Надыход каляндарная вясны нагадвае нам пра тое, што для абітурыентаў набліжаецца напружаная і адказная пара – асноўны этап уступнай кампаніі 2019. Іх поспех на цэнтралізаваным тэсціраванні, набыццё статусу студэнта ўстановы вышэйшай адукацыі і нават удалы пачатак прафесійнай кар’еры шмат у чым залежыць ад своечасовага і правільнага выбару будучай спецыяльнасці.

Самастойна разабрацца ва ўсёй разнастайнасці прапаноў універсітэцкай адукацыі і перспектыў абранага напрамку навучання вельмі цяжка. Асабліва калі гэта датычыцца зусім новых спецыяльнасцей. Аб адной з іх прафесійна і грунтоўна распавядаюць дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій Аксана Валер’еўна Голубева і загадчыца кафедрай эканомікі Інга Уладзіміраўна Зянькова.

Аксана Голубева і Інга Зянькова

Кар.: Як узнікла ідэя стварэння новай навучальнай праграмы для бакалаўрыята?

І.У. Зянькова: Вучоную ступень кандыдата эканамічных навук я атрымала па спецыяльнасці «Эканамічная палітыка». Таму пільна сачу за дакументамі, якія вызначаюць стратэгію развіцця нашай эканомікі. Адзін з іх – прэзідэнцкі дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», што ўключае захады па лібералізацыі ўмоў вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці у сферы інфармацыйных тэхналогій, у прыватнасці, лічбавай эканоміцы.

Лічбавізацыя эканомікі – гэта натуральны і несупынны працэс, і я віжу найшырэйшыя магчымасці, каб для яго больш імклівага развіцця ў Беларусі былі таксама задзейнічаны немалыя інтэлектуальныя рэсурсы нашага ўніверсітэта. Некаторыя беларускія ВНУ ўжо пачалі весці падрыхтоўку не проста эканамістаў, а праграмістаў-маркетолагаў у межах спецыяльнасці «Электронны маркетынг». Вось і мы з калегамі з факультэта інфармацыйных тэхналогій вырашылі не адставаць.

З прычыны кластарызацыі, якая набірае абароты ў Полацка-Наваполацкім рэгіёне, будуць не толькі развівацца прадпрыемствы традыцыйных галін эканомікі, але і з’яўляцца мноства разнастайных нетрадыцыйных бізнесаў, бізнесаў з удзелам замежных партнёраў. Без добра адладжаных інструментаў лічбавай эканомікі ім проста не абысціся.

Вялікія перспектывы мае і лічбавізацыя нашага ВНУ, бо яна дазваляе рэкламаваць універсітэт не проста візітоўкай ці нейкай друкаванай прадукцыяй, што было нармальна і натуральны яшчэ дзясятак гадоў таму, а выкарыстоўваючы магутнейшы інфармацыйны патэнцыял Сусветнай сеткі.

Акрамя таго, мы адкрываем «сумежную» спецыяльнасць. Што гэта значыць? Наш выпускнік атрымае кваліфікацыю праграміст-маркетолаг і на працоўным месцы злучыць у сабе двух спецыялістаў. Атрымліваецца, яго патэнцыйнаму работадаўцу будзе дастаткова наняць аднаго чалавека: ён зможа на гэтым зэканоміць. А значыць, наш праграміст-маркетолаг будзе яму выгадны.

А.В. Голубева: Так, неабходнасць адкрыцця ва ўніверсітэце спецыяльнасці «Электронны маркетынг» наспела. Маркетынгам можна назваць працэсы, праз якія людзі, ствараючы прадукты і абменьваючыся імі, атрымліваюць тое, у чым яны маюць патрэбу. Натуральна, што са з’яўленнем лічбавых тэхналогій узнік электронны маркетынг, які прасоўвае тавары, паслугі, брэнды пры дапамозе Інтэрнэту і мабільнай сувязі.

У наш час многія кампаніі імкнуцца вывесці частку бізнесу ў анлайн і атрымаць дадатковы аб’ём продажаў. Актыўнае і пісьменнае выкарыстанне інструментаў электроннага маркетынгу дазваляе значна павялічыць продажы, хутка прыцягнуць новых кліентаў, утрымаць ужо набытых, павысіць вядомасць кампаніі на рынку. Уменне працаваць з тонкімі электроннымі наладамі дае магчымасць праводзіць імгненны статыстычны аналіз электронных камерцыйных працэсаў, аптымізаваць кароткатэрміновыя рашэнні і перспектыўныя стратэгіі.

Але эфектыўнае прасоўванне бізнесу на прасторах Інтэрнэту можа ажыццяўляць толькі спецыяліст, які мае комплексную фундаментальную адукацыю ў галіне эканомікі, маркетынгу і праграмавання.

lab

Кар.: Ці ёсць у ПДУ канкурэнтныя перавагі перад іншымі ВНУ Беларусі, дзе таксама вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці «Электронны маркетынг»?

А.В. Голубева: Падрыхтоўку па гэтай спецыяльнасці ў Віцебскай вобласці не ажыццяўляе ні адна навучальная ўстанова. Да і ва ўсёй краіне толькі невялікая колькасць ВНУ можа прапанаваць навучанне па гэтаму напрамку. Апошнім часам прамысловыя кампаніі нашага эканамічна развітага рэгіёна актыўна звяртаюцца да Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з заяўкамі на спецыялістаў па электронным маркетынгу. Ідучы насустрач шматлікім пажаданням работадаўцаў і ўлічваючы магчымасці якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў, якія ёсць у ПДУ, Міністэрства адукацыі нашай краіны і дазволіла адкрыццё спецыяльнасці па гэтым профілі.

І.У. Зянькова: Мы – класічны ўніверсітэт, што мае як малады, але моцны і самадастатковы факультэт інфармацыйных тэхналогій, так і ўжо самавіты з багатымі традыцыямі фінансава-эканамічны факультэт. У выніку дзве часткі адной каманды – «айцішная» і эканамічная – здольныя даць студэнтам веды на самым высокім узроўні!

Тыпавы вучэбны план, у межах якога будзе весціся выкладанне, распрацаваны у БДУІР, універсітэце, які першым прапанаваў у сябе гэтую спецыяльнасць. Аднак будзе і нямала курсаў на выбар. Гэта дазволіць студэнту зрабіць акцэнт у сваім навучанні або на ІТ-складнік, або на эканоміку. У любым выпадку, важна, што чалавек, які засвоіў SЕО-прасоўванне (пошукавую аптымізацыю), будзе пры гэтым добра разбірацца і ў пытаннях эканомікі.

Кар.: У Сусветнай павуціне можна знайсці шмат адукацыйных рэсурсаў, якія дазваляюць дыстанцыйна атрымліваць самыя актуальныя і запатрабаваныя веды, у тым ліку і па электронным маркетынгу. Ёсць усялякія вочныя курсы. Бізнес, як мне падаецца, сёння звяртае ўвагу не столькі на дыплом аб вышэйшай адукацыі, колькі на рэальныя ўменні і навыкі наёмнага работніка, яго творчы патэнцыял. Чаму ж трэба спыніць свой выбар менавіта на «Электронным маркетынгу» у ПДУ?

А.В. Голубева: Анлайн-курсы ды іншыя варыянты самаадукацыі карысныя любому чалавеку, але не могуць замяніць сапраўдную ўніверсітэцкую адукацыю! Да таго ж, курсы, якія прапануюць прайсці праз сетку Інтэрнэт, часта не звязаны паміж сабой, маюць высокі кошт, ускосна з’яўляюцца сістэмай пошуку платнай персанальнай падтрымкі ці рэпетытарства.

Вучоба ва ўніверсітэце – гэта складаны, але добра адладжаны працэс. Сістэма якасці ў Полацкім універсітэце жорсткая: патрабаванні да прафесарска-выкладчыцкага складу, матэрыяльнага забеспячэння, сацыяльных аспектаў жыцця студэнтаў высокія. Універсітэт з’яўляецца платформай для шчыльнага ўзаемадзеяння будучых выпускнікоў і работадаўцаў. І, зразумела, вучыцца ва ўніверсітэце, мець зносіны са сваімі таленавітымі аднагодкамі, удзельнічаць у розных агульных справах, гэта проста вельмі карысна, цікава і весела!

