27 снежня ў канцэртнай зале Полацкага калегіума фальклорны гурт «Варган»  прадставіў тэатралізаваную музычную пастаноўку «Калядная містэрыя».

Тэатралізаваная музычная пастаноўка «Калядная містэрыя»

Тэатралізаваная музычная пастаноўка «Калядная містэрыя»

Студэнты і выкладчыкі гуманітарнага факультэта, а таксама госці атрымалі магчымасць акунуцца ў магічную атмасферу гукаў і эмоцый, якія суправаджалі ў даўнія часы святкаванне Калядаў.

Як адзначыла ў сваім уступным слове кіраўнік фальклорнага гурта «Варган» Вольга Антонаўна Емяльянчык, фальклор, народную культуру можна ўявіць як магутнае жывое дрэва, карані якога сягаюць самых глыбінь старажытнасці, якое расце, развіваецца і ўбірае ў сябе ў кожную новую эпоху новыя вобразы і сэнсы.

У пастаноўцы паказана «прарастанне» і развіццё традыцыі святкавання Калядаў ад глыбіннай архаікі да традыцыйнага хрысціянскага свята Божага Нараджэння. Падчас пастаноўкі выконвалася жывая вакальная і інструментальная музыка, гучалі традыцыйныя калядныя песні і найгрышы з розных куткоў Беларусі. Пастаноўка складалася з некалькіх частак.

Тэатралізаваная музычная пастаноўка «Калядная містэрыя»

Тэатралізаваная музычная пастаноўка «Калядная містэрыя»

У чаканні Калядаў

Цягнецца доўгі Піліпаўскі пост. У выканні дзяўчат гучыць традыцыйная перадкалядная песня «Ой калядачкі, прыбліжыцеся». Хлопцы спяваюць калядную песню з Пастаўшчыны з архаічным сюжэтам пра дыялог Казы і Ваўка. Каляды набліжаюцца, людзі чакаюць свята, і тут з’яўляецца вобраз галоўнага архаічнага персанажа калядных абыходаў – Каза, якая увасабляе плоднасць і будучы ураджай:

Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць
Дзе каза топ-топ, там жыта сем коп
Дзе каза рогам, там жыта стогам

Касмалогія

У калядны час, час павароту Сонца на лета, актуалізуецца тэматыка, звязаная з ўяўленнямі нашых продкаў пра час і будову Сусвету. Гучыць песня «Ой ў ляску ляску», у якой распавядаецца пра рух нябесных свяцілаў – зорак, месяца і Сонца. Стыхію зімы ўвасабляе традыцыйны танец «Мяцеліца».

Тэатралізаваная музычная пастаноўка «Калядная містэрыя»

Тэатралізаваная музычная пастаноўка «Калядная містэрыя»

Каляды

Свята пачынаецца з набліжэннем гурта калядоўшчыкаў, якія спяваюць калядку «Куды едзеш, калёска», запісаную на Полаччыне.

Кульмінацыя – з’яўленне каляднай зоркі, якая сімвалізуе нараджэнне новага сонца, а ў хрысціянскай традыцыі – Божае Нараджэнне. Гучыць традыцыйная калядная песня «Добры вечар табе, пане гаспадару», у якой распавядаецца пра тры Куцці, тры галоўныя святы каляднага цыкла:

Дай прыйшлі к нам жэ тры святы у госці
Дай першае свята – Хрыстова раджэнне
А другое свята – святога Васілля
А трэцяе свята – святое Храшчэнне

Калядны мясаед, жаніцьба Цярэшкі

Пачынаецца перыяд вясёлых калядных гульняў і забаў. Адбываецца дыялог хлопцаў і дзяўчат. Хлопцы спяваюць песню-камплімент да дзяўчат, дзяўчаты адказваюць песняй ў гонар хлопцаў. Моладзь паказвае элементы традыцыйнага каляднага ігрышча моладзі «Жаніцьба Цярэшкі».

Традыцыйная танцавальная музыка

Завяршыла праграму частка, у якой прагучалі традыцыйныя беларускія танцавальныя найгрышы, якія выконваліся  падчас калядных танцавальных вячорак.

Тэатралізаваная музычная пастаноўка «Калядная містэрыя»

Тэатралізаваная музычная пастаноўка «Калядная містэрыя»