Алеся Іосіфаўна Корсак

Алеся Іосіфаўна Корсак, загадчык кафедры гісторыі і турызму, выказала радасць з нагоды, што знакаміты выпускнік, хоць і ў такім увасабленні, але праз столькі год наведаў нас.
14 красавіка ў канферэнц-зале Полацкага калегіума адбылася ўнікальная падзея. Па ініцыятыве Турцэнтра Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, і ў прыватнасці Аляксандра Мікалаевіча Барысевіча, выкладчыкам, студэнтам і гасцям прадставілася магчымасць дакрануцца да сакральнага артэфакта – мемарыяльнай пліты Яна Баршчэўскага. Пліта была знойдзена на Украіне ў мястэчку Чуднава, адрэстаўравана фондам Марыі Магдалены Радзівіл і для экспанавання прывезена на радзіму пісьменніка. Сваю вандроўку па Беларусі пліта Яна Баршчэўскага пачала з малой радзімы пісьменніка – з Расоншчыны, дзе ў Музеі баявой садружнасці дэманстравалася некалькі дзён.
Мемарыяльная пліта Яна Баршчэўскага

Мемарыяльная пліта Яна Баршчэўскага.
Менавіта супрацоўнікі музея Сяргей Аляксандравіч Салаўёў і Крысціна Сяргееўна Бараўлёва адкрылі імпрэзу біяграфічным альманахам пісьменніка, а таксама відэавыступам даследчыка творчасці Яна Баршчэўскага Дзмітрыя Алегавіча Вінаходава. Разам з імі прыехалі і прадстаўнікі творчай супольнасці – народнага клуба самадзейных паэтаў “Натхненне” пад кіраўніцтвам Аляксандра Іванавіча Матошкі, каб пачытаць свае вершы.
Выступ гасцей з Расоншчыны быў сімвалічным, прысутныя на імпрэзе бы здзейснілі вандроўку на малую радзіму пісьменніка, а пасля апынуліся зноў у месцы, дзе вучыўся Ян Баршчэўскі.
Сяргей Аляксандравіч Салаўёў Прадстаўнікі клуба самадзейных паэтаў “Натхненне”

Выступ гасцей з Расоншчыны быў сімвалічным, прысутныя на імпрэзе бы здзейснілі вандроўку на малую радзіму пісьменніка.
Зараз Полацкі калегіум -- месца дзе гісторыкі вучацца важнай місіі – захоўваць культурную спадчыну. Менавіта Алеся Іосіфаўна Корсак, загадчык кафедры гісторыі і турызму, выказала радасць з нагоды, што знакаміты выпускнік, хоць і ў такім увасабленні, але праз столькі год наведаў нас.
Дух творчасці і літаратуры, якім калісь сілкаваўся ў нашай альма матар Ян Баршчэўскі, жыве ў ёй і сёння. Святлана Міхайлаўна Лясовіч, загадчык кафедры славянскай філалогіі, якая вяла імпрэзу, прыгадала літаратурныя даследаванні, што вядуцца на гуманітарным факультэце, выданне альманаха «Литературный объектиф», дзе публікуюць сваю творчасць таленавітыя выкладчыкі і студэнты. Менавіта дзякуючы іх яркім выступам, прысутныя апынуліся ўнутры літаратурнай стыхіі. Таццяна Робертаўна Багарадава, старшы выкладчык кафедры славянскай філалогіі, не толькі як даследчык і выкладчык беларускай літаратуры распавяла пра значнасць творчасці Яна Баршчэўскага, але і падарыла прысутным свае натхняльныя вершы. Майстар дэкламацыі Аляксандр Казлоў прачытаў урывак з вядомага рамана Яна Баршчэўскага «Шляхціч Завальня або Беларусь у фантастычных апавяданнях», дзе апісаны Полацкі калегіум тых даўніх часоў і пару сваіх вершаў. Дар“я Іванова прадставіла верш пісьменніка «Дзеванька», а Хадасевіч Лізавета і Павер Урбан – свае творы.

Таццяна Робертаўна Багарадава, старшы выкладчык кафедры славянскай філалогіі, не толькі як даследчык і выкладчык беларускай літаратуры распавяла пра значнасць творчасці Яна Баршчэўскага, але і падарыла прысутным свае натхняльныя вершы.
Таццяна Робертаўна Багарадава
Далей пліту Яна Баршчэўскага меркавалася адправіць у Віцебскі абласны краязнаўчы музей, таму на імпрэзе прысутнічаў Валерый Аляксандравіч Шышанаў, намеснік дырэктара па навуцы, які падкрэсліў значнасць знаходкі і далейшых мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці нашага славутага земляка.
Падзея сапраўды выклікала вялікі рэзананс сярод прысутных, якія між сабой ажыўлена абмяркоўвалі, ці варта зрабіць копію мемарыяльнай пліты для захавання на радзіме, ці будзе калісь у Полацкім калегіуме помнік знакамітаму навучэнцу...
Калі ў гэты дзень разам з надмагіллем у Полацкім дзяржаўным універсітэце прысутнічала і душа Яна Баршчэўскага, напэўна, яна была ўсцешана клопатам пра памяць продкаў і талентамі тых, хто штодзень у гэтых сценах па цаглінках будуе працяг. Так, не забывай штодзень make new histoty і ты!

С.М.Лясовіч, загадчык кафедры славянскай філалогіі

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie