Тыдзень першакурснікаў у Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай стаў насычаным уводным курсам ва ўніверсітэцкае жыццё: першыя знаёмствы, запамінальныя сустрэчы і адкрыццё магчымасцей – ад навучання на ваеннай кафедры да валанцёрства.
На канцэрце для першакурснікаў у Дзень ведаў адбылася ўрачыстая цырымонія «Прысвячэнне ў студэнты». Гледачы былі ўражаныя тым, як ярка і палымяна праходзяць святы ва ўніверсітэце – іх чакалі дынамічныя выступы таленавітых старшакурснікаў і цёплыя словы ад рэктара. Энергія канцэрта пакінула незабыўныя ўражанні і зарадзіла гледачоў пазітывам на ўвесь навучальны год.
У Полацкім калегіуме студэнты першага курса далучыліся да векавых традыцый дзякуючы цырымоніі «Рэктарскі ўваход». У суправаджэнні дэканаў і рэктара яны прайшлі праз універсітэцкія калідоры, атрымалі пажаданне Мудрага старца, а затым унеслі свае подпісы ў кнігу «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт» – сімвалічнае дзеянне, якое падкрэслівае ўступленне ў акадэмічную супольнасць.
Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі, рэктар Полацкага ўніверсітэта: «Паважаныя першакурснікі! Учора вы зрабілі першы крок у студэнцкае жыцьцё – вас прынялі ў шэрагі студэнтаў. А сёння вам дадзены гонар прыняць удзел у традыцыі, якой шмат гадоў. Традыцыя – гэта тое, што звязвае мінулае, сучаснасць і будучыню, яна дапамагае глядзець у будучыню з упэўненасцю і верай у працяг гісторыі і ў тое, што дасягненні нашай краіны і кожнага з вас будуць улічаны.
Сёння вы пакінеце свае подпісы ў кнізе студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта – гэтым вы бераце на сябе абавязацельства з гонарам насіць званне студэнта нашага ўніверсітэта. Мы ўпэўненыя, што вы будзеце годна несці гэтае званне.
Праз нейкі час, магчыма, вашыя дзеці і ўнукі будуць прыходзіць сюды, гартаць старонкі ўніверсітэцкай кнігі і ганарліва казаць: «Вось тут вучыліся мае бацькі». Я жадаю вам ганарліва несці званне студэнта, мужнасці ў пераадоленні цяжкасцей і імкнення стаць не толькі добрымі спецыялістамі, але і дастойнымі, адказнымі грамадзянамі нашай адзінай Беларусі. Віншую вас!»
Экскурсія па Полацкім калегіуме раскрыла шматслойную гісторыю будынка: старадаўнія залы, архітэктурныя дэталі і культурныя пласты, якімі ганарыцца ўніверсітэт. У лабараторыі антрапалогіі і археалогіі студэнтам паказалі знаходкі, выяўленыя ў Полацкім рэгіёне, расказалі пра метады палявой і лабараторнай работы, а таксама пра магчымасці ўдзелу ў даследчых праектах.
Ваенная кафедра, размешчаная ў будынку былога Дома афіцэраў, прадставіла асобны напрамак навучання для тых, хто плануе атрымаць ваенную падрыхтоўку ў спалучэнні з універсітэцкай адукацыяй. Студэнтам расказалі пра патрабаванні і дысцыпліну, а таксама пра тыя практычныя навыкі і кампетэнцыі, якія дае навучанне на кафедры. Асабліва каштоўна для першакурснікаў было ўбачыць гістарычны будынак і сучасныя аўдыторыі, дзе праходзіць падрыхтоўка будучых афіцэраў запасу.
Кіраўнік Цэнтра стартапаў Вераніка Анатольеўна Скап'юк расказала, як універсітэт падтрымлівае прадпрымальніцкую ініцыятыву і праекты студэнтаў. Наглядныя прыклады паспяховых стартапаў, майстар‑класы па стварэнні прататыпаў, кансультацыі ментараў — усё гэта дае першакурснікам надзейную платформу для рэалізацыі ідэй.
