АРТ-ПРАЕКТ

Арт-праект «Тое, што нас яднае»

Канцэпцыя

Праект створаны ў Год беларускай жанчыны.

Работы выкананы ў сучасным жывапісным стылі з матывамі манументальнай графікі.

Кампазіцыя адлюстроўвае фундаментальныя беларускія каштоўнасці: мір, сям’ю, традыцыі і працу. Яны раскрываюцца праз выразныя жаночыя вобразы – фігуры ў поўны рост, што абумоўлена вертыкальным фарматам работ.

Усе кампазіцыі аб’яднаны агульнымі элементамі: спалучэннем блакітнага мірнага неба, чырвонага і зялёнага колераў, традыцыйнага беларускага арнаменту, які сімвалізуе маладосць, птушак-сімвалаў, сцягоў Беларусі і Наваполацка. Завяршае кампазіцыю серыя лозунгаў «Тое, што нас яднае».

Тое, што нас яднае

Сімвалізм

Мiр

Мiр

У верхняй частцы малюнка – белая галубка, якая ўвасабляе мір. У небе – пасажырскі самалёт з белымі слядамі, што разыходзяцца ў бакі і сімвалізуюць рух наперад, развіццё і мірнае неба.

У сярэдняй частцы, на фоне сілуэта дзяўчыны, – матыў горада, які расце, маладзее і квітнее.

Унізе адлюстравана паўнаводная рака Заходняя Дзвіна, у якой плаваюць рыбы – плоткі – і цвітуць гарлачыкі, што адсылаюць да сімвала Наваполацка.

Сілуэт жанчыны абвіты стужкай беларускага сцяга, уздоўж якой намаляваны кветкі яблыні – святочны сімвал Дня Перамогі і вясны.

Сям'я

Сям'я

У цэнтры кампазіцыі – маладая беларуская сям’я: жанчына, мужчына і двое дзяцей. У небе над імі – сілуэты двух лебедзяў, якія ляцяць, як сімвал вернасці, кахання і чысціні.

Унізе палатна – бярозавы гай. Бяроза – адзін з сімвалаў Беларусі – увасабляе маладосць і жаночы пачатак.

Жанчына намалявана ў доўгай белай сукенцы, якая таксама сімвалізуе чысціню, жаноцкасць і вернасць.

Спадчына

Спадчына

Галоўны матыў – жанчына ў беларускім нацыянальным касцюме сярод залатых каласоў жыта. Жыта – збожжа, з якога пякуць хлеб, – увасабляе ўрадлівасць і багаты ўраджай беларускіх зямель. Сярод каласоў – палявыя кветкі, валошкі, адзін з сімвалаў Беларусі. Яны ўвасабляюць сувязь з роднай зямлёй, якая дасталася нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў.

У небе намаляваны бусел, які лунае, – галоўны сімвал Беларусі, увасабленне нацыянальнай чысціні, міралюбнасці і роднай зямлі.

Унізе палатна, сярод каласоў, – матыў беларускай вёскі: драўляныя дамы і пабудовы, зялёны луг і дым з коміна, які нагадвае пра хатні ачаг і ежу, прыгатаваную ў печы.

Праца

Праца

Завяршальная работа прысвечана зборнаму вобразу жанчыны-прафесіянала, занятай стваральнай працай. За яе спінай – сілуэты горада і прадпрыемстваў; у руках – дрэва, саджанец дуба, які сімвалізуе развіццё, культуру і добраўпарадкаванне. Крона дрэва нагадвае абрысы Беларусі. Фігура абвіта стужкай беларускага сцяга; у аснове кампазіцыі – шматлікія сімвалы і атрыбуты працы.

У верхняй частцы кампазіцыі – сілуэт жураўля, шматграннага сімвала гістарычнай памяці, міру, свабоды, вясны, дабрабыту і глыбокай сувязі з роднай зямлёй. Матыў танцуючага жураўля надае гэтым сэнсам больш пазітыўнае, радаснае гучанне.

Аўтары праекта: Марыя Мухаморава, Аліса Люцько.