І.У. Зянькова: Многія прадстаўнікі як вялікага, так і сярэдняга і малога бізнесу маюць пэўнае ўяўленне пра электронны маркетынг, атрымліваючы яго, як правіла, на курсах. Аднак, як вядома, ніякія кароткатэрміновыя навучальныя праграмы не ў стане забяспечыць належную глыбіню ведаў, фундаментальную падрыхтоўку слухачоў.

Хто прыходзіць на любыя курсы, звязаныя з ІТ-індустрыяй? Або прасунуты карыстальнік, або яшчэ пачатковец. Калі хочаш разумець сферу сваёй прафесійнай дзейнасці глыбока, ты павінен глыбока заглыбіцца ва ўсе азы маркетынгу, вэб-аналітыкі, матэматычнага метаду і статыстыкі, і ва ўсе «айцішныя» нюансы – у адпаведныя праграмы, SЕО-прасоўванне, капірайтынг… Навыкі ва ўніверсітэце прывіваюцца мэтанакіравана на працягу пэўнага часу у межах комплекснага вывучэння дысцыплін і розных практык.

Ва ўніверсітэце для моладзі адчынены самыя шырокія магчымасці для развіцця. Як толькі вы ўсаджваецеся на працоўнае месца… Добра, калі ваша работа яшчэ дазваляе захаваць энергію для інтэлектуальнага росту. Але ніхто не выключае самаразвіцця ва ўніверсітэце. Наадварот! Можна і пад час навучання пайсці на курсы ІПК ці ўжо пасля атрымання дыплома працягнуць развіццё у любым абраным напрамку.

Кар.: Вы ўжо вядзеце работу па прыцягненні абітурыентаў?

І.У. Зянькова: Так, з’явілася некалькі друкаваных матэрыялаў, пайшла інфармацыя ў электронных СМІ. А на пачатку лютага мы з Аксанай Валер’еўнай ужо прадставілі промапрадукт спецыяльнасці, якая адкрываецца, наўпрост. На полацкай пляцоўцы ўніверсітэта для слухачоў падрыхтоўчага аддзялення з Конга і для навучэнцаў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 быў праведзены MeetUp «Робім бізнес разам у лічбавай эканоміцы». Былі прадстаўнікі ІТ-кампаніі Andersen, гарадскога партала Полацка і Наваполацка Gorod214.by і ЗАТ «Бел Краўд Інвест». Мы распавялі пра спецыяльнасць і перспектывы праграміста-маркетолага на рынку працы. Прэзентацыя выклікала вялікі інтарэс з боку нашых патэнцыяльных кліентаў. Шчыра кажучы, я і сама хацела б быць праграмістам-маркетолагам!

biznes vmeste 2

Кар.: Падрыхтоўка спецыялістаў у такой перадавой галіне запатрабуе адпаведныя выкладчыцкія кадры.

А.В. Голубева: Так, зразумела! У мяне няма сумненняў у тым, што вядучыя выкладчыкі фінансава-эканамічнага факультэта і факультэта інфармацыйных тэхналогій (ФІТ) Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта будуць здольныя забяспечыць высокую якасць падрыхтоўкі па спецыяльнасці «Электронны маркетынг», якая паслужыць гарантыяй паспяховага працаўладкавання будучых выпускнікоў.

Траціна ад усіх дысцыплін, якія будуць выкладацца, – прадметы ІТ-профілю. Іх будуць весці выкладчыкі ФІТ. Усе яны маюць паспяховы вопыт работы ў ІТ-сферы і на высокім узроўні валодаюць англійскай мовай. Каб студэнты хутка набывалі тэарэтычныя і практычныя навыкі распрацоўкі праграмнага забеспячэння, выкладчыкі будуць выкарыстоўваць самыя перадавыя тэхналогіі навучання і ацэнкі атрыманых кампетэнцый.

