Для ўсебаковага развіцця асобы важны пошук і прадастаўленне ўсіх магчымых варыянтаў атрымання новай інфармацыі, уражанняў, пашырэння свайго культурнага кантэксту. Адной з такіх магчымасцяў з'яўляецца адукацыйны турызм, які садзейнічае выкананню мэт і задач навучання спецыяліста.

Полацкі дзяржаўны універсітэт імя Еўфрасінні Полацкай высока ацэньвае патэнцыял адукацыйных тураў і імкнецца развіваць і камбінаваць іх з іншымі формамі турызму.

У структуры ўніверсітэта функцыянуе турыстычны цэнтр, адным з напрамкаў работы якога з'яўляецца арганізацыя турыстычнай дзейнасці. З 2016 года яго супрацоўнікі займаюцца фарміраваннем і рэалізацыяй адукацыйных тураў, пачынаючы з 2018 года на кожны навучальны год распрацоўваецца праграма адукацыйных тураў для студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, згодна з якой прадстаўнікі ўсіх факультэтаў наведваюць профільныя прадпрыемствы, установы і арганізацыі Рэспублікі Беларусь, спецыялізаваныя выстаўкі, семінары, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы з мэтай фарміравання дадатковай цікавасці да прафесійнай дзейнасці, павышэння ўзроўню ведаў па выбраных спецыяльнасцях, дасведчанасці аб навукова-тэхнічных дасягненнях і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, набыцця практычнага вопыту. Замежныя навучэнцы ў складзе сваіх студэнцкіх груп таксама бяруць удзел у гэтых паездках.

Полацкі калегіум

Полацкі калегіум

Метадычныя матэрыялы па дадзенай тэме, прадстаўленыя ў рамках Панарамы педагагічнага вопыту XVIII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі (2019 год), былі адзначаны дыпломам I ступені і апублікаваны ў часопісе «Вышэйшая школа».

Акрамя таго, турцэнтр Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай арганізуе культурна-пазнавальныя туры па Беларусі, накіраваныя на арганізацыю змястоўнага вольнага часу студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў універсітэта, навучэнцаў школ і іншых асоб, папулярызацыю гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны нашай краіны.

За 2016-2023 гады адбылося 124 адукацыйных і 377 культурна-пазнавальных тура (больш за 250 розных аб'ектаў). Агульная колькасць удзельнікаў склала 15 715 чалавек, у тым ліку 330 замежных грамадзян.

Раскрываючы тэму адукацыйнага турызму ў Полацкім універсітэце, нельга не адзначыць і ўнікальны вопыт стварэння адукацыйных тураў.

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай мае шырокую партнёрскую сетку з навучальнымі ўстановамі і прадпрыемствамі як на тэрыторыі Беларусі, так і за мяжой. Падтрымка і супрацоўніцтва нашага ўніверсітэта з калегамі з Расійскай Федэрацыі ствараюць умовы для фарміравання унікальных адукацыйных тураў па абмене студэнтамі. Дадатным досведам падобнага ўзаемадзеяння можна лічыць летнюю школу ДУАП-ПДУ, якая дазволіла студэнтам з Полацка і Санкт-Пецярбурга зразумець прынцыпы навучання, зірнуць на інавацыйныя падыходы і метады, якія практыкуюцца ў навучальных установах, і, вядома, пазнаёміцца з гісторыяй і культурай старажытных гарадоў.

Удзельнікі летняй школы ДУАП-ПДУ

Партнёрскія сувязі з прадпрыемствамі дазваляюць ствараць сінтэз прамысловага і адукацыйнага турызму, які выконвае важную прафарыентацыйную функцыю. У 2023 і 2024 годзе студэнты нашага ўніверсітэта наведалі «Віцебскаблгаз» – шматпрофільнае прадпрыемства, якое ўкараняе сучасныя тэхналогіі, сістэмы аўтаматызацыі і кантролю за рэжымамі газазабеспячэння па ўсіх катэгорыях спажыўцоў, робіць замену састарэлага абсталявання ва ўсіх галінах вытворчай дзейнасці.

У ходзе комплекснай экскурсіі для студэнтаў розных спецыяльнасцей кіраўнікі і супрацоўнікі прадпрыемства прадэманстравалі работу аддзелаў і далі магчымасць узяць у ёй удзел. Завяршальным этапам адукацыйнага тура стала сустрэча з генеральным дырэктарам, падчас якой студэнты прайшлі сумоўе. Такія турыстычныя магчымасці даюць студэнтам шанец убачыць абсталяванне месца іх будучай працы, ацаніць свае сілы і выбраць для сябе упадабаны вектар развіцця кар'еры пасля заканчэння навучання.

Экскурсія на «Віцебскаблгаз»

У 2022/2023 навучальным годзе завяршылася рэалізацыя гісторыка-патрыятычнага праекта «Малая Вялікая Перамога». У выніку студэнты спецыяльнасці «Гісторыя» пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта распрацавалі 8 унікальных экскурсійных маршрутаў па Віцебскай вобласці, якія раскрываюць гераічныя і трагічныя эпізоды ў гісторыі нашага рэгіёну ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праект дазволіў вывучыць малавядомыя факты, пашырыць змест агульнай гістарычнай памяці за кошт асвятлення лакальнага мінулага сярод студэнцкай моладзі.

