У Полацкай Мастацкай галерэі адкрыўся сумесны выставачны праект «У арт-прасторы Мастацкай галерэі» студэнтаў-дызайнераў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай.
Гэта не першы, але вельмі яскравы праект, рэалізаваны дзякуючы сумесным намаганням Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай і Мастацкай галерэі – філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Куратар і арганізатар выставы з боку ўніверсітэта – Андрэй Анатольевіч Піскун, старшы выкладчык кафедры архітэктуры і дызайну.
У рамках дысцыпліны «Акадэмічны жывапіс» студэнты-дызайнеры выконвалі копіі жывапісных палотнаў з калекцыі Полацкай Мастацкай галерэі. Крыніцай натхнення стаў выстава «Сцянапіс XII–XIX стст. Спаса-Праабражэнскага храма» – экспазіцыя алейнага жывапісу XVIII-XIX стст., адслаеная са сцен храма пры рэстаўрацыі.
Не ў кожнага студэнта вышэйшай навучальнай установы ёсць магчымасць папрацаваць у гістарычным будынку, прасякнуцца духам часу, увабраць традыцыі мінулага праз прызму сапраўднага даўжынёю ў 300 гадоў. Студэнты-дызайнеры Полацкага ўніверсітэта дакрануліся да гістарычнай і культурнай каштоўнасці ўнікальнага помніка архітэктуры і жывапісу і правялі навучальныя заняткі ў сценах Мастацкай галерэі.
Праца працягвалася два месяцы ў памяшканні галерэі, на працягу якіх студэнты выконвалі копіі работ з жывапісных палотнаў. Капіраванне жывапісных твораў – даўні і верны спосаб навучання мастацкім метадам і прыёмам будучых спецыялістаў творчых прафесій. Гэты класічны занятак па жывапісе для ўдасканалення жывапісных навыкаў, вывучэння творчасці мастакоў.
Студэнты 1–4 курсаў спецыяльнасцей «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» і «Графічны дызайн і мультымедыядызайн» прадставілі наведвальнікам экспазіцыі мноства копій карцін. Сярод студэнтаў-удзельнікаў: Аляксандра Казырэнка, Яна Аляшкоўская, Ангеліна Гладко, Ксенія Балтрушэвіч, Лізавета Жойдзь, Кацярына Кітовіч, Дзмітрый Ільюшэнка, Кіра Лукіна, Яўгенія Іваненка, Кацярына Забела, Лізавета Федзька, Варвара Парфяновіч, Дар'я Пузікава, Анастасія Сакалова.
У праектах маладых і таленавітых людзей можна адзначыць цудоўны творчы патэнцыял, а таксама ўменне перадаць сэнсы, закладзеныя ў арыгінальных работах мастакоў.
На адкрыцці выставы з прывітальным словам выступіла Наталля Леанідаўна Анцімонава, загадчык філіяла Мастацкай галерэі. Яна падкрэсліла, што галоўным прыярытэтам для мастакоў заўсёды быў і застаецца творчы складальнік, бо зрабіць копію – гэта не проста паўтарыць манеру выканання, але і адлюстраваць адпаведную эстэтыку, створаную аўтарам карціны.
Рэктар Полацкага ўніверсітэта Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі выказаў словы падзякі і захаплення Мастацкай галерэяй, а таксама надзею на далейшае супрацоўніцтва. Юры Яцэнтавіч падзякаваў студэнтам за добра праведзеную працу.
Наталля Леанідаўна Анцімонава, Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі і Ірына Уладзіміраўна Бурая (фота 1) Алена Генадзеўна Крамнёва (фота 2)
Прарэктар па навуковай рабоце Ірына Уладзіміраўна Бурая акцэнтавала ўвагу на значнасці выставы «Сцянапіс XII–XIX стст. Спаса-Праабражэнскага храма» і каштоўнасці праекта для навучэнцаў.
Загадчык кафедры архітэктуры і дызайну Алена Генадзеўна Крамнёва адзначыла, што ўсе выбраныя студэнтамі жывапісныя палотны для копій маюць вялікі водгук у іх творчасці. І дадала, што будучыня кафедры з такімі творчымі і крэатыўнымі студэнтамі мае далёкасяжныя перспектывы.
Кафедра архітэктуры і дызайну дзякуе загадчыку філіяла Мастацкай галерэі Наталлі Леанідаўне Анцімонавай за рэалізацыю сумеснага праекта. З экспазіцыяй у хуткім часе можна будзе азнаёміцца ў сценах нашай альма-матэр, а зараз выстава знаходзіцца ў сценах Полацкай карціннай галерэі.








