6 сакавіка адбылася прэзентацыя зборніка матэрыялаў экспедыцый Цэнтра вуснай гісторыі і палявых даследаванняў – «Пасляваенная вёска Паўночнай Беларусі ў дыскурсе вуснай гісторыі», які быў выдадзены ў канцы 2024 года ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай.

Аўтары-складальнікі зборніка – кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі і сацыягуманітарных навук Алена Вячаславаўна Сумко і кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі і сацыягуманітарных навук Уладзімір Яўгенавіч Аўсейчык. У аснову зборніка леглі матэрыялы з асабістых архіваў аўтараў, а таксама экспедыцыйныя запісы, якія здзяйсняліся на працягу 2000-2020х гг. у рамках этнаграфічнай практыкі студэнтаў спецыяльнасці «Гісторыя» пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Полацкага ўніверсітэта.

Уладзімір Яўгенавіч Аўсейчык, Алена Вячаславаўна Сумко і студэнты спецыяльнасці «Гісторыя»

Уладзімір Яўгенавіч Аўсейчык, Алена Вячаславаўна Сумко і студэнты спецыяльнасці «Гісторыя»

У прэзентацыі прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры гісторыі і сацыягуманітарных навук і ў першую чаргу яна была накіравана на пэўную аўдыторыю – студэнтаў-гісторыкаў. Гэта было не проста знаёмства з новым выданнем, але і магчымасць зразумець каштоўнасць лакальнай гісторыі, даведацца больш пра метады вуснай гісторыі, натхніцца на ўласныя даследаванні.

Алена Мікалаеўна Барун, загадчык кафедры гісторыі і сацыягуманітарных навук: «Гэты зборнік – вынік карпатлівай працы нашых калег. Ён уяўляе сабой унікальны погляд на паваенную вёску праз прызму вуснай гісторыі – таго, што не заўсёды можна знайсці ў афіцыйных дакументах, але што складае жывую тканіну нашай памяці. Пасляваенныя гады – гэта час, які пакінуў глыбокі след у лёсах людзей і цэлых пакаленняў. Я спадзяюся, што нашым студэнтам пашанцуе паўдзельнічаць у палявых экспедыцыях і, магчыма, для кагосьці гэта таксама будзе набліжэннем да навукі, якое будзе плённым для вашага далейшага навуковага шляху і стане справай вашага жыцця».

Дэкан гуманітарнага факультэта Аляксей Леанідавіч Радзюк падзяліўся ўспамінамі пра свой досвед палявых даследаванняў: «Я хачу падзяліцца тым, што стаіць за рамкамі гэтага актуальнага і ўнікальнага выдання, якое сёння прадставяць. Гэта досвед палявога даследавання, яно можа быць вусна гістарычным, яно можа быць этнаграфічным, і яно застаецца з вамі назаўжды. Мы пэўны час працавалі ў цесным узаемадзеянні, рухаліся разам, прайшлі не адзін кіламетр. Мне здаецца, што гэта ўнікальная магчымасць для кожнага студэнта і кожнага чалавека, які прымае ўдзел у палявым даследаванні, таму што ты ў працэсе працуеш з жывымі людзьмі і іх памяць – гэта ўнікальная магчымасць для кожнага з нас стаць, на мой погляд, 100% гісторыкам, бо гэтая насычаная, эмацыйная гісторыя, яна шмат у чым складае сутнасць нашай навукі і мне здаецца, што развіццё гэтага кірунку з'яўляецца адным з самых прыярытэтных на нашым факультэце. Гэты накірунак быў нашай візітнай карткай доўгі час, і я спадзяюся, што выданне гэтага зборніка дазволіць нам рухацца ў гэтым напрамку і надалей».

