МАЛАЯ ВЯЛІКАЯ ПЕРАМОГА

Гісторыка-патрыятычны праект «Малая Вялікая Перамога»

У сучасных рэаліях увага да праблемы вывучэння мінулага народа і краіны няўхільна павялічваецца з боку грамадства. Прычыны падобнай прыярытызацыі носяць шматфактарны характар. Адной з іх можа служыць узрастаючая тэндэнцыя да глабалізацыі, на фоне якой узнікае заканамернае імкненне да захавання сваёй унікальнай ідэнтычнасці праз усебаковую падтрымку і вывучэнне айчыннай культуры і гісторыі.

logo 1 2

2022 год у Рэспубліцы Беларусь быў аб'яўлены Годам гістарычнай памяці, што актуалізавала вышэйпералічаныя пытанні на рэспубліканскім узроўні. На тэрыторыі ўсёй краіны была акумулявана шматвектарная работа па вывучэнні мінулага на мікра- і макраўзроўнях, якая дае магчымасць пашырыць змест гістарычнага кантэксту развіцця беларускага народа, а таксама садзейнічае ўключэнню грамадства ў гэты працэс. Важна адзначыць, што ў абазначаным кантэксце ў цэнтры ўвагі апынулася тэма Вялікай Айчыннай вайны як сукупнасці падзей гераічнага і трагічнага характару, якія кансалідуюць грамадства вакол ідэі захавання адзінства і прадухілення эскалацыі канфліктных сітуацый. У гэты перыяд на дзяржаўным узроўні была ўзнята праблема генацыду беларускага народа, які забраў жыцці цэлага пакалення.

Масавы характар Вялікай Айчыннай вайны абумовіў вывучэнне яе гісторыі ў кожным рэгіёне краіны з улікам спецыфікі ваеннага мінулага. У той жа час трэба звярнуць увагу, што такая актыўнасць мела як станоўчы, так і адмоўны характар. Па меры даследавання розных аспектаў і падзей вайны ў масавай свядомасці замацаваліся пачуццёва-эмацыйныя выявы, якія носяць «аб'яднаўчы» характар для ўсіх жыхароў Беларусі. Гэта такія эпізоды, як хатынская трагедыя, злачынствы нацыстаў і масавыя знішчэнні насельніцтва ў лагеры «Малы Трасцянец», а таксама такія гераічныя подзвігі, як абарона Брэсцкай крэпасці. У сваю чаргу менш вядомыя факты і аб'екты застаюцца за рамкамі агульнарэспубліканскай камемаратыўнай культуры. Праведзеная ў Год гістарычнай памяці праца дазволіла змяніць дадзенае становішча, і сёння мы можам казаць пра праекты, накіраваныя на папулярызацыю лакальнага ваеннага мінулага.

У лістападзе 2021 года ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай пачалася рэалізацыя гісторыка-патрыятычнага праекта «Малая Вялікая Перамога», арыентаванага на вывучэнне падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Віцебшчыны і іх прадстаўленне ў форме экскурсійных маршрутаў з наведваннем. Такім чынам, у Год гістарычнай памяці праца ўдзельнікаў праекта прыцягнула ўвагу студэнцкай супольнасці да шматграннай гісторыі вайны на Віцебшчыне і абазначыла памятныя мясціны і мемарыялы, якія валодаюць патэнцыялам аб'ектаў рэгіянальнай камемаратыўнай культуры. Іх пачуццёва-эмацыйныя выявы ўяўляюць сабою самаадданыя подзвігі і лакальныя трагедыі, якія сталі «калектыўнай траўмай» для нашчадкаў.

У Год міру і стварэння праект не страціў сваёй актуальнасці. Сёння, аказваючыся побач з брацкімі магіламі, мемарыяльнымі комплексамі і аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны, удзельнікі ўсё часцей звяртаюцца да ідэі неабходнасці захавання памяці як вопыту мінулага, паўтарэнне якога недапушчальна для падтрымання міру і магчымасцей развіцця.

У распрацоўцы прадстаўлены вынік працы студэнтаў і куратараў праекту ў перыяд з лістапада 2021 па сакавік 2023 года. Змест уключае спецыфіку і непасрэднае мэтапакладанне, апісанне асаблівасцей і станоўчага вопыту праекта, а таксама экскурсійныя тэксты і тэхналагічныя карты ўведзеных у турыстычна-краязнаўчую дзейнасць універсітэта маршрутаў.

Метадычныя аспекты рэалізацыі гісторыка-патрыятычнага праекта «Малая Вялікая Перамога»