І.У. Зянькова: Кафедра эканомікі настолькі сур’ёзна ставіцца да гэтага праекта, што ў межах падрыхтоўкі да яго рэалізацыі мы аднавілі на ІПК курс «Маркетынг». Да пачатку новага навучальнага года нашы выкладчыкі пройдуць курсы павышэння кваліфікацыі па гэтай спецыяльнасці. Гэта патрэбна для таго, каб мае дацэнты і старшыя выкладчыкі маглі даваць навучальны матэрыял цікава і з улікам найноўшых навуковых распрацовак і практычных напрацовак.

Натуральна, усе айцішнікі – людзі з англійскай мовай, бо яны даўно задзейнічаныя ў экспартна-імпартнай дзейнасці і кааперацыі. Аднак і мы, эканамісты, не адстаем ад іх. Удасканальваем сваю англійскую не толькі тэарэтычна, але і падтрымліваючы шырокія міжнародныя навуковыя і адукацыйныя кантакты з замежнымі калегамі, у тым ліку і дзякуючы нашай магістарскай праграме двайнога дыплому «Regional Planning and Development», якая ажыццяўляецца сумесна з Рэзэкненскай Тэхналагічнай Акадэміяй (Латвія).

Кар.: З улікам той пільнай увагі, якая надаецца павышэнню моўных кампетэнцый і акадэмічнай мабільнасці ў нашым універсітэце, будучыя студэнты спецыяльнасці «Электронны маркетынг» і самі атрымаюць выдатную магчымасць на высокім узроўні авалодаць англійскай.

І.У. Зянькова: Так, у ПДУ створаны выдатныя магчымасці для вывучэння англійскай мовы! Нават у фае нашых універсітэцкіх карпусоў цешаць вока і слых цудоўныя англамоўныя ролікі! Добрая фундаментальная падрыхтоўка забяспечваецца не толькі пад час звычайных аўдыторных заняткаў, але і дзякуючы плённай дзейнасці Цэнтра вывучэння замежных моў ПДУ. Мне вельмі падабаецца наш English Speaking Club! Захапляльныя нестандартныя заняткі, якія праходзяць пры самым актыўным удзеле носьбітаў англійскай мовы з ЗША, вельмі карысныя і нашым студэнтам, і выкладчыкам універсітэта.

angl zavtrak 6

Знайсці ў нас магчымасць, каб паразмаўляць ў англамоўнымі – даўно не праблема. А гэта забяспечвае больш якасны прагрэс у вывучэнні мовы. Я, напрыклад, хадзіла на трэніроўкі з Джоселін Піладжай, фулбрайтаўскім стыпендыятам, якая працавала ў ПДУ ў мінулым семестры, рэгулярна камунікавала з ёй. Праз паўгода яна адзначыла мае відавочныя поспехі. Магутным штуршком да больш мэтанакіраванага вывучэння мовы стаў візіт ва ўніверсітэт яшчэ аднаго «фулбрайтаўца» – амерыканскага прафесара Пітэра Туманаффа. Нашы латвійскія партнёры з Рэзэкнэ прапаноўваюць нам англамоўныя стажыроўкі. Гэта суседзі: па адлегласці да іх бліжэй, чым да Мінску. А зусім нядаўна я брала ўдзел у Дзяржаўнай атэстацыйнай камісіі ў Рэзэкнэ, дзе англійская была рабочай мовай.

У межах нашай новай спецыяльнасці вывучэнню англійскай будзе надавацца асаблівая ўвага. Ні для каго ўжо не сакрэт, што без яе сучаснаму спецыялісту, у якой бы сферы ён не працаваў, проста не абысціся. А ўжо праграмісту-маркетолагу і пагатоў!