Аляксей Леанідавіч Радзюк і Алена Мікалаеўна Барун

Аляксей Леанідавіч Радзюк і Алена Мікалаеўна Барун

Уладзімір Яўгенавіч Аўсейчык распавёў пра ўнікальную Полацкую этнаграфічную школу, пра тое, што сабой уяўляюць палявыя экспедыцыі, якія фарматы практыкуюцца. «Наша палявая праца арыентаваная перш за ўсё на навуковы складнік і так было першапачаткова. Распаўсюджаны фармат – гэта стацыянарная экспедыцыя, якая мае на ўвазе выезд у канкрэтную мясцовасць на некалькі тыдняў. З майго досведу, самае частае пытанне, калі мы пачыналі працу, – «Дзе ж вы былі раней?!». Сапраўды, людзі сыходзяць, а з імі і цэлыя пласты ведаў. Таму нашая задача – зафіксаваць, наколькі гэта магчыма, захаваць у архіве Цэнтра вуснай гісторыі і палявых даследаванняў. І гэта вельмі запатрабавана не толькі сярод выкладчыкаў і студэнтаў Полацкага ўніверсітэта, запыты прыходзяць з іншых навуковых устаноў».

У працэсе прэзентацыі арганізатары прадэманстравалі фатаграфіі і відэаролікі, якія дапамаглі пагрузіцца ў атмасферу палявой экспедыцыі.

Алена Вячаславаўна Сумко расказала пра тое, што прадстаўленыя ў зборніку фальклорна-этнаграфічныя і вусна гістарычныя запісы – гэта гісторыя пасляваеннага аднаўлення з пункту гледжання звычайнага чалавека, якая дазволіць выявіць асаблівасці і агульныя тэндэнцыі адлюстравання ў народнай памяці пасляваеннай рэчаіснасці. «Вусны дыскурс пра пасляваенную рэчаіснасць разнастайны і шматпланавы. Ён складаецца з успамінаў людзей, якія адрозніваліся па сваім статуце і ўзроўню жыцця. У адной і той жа вёсцы па-рознаму перажываліся пэўныя аспекты штодзённасці. Аднак іх усіх аб'ядноўвала вера ў лепшае. Хочацца адзначыць шчырасць, з якой людзі падзяляліся сваімі жыццёвымі гісторыямі, а таксама жаданне быць пачутымі. Таму што людзі, якія перажылі вайну, сутыкаліся з неверагоднымі цяжкасцямі: разрухай, стратай блізкіх, голадам, неабходнасцю аднаўляць гаспадарку практычна з нуля. Іх гісторыі – гэта не проста ўспаміны, гэта сведчанні неверагоднай сілы духу, стойкасці і ўмення знаходзіць надзею нават у самых цяжкіх умовах».

Алена Вячаславаўна Сумко і Уладзімір Яўгенавіч Аўсейчык

Алена Вячаславаўна Сумко і Уладзімір Яўгенавіч Аўсейчык

Прадстаўлены зборнік матэрыялаў экспедыцый Цэнтра вуснай гісторыі і палявых даследаванняў «Пасляваенная вёска Паўночнай Беларусі ў дыскурсе вуснай гісторыі» змяшчае унікальныя фальклорна-этнаграфічныя і вусна-гістарычныя матэрыялы. Яны разбіты на некалькі раздзелаў:

  • Пасляваенная вёска Паўночнай Беларусі: узровень жыцця і стратэгіі жыццезабеспячэння
  • Штодзённасць сельскага насельніцтва Паўночнай Беларусі пасля вызвалення ад нацысцкай акупацыі і ў перыяд пасляваеннага аднаўлення
  • Вёска Паўночнай Беларусі ў фатаграфіях эпохі
  • Святочна-абрадавая культура
  • Народныя спосабы лячэння. Гігіена

Кожнаму раздзелу папярэднічаюць каментары, у якіх аўтары тлумачаць асноўную ідэю раздзела. Большасць матэрыялаў публікуецца з падзагалоўкамі, якія акцэнтуюць асноўную ідэю біяграфічнага наратыву.

Зборнікі матэрыялаў экспедыцый Цэнтра вуснай гісторыі і палявых даследаванняў «Пасляваенная вёска Паўночнай Беларусі ў дыскурсе вуснай гісторыі»

Зборнікі матэрыялаў экспедыцый Цэнтра вуснай гісторыі і палявых даследаванняў «Пасляваенная вёска Паўночнай Беларусі ў дыскурсе вуснай гісторыі»