У год малой радзімы фальклорны гурт «Варган» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта выпусціў дэбютны альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны», прысвечаны традыцыйнай музыцы Полацкай зямлі.

«Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» – першы студыйны альбом гурта «Варган». Ён змяшчае 18 трэкаў, сярод якіх песні, танцы і нават «цярэшкі». У якасці бонус-трэка прадстаўлены запіс купальскай песні ад аўтэнтычнай спявачкі Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай з вёскі Шастова Полацкага раёна.

Першы альбом гурта «Варган»

У выкананні «варганцаў» можна пачуць абрадавыя песні, прымеркаваныя да знакавых гадавых святаў, а таксама лірычныя – жаночыя ды мужчынскія. Інструментальная частка альбома пераносіць слухача на сапраўдную вясковую вечарыну з танцамі. Гармонік ды скрыпка, цымбалы ды бубен, дуда ды колавая ліра. У альбоме прысутнічаюць таксама і элементы рэканструкцыі. Так, у альбоме гучыць варган – старажытны інструмент, які быў пашыраны на нашых землях з часоў ранняга сярэднявечча. Гэта пацвярджаюць археалагічныя знаходкі. Так, некалькі варганаў было знойдзена падчас раскопак у старажытным Полацку маладым полацкім археолагам, старшым выкладчыкам Аляксеем Коцам. Для ўдзельнікаў гурта варган сімвалізуе своеасаблівы «партал», які дазваляе вандраваць у прасторы і часе, а таксама паглыбляцца ў гукавую стыхію мінулых стагоддзяў.

«Нашай мэтай было стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца, прадэманстраваць тую палітру гукаў і эмоцый, якія несла ў сабе гэтая музыка» – кажа кіраўнік гурта «Варган» Вольга Антонаўна Емяльянчык. Спрабуючы дакрануцца да ўнікальнай музычнай традыцыі Полаччыны, удзельнікі гурта «Варган» імкнуліся максімальна наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выканання і перадаць яе жывую энергетыку.

Кіраўнік «Варган» Вольга Антонаўна Емяльянчык

У стварэнні інструментальнай часткі альбома прымалі ўдзел запрошаныя музыкі – вядомы майстар, музыка і мастак Алесь Лось (дуда, колавая ліра), а таксама Алеся Сівохіна (цымбалы).

Гучанне альбома перадае атмасферу, набліжаную да палявога запісу ў час свята, вечарынкі, ігрышча. Частка кампазіцый запісвалася ў Полацку (запіс, звядзенне – Алесь Лось), частка – у Мінску (запіс, звядзенне, мастэрынг – Арцём Петрашкевіч і Валерый Бяляеў). Дызайн вокладкі распрацавала мінская мастачка Святлана Клепікава.

Альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» выйшаў у межах праекта «Традыцыя», аўтарам і кіраўніком ягога з’яўляецца Сяргей Доўгушаў, вядомы музыкант, лідар гурта «Вурай», арганізатар праекта «Спеўны сход». У рамках праекта «Традыцыя» ўжо пабачылі свет альбомы «Мужчынская традыцыя сьпеву» і «Песьні і найгрышы вясельля вёскі Лявонпаль і яе навакольляў». Сродкі на выданне альбома былі сабраны на краўдфандынгавай платформе talaka.org.

Сяргей Доўгушаў, лідар гурта «Вурай», арганізатар праекта «Спеўны сход»

Прэзентацыі альбома «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» з поспехам прайшлі 6 кастрычніка ў Полацку, 14 кастрычніка ў Мінску, 20 кастрычніка ў Віцебску.

Слухачы на прэзентацыі альбома

Гурт «Варган»

Удзельнікі гурта «Варган»

Прэзентацыя альбома ў Полацку

Удзельнікі гурта «Варган»

Наведвальнікі канцэрта, які адбыўся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце 6 кастрычніка, мелі ўнікальную магчымасць пачуць аўтэнтычныя спевы ў выкананні жыхаркі в. Шастова Полацкага раёна Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай.

Алімпіяда Міхайлаўна Шчарбакова, жыхарка в. Шастова

Падтрымаць удзельнікаў гурта прыехаў вядомы фольк-гурт «Рада» з Мінску, які займаецца папулярызацыяй і адраджэннем мужчынскай спеўнай і iнструментальнай традыцыі Беларусі.

Фольк-гурт «Рада»

Фольк-гурт «Рада»

Фінальным акордам мерапрыемства стала вялікая танцавальная вечарына з удзелам выканаўцаў і шматлікіх аматараў беларускай традыцыйнай культуры.

Прэзентацыя альбома ў Полацку

Наведвальнік сустрэчы з альбомам гурта «Варган»

Дзяніс Кандакоў з альбомам Варгана

Танцавальная вечарына

Танцавальная вечарына

Пра тое, як прайшлі прэзентацыі альбома «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны», можна пачытаць тут:


В.А. Емяльянчык - дацэнт кафедры гісторыі і турызма
Фота: П. Касарэўская