18 верасня ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання дагавораў аб супрацоўніцтве па забеспячэнні функцыянавання інжынерных класаў у 5 школах Віцебскай вобласці.
Першыя інжынерныя класы пры падтрымцы Полацкага ўніверсітэта адкрыліся яшчэ ў 2023 годзе. Практыка ўзаемадзеяння з установамі сярэдняй адукацыі паказала станоўчыя вынікі і сёння ўніверсітэт ажыццяўляе падрыхтоўку да паступлення на інжынерныя спецыяльнасці навучэнцаў больш за 30 школ.
Універсітэт увесь час мадэрнізуе сваю матэрыяльна-тэхнічную базу для падрыхтоўкі кваліфікаваных інжынераў – сёлета адкрыта прастора па інтарэсах тэхнічнага профілю «Інжынер будучыні». Падтрымка арганізацый-заказчыкаў кадраў дае магчымасць абнаўляць абсталяванне і ўкараняць найноўшыя тэхналогіі ў навучальны працэс. У рамках рэалізацыі прынятай у краіне Канцэпцыі інжынернай адукацыі, Полацкі ўніверсітэт зрабіў значны крок наперад, адкрыўшы Цэнтр кампетэнцый у галіне будаўніцтва і інжынерных сетак. Лабараторны комплекс стане платформай для інтэграцыі тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў пры ўдзеле практыкуючых спецыялістаў.
Прастора па інтарэсах тэхнічнага профілю «Інжынер будучыні» (фота 1) Абсталяванне лабараторыі ачысткі прыродных і сцёкавых вод (фота 2)
У рамках Цэнтра кампетэнцый плануецца адкрыццё і мадэрнізацыя 15 лабараторый, кожная з якіх будзе аснашчана сучасным абсталяваннем і інструментамі для правядзення даследаванняў на высокім узроўні. Пры падтрымцы даўніх партнёраў – прадпрыемстваў «Віцебскаблгаз» і «Віцебскаблвадаканал» у гэтым навучальным годзе адкрыліся 3 новыя лабараторыі:
- Лабараторыя лічбавых двайнікоў
- Лабараторыя абсталявання сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення
- Лабараторыя ачысткі прыродных і сцёкавых вод
Абсталяванне лабараторыі лічбавых двайнікоў (фота 1) Абсталяванне лабараторыі сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення (фота 2)
Ва ўрачыстай цырымоніі падпісання дагавораў аб супрацоўніцтве па забеспячэнні функцыянавання інжынерных класаў прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў сярэдняй адукацыі:
- Наталля Ерамееўна Алданава, дырэктар гімназіі № 1 г. Наваполацка
- Святлана Аляксандраўна Федзюкова, дырэктар сярэдняй школы №2 ім. Я.А. Трапезнікавай г. Наваполацка
- Таццяна Браніславаўна Кузьмянкова, дырэктар сярэдняй школы № 7 г. Оршы
- Людміла Віктараўна Стэльмачонак, дырэктар Браслаўскай сярэдняй школы № 1 імя А.М. Жданава
- Алёна Уладзіміраўна Ворса, дырэктар Ушацкай сярэдняй школы
Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі, рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, зазначыў: «Становіцца добрай традыцыяй у тыдзень, калі мы адзначаем адно з галоўных святаў нашай краіны – Дзень народнага адзінства, праводзіць цырымонію падпісання дамоваў па забеспячэнні функцыянавання інжынерных класаў. Гэта падзея мае асаблівае значэнне для нас.
Летась лозунг «Марафона адзінства» – «Адну справу робім» – глыбока запаў мне ў душу. Рашэнне задачы фарміравання эканамічнага суверэнітэту краіны ляжыць не толькі на нас, як на ўстанове вышэйшай адукацыі, але і на сістэме сярэдняй адукацыі, гэта значыць непасрэдна на школах. Нам важна, каб на інжынерныя спецыяльнасці паступалі найбольш падрыхтаваныя і матываваныя дзеці.
На сённяшні дзень, пакуль наша цырымонія яшчэ не завяршылася, у нас падпісана 34 дамовы, дзякуючы якім мы падтрымліваем дзейнасць больш за 50 класаў інжынернай накіраванасці. У мінулым годзе адбыўся першы выпуск класаў, якія мы суправаджалі. З 181 выпускніка 88 сталі студэнтамі нашага ўніверсітэта. Вядома, мы будзем імкнуцца да таго, каб гэты паказчык быў вышэйшы, і нам хацелася б бачыць усе 100% выпускнікоў інжынерных класаў сярод нашых студэнтаў. Аднак радуе, што юнакі і дзяўчаты выбралі менавіта тэхнічныя спецыяльнасці і паступілі менавіта ў беларускія універсітэты.
Я спадзяюся, што сёння навучэнцы ў поўнай меры ацэняць нашы магчымасці, наведаўшы лабараторыі, зацікавяцца інжынерным кірункам і стануць нашымі студэнтамі, а праз некалькі гадоў прыйдуць на беларускія прадпрыемствы і будуць развіваць інавацыі і тэхналогіі ў роднай краіне».
Для будучых навучэнцаў інжынерных класаў з Наваполацка, Оршы, Браслава і Ушач правялі экскурсію па інавацыйных лабараторыях факультэта камп'ютэрных навук і электронікі, а таксама інжынерна-будаўнічага і механіка-тэхналагічнага факультэтаў. Затым юнакі і дзяўчаты адправіліся на майстар-клас рэктара па матэматыцы.
Полацкі ўніверсітэт дае студэнтам лепшыя ўмовы для атрымання інжынерных спецыяльнасцей, падтрымліваючы ўстойлівае развіццё інжынернай адукацыі ў краіне.