Больш за 500 студэнтаў усіх факультэтаў наведалі памятныя мясціны, воінскія пахаванні, месцы масавага знішчэння і іншыя мемарыяльныя аб'екты Віцебскай вобласці, якія не з'яўляюцца папулярнымі з пункту гледжання турызму. Было ахоплена 87 аб'ектаў у 11 раёнах. Асаблівасцю праекта таксама стала камунікацыя ўдзельнікаў, паколькі экскурсаводамі на кожным маршруце выступалі студэнты-гісторыкі, рэалізоўваўся прынцып «роўны навучае роўнага», а тэмы раскрываліся праз пачуццёва-эмацыйныя вобразы.

Малая Вялікая Перамога

Гэта ініцыятыва атрымала высокую ацэнку. Універсітэт стаў пераможцам Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі «Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства» 2022, быў узнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі за ўклад у развіццё маладзёжнага турысцка-краязнаўчага руху, дыпломам ІІ ступені па выніках рэспубліканскага конкурсу праектаў і метадычных распрацовак патрыятычнай накіраванасці ўстаноў вышэйшай адукацыі «Панарама паспяховых практык». «Малая Вялікая Перамога» шырока асвятлялася ў СМІ, у тым ліку асобныя артыкулы былі апублікаваны ў газетах «Віцебскія весці» і «СБ. Беларусь сёння».

Узнагароды

Узнагароды

У Год гістарычнай памяці Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай прадставіў новую форму перадачы мінулага – рэканструкцыю на аснове тэхналогій віртуальнай рэальнасці, прысвечаную подзвігу абаронцаў Полацкага ўмацаванага раёна ў 1941 годзе. VR-праект «Гераічны ДАК» фарміруе абсалютна новы вопыт ва ўспрыманні эпізодаў Вялікай Айчыннай вайны, робіць іх больш жывымі і, што вельмі важна, аказвае моцнае эмацыйнае ўздзеянне, якое ляжыць у аснове фарміравання гістарычнай свядомасці.

Распрацоўка была прадэманстравана на рэспубліканскай выставе навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная», увайшоўшы ў спіс топ-аб'ектаў увагі прэзідэнта, а па выніках Юбілейнага XX Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» універсітэт стаў дыпламантам у намінацыі «Віртуальны праект года».

Арцём Грыбанаў і Ганна Ільючык

Арцём Грыбанаў і Ганна Ільючык

Яшчэ адзін унікальны праект Гістарычныя вуліцы Полацка, які рэалізуецца сумесна з Полацкім раённым выканаўчым камітэтам, накіраваны на напаўненне інфармацыйным полем турыстычнай і жылой зоны старажытнага горада звесткамі пра вуліцы і будынкі, археалагічныя помнікі, гістарычныя падзеі і асобы. Праект арыентаваны ў першую чаргу на прыезджых і гасцей Полацка, але ў той жа час ён створаны і для мясцовых жыхароў, якія не валодаюць падрабязнай інфармацыяй пра мінулае горада.

Адной з найважнейшых задач універсітэта з'яўляецца ажыццяўленне экскурсійнай дзейнасці на тэрыторыі комплексу былога езуіцкага калегіума ў Полацку, уключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (корпуса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай). Студэнты, госці ўніверсітэта і гарады, індывідуальныя наведвальнікі і арганізаваныя турыстычныя групы, у тым ліку замежныя грамадзяне з розных краін свету, даведаюцца пра гісторыю адукацыі, навукі і культуры полацкай зямлі, а таксама аб сучасным патэнцыяле навучальнай установы. Сёння комплекс Полацкага калегіума – адзін з вядучых экскурсійных аб'ектаў рэгіёну.

Экскурсіі ў Полацкім калегіуме

За мінулы год праведзена 906 экскурсій, прынята 19044 экскурсанты, з іх 5244 замежніка. У рамках 100 экскурсій Музей навукі і асветы Полаччыны, які функцыянуе на базе ўніверсітэта, наведалі 1102 чалавекі. Акрамя таго, распрацавана 9 адукацыйных экскурсійных праграм для знаёмства ў інтэрактыўнай форме з кожным факультэтам.

Інфармацыя пра магчымасці адукацыйнага турызму ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай пастаянна размяшчаецца на розных інфармацыйных інтэрнет-рэсурсах, у рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ. Супрацоўнікі турцэнтра штогод прымаюць удзел у мерапрыемствах галіны: семінарах, трэнінгах, выставах, такіх як Міжнародная выстава турызму і індустрыі гасціннасці «MITT», Міжнародная выстава турысцкіх паслуг «АДПАЧЫНАК», Рэспубліканская турыстычная выстаўка «Спадчына Беларусі», з'яўляюцца членамі Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па пытаннях развіцця турызму пры Полацкім раённым выканаўчым камітэце, удзельнікамі рэалізацыі на тэрыторыі Віцебскай вобласці пілотнага праекта «Васільковы край», іншых ініцыятыў і акцый.

Музей навукі і асветы Полаччыны

Полацкі ўніверсітэт выкарыстоўвае максімум магчымасцей для развіцця ў сістэме вышэйшай адукацыі рэгіёну патэнцыялу адукацыйнага турызму, які будзе карысны як для студэнтаў, так і для іншых груп насельніцтва.

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie