2 верасня ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай пачаўся тыдзень ведаў для першакурснікаў. Сённяшні дзень яны запомняць на ўсё жыццё: урачыстыя зборы, уручэнне заліковых кніжак, прысвячэнне ў студэнты, канцэрт – усё гэта азнаменавала яркі пачатак іх універсітэцкай гісторыі.
Важным этапам на шляху студэнтаў да новага жыцця, поўнага ведаў, дружбы і новых адкрыццяў сталі урачыстыя зборы па факультэтах. Дэканы ўручылі першакурснікам студэнцкія дакументы, якія сімвалізуюць пачатак іх навучальнага шляху і пацвярджаюць ганаровы статус студэнта Полацкага ўніверсітэта.
Самай доўгачаканай падзеяй дня стаў святочны канцэрт, які запомніўся дынамічнымі нумарамі студэнтаў і традыцыйнымі цырымоніямі. Цёплымі словамі павіншавалі моладзь з пачаткам іх універсітэцкага шляху ганаровыя госці мерапрыемства.
Аксана Валер'еўна Голубева, першы прарэктар Полацкага ўніверсітэта: «Сёння асаблівае свята. Асаблівае, таму што мы не проста пачынаем чарговы навучальны год, а мы з вамі, дарагія першакурснікі, пачынаем новае жыццё. Гэта жыццё студэнцкае. Выпрабаванні і перамогі, эмоцыі, уражанні, падзеі. Студэнцкае жыццё яркае, і будзе ўсё: любімыя выкладчыкі, верныя сябры, вялікае каханне, праца, адпачынак, спорт, творчасць і вучоба. Я жадаю, каб вы ўсюды былі першымі, каб вы сталі самымі лепшымі.
Вы студэнты ўнікальнага ўніверсітэта, які носіць імя святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Мы пераемнікі слаўных тысячагадовых адукацыйных традыцый, мы ідзем у нагу са часам. Тут нараджаюцца новыя ідэі, новыя тэхналогіі. Пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца самы сучасны, малады, дынамічны горад Наваполацк. Дарагія сябры, жадаю вам поспеху, дабрабыту, мірнага неба над галавой, усяго самага лепшага. І, вядома, дайсці да мэты – атрымаць дыплом аб самай сапраўднай, вышэйшай адукацыі лепшага ўніверсітэта краіны».
Наталля Рыгораўна Палякова, першы намеснік старшыні Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта: «Дарагія хлопцы і дзяўчаты! Сёння я хачу вас павіншаваць не проста з новым навучальным годам. Я вас віншую з новым этапам у вашым жыцці. Вы сталі студэнтамі. Няхай гэтыя студэнцкія гады для вас будуць незабыўнымі. Няхай яны будуць напоўнены самымі яркімі эмоцыямі, перамогамі. Удзельнічайце ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзяць ва ўніверсітэце. Станьце часцінкай студэнцкага жыцця. Я хачу, каб вы знайшлі тут вельмі шмат сяброў, а нехта з вас, магчыма, – і спадарожніка жыцця. Няхай педагогі для вас стануць крыніцай натхнення для новых адкрыццяў і ідэй.
Усяму педагагічнаму калектыву я хачу пажадаць, каб сёлетнія першакурснікі для вас сталі асаблівымі. Каб гэта былі найлепшыя вучні, якімі вы будзеце ганарыцца. Студэнты, усё ў вашых руках. Я вас усіх віншую са святам. Педагогам я хачу яшчэ пажадаць мора вялікай любові. Бо любы прафесіяналізм пачынаецца з любові».
На доўгачаканай цырымоніі пасвячэння ў студэнты першы прарэктар Аксана Валер'еўна Голубева ўручыла першакурснікам сімвалічны ключ ведаў, які адкрывае шлях да мудрасці. Старшыня студэнцкай рады ўніверсітэта, член рэспубліканскай студэнцкай рады пры Міністры адукацыі Рэспублікі Беларусь, студэнтка фінансава-эканамічнага факультэта Паліна Хрол перадала першакурснікам агонь ведаў, каб святло вучэння заўсёды асвятляла іх шлях. Затым настала чарга для першакурснікаў даць клятву, абяцаючы быць адданымі свайму ўніверсітэту, імкнуцца да ведаў і любіць Беларусь. Цырымонія завяршылася выкананнем гімна ўсіх студэнтаў.
Канцэртная праграма прадоўжылася энергічнымі выступленнямі лепшых творчых калектываў нашага ўніверсітэта. Першакурснікі атрымалі асалоду ад нумараў студый сучаснага танца «SJ Crew» і «ToryDance», а таксама выступамі студыі сольных спеваў «Настрой» і дыпламанта фестывалю студэнцкай творчасці «Талент.psu.by», студэнткі юрыдычнага факультэта Яны Емяльянавай.
Завяршылі ўрачыстае мерапрыемства танцы і караоке, якія стварылі сапраўды чароўную атмасферу ў зале. Кожны прысутны адчуў зарад станоўчых эмоцый і яднання, што зрабіла гэты дзень па-сапраўднаму асаблівым для ўсіх.
Пакуль першакурснікі з нецярпеннем чакаюць пачатку навучальных заняткаў, атмасфера тыдня ведаў нагадвае ім, што перад імі адкрыты ўсе магчымасці для росту і дасягнення новых вяршыняў. Няхай кожны студэнт беражэ свой сімвалічны ключ і агонь ведаў у душы, ідучы наперад з упэўненасцю і запалам да вучобы, які суправаджаецца падтрымкай аднадумцаў.