Калі вярнуцца да пытання кадравага забеспячэння адукацыйнага працэсу, то хачу выказаць поўную упэўненасць у тым, што наш тандэм з выкладчыкамі ФІТ будзе цудоўным! Больш за тое, як толькі стала вядома аб адкрыцці спецыяльнасці «Электронны маркетынг», да нас адразу ж сталі паступаць прапановы з боку прадстаўнікоў бізнесу. Мы будзем браць, сама меней, трох-чатырох чалавек з гэтай сферы на выкладанне па сумяшчальніцтве. Спецыялісты-практыкі падзеляцца з нашымі студэнтамі майстэрствам работы ў гэтай няпростай галіне. Так яны здолеюць паўдзельнічаць у падрыхтоўцы спецыялістаў для саміх сябе. Гэта, на самой справе, надзвычай добры сімбіёз універсітэта і бізнесу!

Кар.: Выкарыстанне практыка-арыентаванага падыходу ў навучанні – адна з галоўных умоў якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў. З гэтага пункту гледжання, вялікае значэнне будуць мець вучэбныя практыкі. Дзе іх плануецца праводзіць?

І.У. Зянькова: У нас могуць быць задзейнічаны ўсе аддзелы маркетынгу на прадпрыемствах нашых традыцыйных галін – на ААТ «Нафтан», ААТ «Шкловалакно», ААТ «Вымяральнік», што ўваходзіць у холдынг «Гарызонт». Гатовы дапамагчы ў арганізацыі практык і мясцовыя выканаўчыя камітэты.

Магчымыя і замежныя стажыроўкі. Мы будзем прасоўваць іх як на традыцыйных – расійскім і еўрапейскім, так і на азіяцкім напрамках. Гэта не выпадкова, бо галоўныя стратэгічныя партнёры кафедры эканомікі – Кітай і Азербайджан.

Мы ўжо казалі пра важнасць англійскай. Так, зразумела, яна сёння – мова міжнародных зносін № 1. Аднак не трэба забывацца на кітайскую. Яе значэнне ў апошнія гады рэзка ўзрасло. І гэта толькі пачатак! Прыемна, што наш універсітэт дастаткова даўно ўлавіў гэты трэнд і ўжо мае ў сваім распараджэнні пункт Канфуцыя – цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры. Нядаўна ў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 мы правялі ўрок, прымеркаваны да святкавання кітайскага Новага года. Дзяўчынкі-эканамісткі з першага курса, якія паглыблена вывучаюць кітайскую, і другакурснік Ваня Скап’юк, які ўжо дасягнуў у ім значных поспехаў, распавядалі школьнікам пра важнасць гэтай мовы, аб тым, як атрымаць стыпендыі на навучанне ў Кітаі.

А да мяне ўжо ідуць прапановы ад кітайскіх партнёраў наконт акадэмічных стыпендый. Студэнтам трэба толькі заплаціць за білет! Такія стажыроўкі, на мой погляд, акажуцца вельмі карыснымі для будучага праграміста-маркетолага. Не сакрэт, што Кітай вельмі актыўна і паспяхова карыстаецца інструментамі лічбавай эканомікі. Нават зусім далёкі ад электроннага маркетынгу чалавек ведае пра кітайскі В2В вэб-партал Alibaba.com!

konferenciya IT 2

Кар.: Што ў выніку будуць умець выпускнікі спецыяльнасці «Электроны маркетынг»?

А.В. Голубева: Спецыяльнасць забяспечвае атрыманне кваліфікацыі «праграміст-маркетолаг». Аб’ектамі прафесійнай дзейнасці спецыяліста з’яўляюцца: вэб-парталы і вэб-сайты; пошукавыя сістэмы; рэклама ў сетцы Інтэрнэт; базы дадзеных; прыкладное праграмнае забеспячэнне; камп’ютарныя тэхналогіі; рэкламныя матэрыялы; кан’юнктура рынку і грамадская думка; інтэрнэт-аўкцыёны аптовага і рознічнага гандлю. Спецыялісты гэтай кваліфікацыі будуць здольныя праводзіць даследаванні рынку, знаходзіць патэнцыйных кліентаў і выяўляць іх патрэбы, сегментаваць рынак, пазіцыянаваць кампанію і яе асобныя прадукты, фармаваць таварны асартымент, ствараць і «раскручваць» брэнд, усталёўваць сістэму цэн і зніжак, распрацоўваць інструменты прасоўвання і ўздзеяння на спажыўца, канструяваць лагістыку размеркавання і дастаўкі прадукцыі.

