторыкі (фота 1) Археалагічная знаходка (фота 2)

Археалагічныя раскопы ў Сафійскага сабора