Сустрэча з рэктарам нагадала першакурснікам пра адказнасць, якая ўскладаецца на іх з прысваеннем статусу студэнта Полацкага ўніверсітэта. Удзельнікі сустрэчы маглі задаць пытанні, атрымаць практычныя рэкамендацыі і зразумець, што статут студэнта – гэта не толькі правы, але і адказнасць перад універсітэтам.
Цэнтр вывучэння замежных моў і аддзел міжнародных сувязяў прадставілі магчымасці для павышэння моўнай кампетэнцыі і ўдзелу ў міжнародных праграмах. Першакурснікам расказалі пра курсы па розных мовах, дыстанцыйных і вочных фарматах навучання ў Цэнтры, клубы размоўнай практыкі і моўнае тэсціраванне. Прадстаўнікі аддзела міжнародных сувязей асвятлілі праграмы акадэмічнай мабільнасці, падкрэсліўшы, што ўжо з першага курса можна планаваць міжнародны адукацыйны вопыт.
Прадстаўнікі студэнцкіх аб'яднанняў і службаў далі першакурснікам уяўленне пра тое, дзе можна атрымаць дапамогу і як хутка ўключыцца ў жыццё універсітэта. Студэнты даведаліся пра падтрымку і актыўнасці, даступныя кожнаму: ільготы ад прафкама, працоўныя праекты ў складзе студэнцкіх атрадаў, валанцёрства. Служба парадку і сэрвісная служба прапанавалі далучыцца да іх каманды, каб разам падтрымліваць парадак на мерапрыемствах і рабіць іх правядзенне бездакорным.
Студэнцкая рэдакцыя «Насцеж» і відэастудыя «Канспект» адчынілі дзверы ў медыяпрастору ўніверсітэта. Прадстаўнікі рэдакцыі расказалі пра фарматы іх работы па асвятленні студэнцкага жыцця, а хлопцы з відэастудыі паказалі абсталяванне і расказалі пра працэс стварэння сюжэтаў.
Творчыя калектывы універсітэта даказалі, што ўніверсітэцкае жыццё далёка не абмяжоўваецца аўдыторыямі. Першакурснікам прапанавалі танцавальныя калектывы і вакальныя студыі, а таксама клуб вядучых. Для многіх гэта стала запрашэннем паспрабаваць сябе на сцэне, знайсці сяброў па інтарэсах і разам удзельнічаць у святочных праграмах і конкурсах.
Першакурснікі падзяліліся сваімі ўражаннямі пра мінулы тыдзень.
Мікалай Хаданёнак, студэнт 1 курса спецыяльнасці «Гісторыя»: «Першае ўражанне ад універсітэта вельмі станоўчае. Лічу вылучыць тыдзень на знаёмства з універсітэтам добрай ідэяй. Я і мае аднагрупнікі бліжэй пазнаёміліся з актывам універсітэта, службамі і калектывамі. Адчуваеш, што перад табой адчыняецца мноства даляглядаў і магчымасцяў. І, галоўнае – ёсць з чаго выбіраць!»
Анастасія Аніськовіч, студэнтка 1 курса спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя»: «Для мяне было незвычайна прыняць удзел у цырымоніі «Рэктарскі ўваход» і наведаць калегіум. Адчуваецца багатае мінулае гэтага месца. Вельмі цудоўна, што мой студэнцкі шлях пачынаецца менавіта ў тым месцы, дзе людзі стагоддзямі атрымлівалі вышэйшую адукацыю».
Тыдзень першакурснікаў дасягнуў сваёй мэты: ён дапамог студэнтам адчуць дух універсітэта, выбраць напрамкі для развіцця і зразумець, дзе шукаць падтрымку і аднадумцаў. Жадаем усім першакурснікам удачы ў вучобе і смеласці спрабаваць новае – наперадзе мноства магчымасцей!





















