26 студзеня 2013г. у фае актавай залі Полацкага калегіума адбыўся майстар-клас па традыцыйных беларускіх танцах пад кіраўніцтвам Сяргея Выскваркі. Мерапрыемства было арганізаванае па ініцыятыве ўдзельнікаў фальклёрнага гурта “Варган” гісторыка-філалагічнага факультэта ПДУ.
Сяргей Выскварка – спецыяліст па традыцыйным танцавальным этыкеце і манеры выканання танцаў, якіх ён ведае за 90, не ўлічваючы шматлікіх варыянтаў іх выканання. Па словах харэографа, “такое багацце прынеслі больш як 20 гадоў пошукавай працы па рэгіёнах краіны”.


І вось у Полацкім дзяржаўным універсітэце адбылася цёплая сустрэча аматараў традыцыйнага танца. Сам Сяргей Георгіевіч характарызуе мерапрыемства наступным чынам: “Мая мэта – паказаць прыгажосць традыцыйнага беларускага танца, падкрэсліць менавіта традыцыйнасць танца, перадаць яго асаблівасці, яго манеру, яго жыццё ў сучасным асяродку”.


Сяргей Выскварка з’яўляецца мастацкім кіраўніком узорнага фальклёрнага калектыву “Верабейкі” (г.Любань). Пад яго кіраўніцтвам у 2011 годзе ладзіліся танцавальная школа “Пятровіца” і рэгіянальны фестываль народнай культуры “Пятроўскі фэст”.
Карэспандэнт сайта Ірына Шыпко