Першапачатковымі пасадамі для выпускнікоў могуць быць: бізнес-аналітык; інжынер-праграміст; маркетолаг; спецыяліст па пошукавым прасоўванні вэб-сайта; спецыяліст па маркетынгу; праграміст; сістэмны аналітык; сістэмны архітэктар.

І.У. Зянькова: Галоўнае, выпускнік выйдзе з інтэграваным комплексам навыкаў тэхнічнага і эканамічнага мыслення. Як сведчыць вопыт, самы моцны светапогляд спецыяліста даецца на ўзроўні бакалаўрыята. Менавіта тады закладваецца падмурак, на якім узводзіцца далейшая прафесійная надбудова.

Кар.: Ці ёсць канкрэтыка па працаўладкаванні? Якія опцыі для тых, хто захоча працягнуць навучанне ў магістратуры?

І.У. Зянькова: Зразумела! Без канкрэтных заказаў з боку работадаўцаў адкрыццё гэтай спецыяльнасці было б немагчымым. Ёсць інтарэс з боку ІТ-кампаній. Наша кафедра вельмі актыўна супрацоўнічае з ААТ «Віцебскі мясакамбінат». Начальнік аддзелу знешнеэканамічнай дзейнасці гэтай кампаніі, напрыклад, прайшоў у нас магістратуру. Ён яшчэ тры гады таму прасіў: «Дайце нам маркетолагаў!»

Нашым двум гарадам і Віцебскай вобласці у цэлым неабходныя бізнесмены, гатовыя прасоўваць сваю прадукцыю ў інтэрнэт-прасторы. На першых этапах яны вырашаць праблемы многіх структурных падраздзяленняў. На нашых буйных прадпрыемствах, якія ўключаны ў стратэгічны план развіцця як інавацыйныя, ёсць, напрыклад, аддзелы знешнеэканамічнай дзейнасці. Падрыхтаваныя намі спецыялісты таксама будуць патрэбныя сярэдняму і дробнаму бізнесу.

У мяне сёння вучацца магістранты, якія заклапочаныя пытаннямі рэалізацыі прадукцыі сваіх філіялаў (яны ўжо маюць свае кампаніі!) у лесаапрацоўчай прамысловасці і хочуць мець філіялы за мяжой. Для таго, каб уключыцца ў размову і паказаць сябе бліжняму і далёкаму замежжу, неабходна мець файны сайт, умела карыстацца SЕО-прасоўваннем.

Ёсць сур’ёзныя кампаніі ў Мінску, напрыклад, ТАА «Группа компаний ВМЕСТЕ». Яны ўжо пачыналі са мной перагаворы аб падрыхтоўцы для іх спецыялістаў. У моладзі з рэгіёнаў (гэта датычыцца любой спецыяльнасці!) ёсць адна вельмі важная перавага перад выпускнікамі ВНУ сталіцы: яны ўмеюць працаваць у камандзе і вытрымліваць самую сур’ёзную канкурэнцыю. Любы работадаўца, асабліва ў бізнесе, ацэньвае патэнцыйнага работніка з пункту гледжання працаздольнасці, амбіцый і заробку. Таму ўжо сёння мінскія кампаніі, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню, «Ernst&Young», напрыклад, не проста з інтарэсам паглядаюць на выпускнікоў такіх моцных рэгіянальных ВНУ, як наша, але і ахвотна бяруць іх на працу.

У рэшце рэшт, па выніках навучання на ўзроўні І ступені вышэйшай адукацыі нехта вырашыць працягнуць адукацыю ў магістратуры ў Аксаны Валерьеўны, а хтосьці пойдзе на эканамічныя спецыяльнасці – «Regional Planning and Development» і, уласна, «Экономіку».

