Першасная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай забяспечвае надзейную сістэму сацыяльнай і прававой падтрымкі студэнтаў, а таксама насычанае пазанавучальнае жыццё. У гэтым навучальным годзе новым старшынёй прафкама студэнтаў стаў старшы выкладчык кафедры грамадзянскага права Валерый Аляксандравіч Коваль.
Прафсаюзны камітэт не толькі прадстаўляе інтарэсы студэнтаў, але і служыць сувязным звяном паміж навучэнцамі і адміністрацыяй універсітэта. Дзякуючы плённай рабоце прафкама развіваюцца праграмы падтрымкі, праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне студэнцкай супольнасці і стварэнне ўмоў для камфортнага навучання.
Пра свой кар'ерны шлях, уражанні ад першых увасобленых у рэальнасць ініцыятыў і пра планы на развіццё прафсаюзнай арганізацыі Валерый Аляксандравіч расказаў у інтэрв'ю.
Раскажыце пра сябе: якія захапленні і дасягненні сфарміравалі вашу асобу і прафесійны шлях?
Я родам з горада Сянно. Адукацыю атрымаў у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава на гістарычным і юрыдычным факультэце таксама скончыў магістратуру па спецыяльнасці «Усеагульная гісторыя». Захапляюся інтэлектуальнымі гульнямі, займаюся спортам, народнымі танцамі, люблю актыўны адпачынак. Мае дасягненні ў інтэлектуальных гульнях былі адзначаны ўзнагародамі міжнароднага ўзроўню, а праект «VALERA DANCE» прынёс прэмію «Дасягненне» ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Я заўсёды гавару: «Вучыце гісторыю – у ёй знаходзяцца ўсе разгадкі».
Якім быў ваш кар'ерны шлях да Полацкага ўніверсітэта? Што вас натхніла на ўдзел у прафсаюзнай дзейнасці?
Мой працоўны шлях пачаўся ў Сярэдняй школе №1 горада Сянно імя З.І. Азгура, дзе я працаваў педагогам-арганізатарам, а потым выкладчыкам гісторыі і геаграфіі. У 2021 годзе я стаў першым сакратаром Сенненскага раённага камітэта Грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». З 2022 да 2023 года я займаў пасаду дырэктара Дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Сенненскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі». Да лютага 2024 г. зноў быў першым сакратаром, а затым стаў старшым выкладчыкам кафедры грамадзянскага права.
У кастрычніку на прафсаюзнай канфэрэнцыі мяне абралі старшынём прафкаму студэнтаў. Займацца грамадскай працай мяне натхняюць людзі. Яны зараджаюць энергіяй і новымі ідэямі, і менавіта для іх я аддаю сябе цалкам у працы.
Як прайшоў ваш першы месяц на новай пасадзе? Як вы ацэньваеце сваю каманду?
Першы месяц на новай пасадзе аказаўся насычаным і цікавым. Разам з новым актывам мы правялі два выдатныя мерапрыемствы ў межах Тыдня бацькоўскай любові. Мне неверагодна пашанцавала з камандай прафсаюзнага камітэта: гэта неабыякавыя студэнты, поўныя ідэй і жадання дзейнічаць. Працаваць з імі – сапраўднае задавальненне.
Якія планы ёсць у вас на бліжэйшы час працы?
У бліжэйшы час мы рыхтуем маштабнае святкаванне Дня студэнта. Наша каманда ўжо распрацоўвае сюрпрызы і падарункі для студэнтаў, і мы плануем арганізаваць мерапрыемствы адразу на чатырох лакацыях, каб кожны студэнт нашага ўніверсітэта змог прыняць удзел. У даляглядзе ў нас ёсць некалькі выдатных праектаў, адзін з якіх мы рэалізуем ужо ў снежні.
Асноўная задача, якую я стаўлю перад прафсаюзным камітэтам і сабой асабіста – гэта дапамога кожнаму студэнту нашага ўніверсітэта. Я лічу важным сустрэцца з кожным з іх, бо прафкам – гэта найперш падтрымка студэнтаў. Дзверы нашага кабінета 222н заўсёды адчыненыя для вас.
Што б вы хацелі пажадаць членам прафсаюза?
Я хацеў бы сказаць усім членам прафсаюза: памятайце, мы разам! Усе пастаўленыя задачы і мэты мы абавязкова выканаем. Мы працуем для кожнага студэнта. Таксама хачу падзякаваць адміністрацыі ўніверсітэта за падтрымку навучэнцаў.
Напярэдадні Дня студэнта жадаю ўсім лёгкай сесіі, выдатнага настрою і ўдачы. Памятайце, прафсаюзны камітэт заўсёды побач!
Жадаем Валерыю Аляксандравічу поспехаў у прафесійнай дзейнасці!