Па сутнасці, што такое магістратура «Regional Planning and Development»? Прыходзячы ў рэгіён, ты павінен бачыць яго патэнцыял і разумець, які бізнес на наяўнай інфраструктуры мэтазгодна ствараць. Умеючы праводзіць такі аналіз і валодаючы інструментарыям электроннага маркетынгу, ты зможаш прасоўваць свой бізнес у рэгіён, не клапоцячыся пра транзакцыйныя выдаткі для фізічнага прасоўвання, а выкарыстоўваючы Інтэрнэт. Вельмі насычанай і збалансаванай стала зараз спецыяльнасць «Эканоміка»: 25 дысцыплін, прасунуты ўзровень макраэканомікі і міжнароднага маркетынгу! Гэта рэальная магчымасць істотна папоўніць свой інтэлектуальны багаж самымі актуальнымі на сённяшні дзень ведамі. Яна таксама здольная адчыніць для праграміста-маркетолага новыя рубяжы для бізнес-творчасці!

epam

Кар.: Ці плануецца ў бліжэйшы час адкрыццё новых спецыяльнасцей, закліканых задаволіць патрэбы грамадства ва ўмовах лічбавізацыі эканомікі і далейшага развіцця ІТ-сферы?

І.В. Зянькова: У сярэднетэрміновай перспектыве, гэта значыць у бліжэйшыя тры гады, маёй кафедры адкрыць якую-небудзь спецыяльнасць на ўзроўні І ці ІІ ступеняў вышэйшай адукацыі, відавочна, не атрымаецца. Ад добрай ідэі да яе ўвасаблення – пра гэта гаворыць і вопыт адкрыцця «Электроннага маркетынгу» – трэба прайсці немалы шлях. Тым не менш, ужо ў бліжэйшыя гады будзем старацца стварыць надзейны плацдарм для новай магістарскай праграмы па электронным бізнесу. Паглядзім, як працягнецца работа на «цокальным паверсе» – у ІПК, наколькі паспяхова будзем рухацца наперад па спецыяльнасці «Электронны маркетынг». А вось у тым, што магістратура па электронным бізнесе будзе карыстацца вялікім попытам, сумненняў у мяне нават не ўзнікае!

А.В. Голубева: ІТ рэгулярна пашырае лінейку спецыяльнасцей першай і другой ступеняў вышэйшай адукацыі. З 2019 года наш факультэт праводзіць набор на ультрасучасную спецыяльнасць першай ступені вышэйшай адукацыі «Праграмаваныя мабільныя сістэмы» (пакуль адзіную ў Віцебскай вобласці). Кваліфікацыя, якая прысвойваецца – «інжынер па электронных сістэмах». Форма навучання – дзённая (бюджэт).

На дадзены момант сусветная эканоміка ажыццяўляе пераход ад шостага да сёмага індустрыяльнага тэхналагічнага ўкладу. Таму ў работадаўцаў узнікае вострая патрэба ў кадрах з апераджальнымі кампетэнцыямі. Інжынер па электронных сістэмах – гэта ўніверсальны спецыяліст, які здольны займацца распрацоўкай праграм як верхняга, так і ніжняга ўзроўняў, ствараць начынку «вытворчасцей без людзей», заснаванай на міжмашыннай камунікацыі і «прамысловым інтэрнэце рэчаў» і многае іншае.

Падрыхтоўку па гэтай спецыяльнасці ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць толькі ў два ўніверсітэты. Такі сціплы выбар абумоўлены тым, што забяспечыць якасны навучальны працэс на высокім метадычным і матэрыяльным узроўні можа сабе дазволіць далёка не кожная вышэйшая навучальная ўстанова.

На факультэце інфармацыйных тэхналогій працуе высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад, якія ўяўляе сплаў «маладосці і вопыту». Поруч з масцітымі, заслужаным майстрамі сваёй справы вучацца іх юныя калегі. Практычна ўсе выкладчыкі ФІТ занятыя ў рэальных ІТ-праектах і падтрымліваюць шчыльную сувязь з ІТ-галіной.

З гэтай прычыны няма праблем з размеркаваннем. Дзякуючы прадуманай зладжанай каманднай рабоце студэнтаў, выкладчыкаў і ІТ-кампаній, усе выпускнікі, як правіла, ужо пад час навучання ва ўніверсітэце, маюць добрыя працоўныя месцы!

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie