21 лютага ў свеце адзначаюць міжнародны Дзень роднай мовы. І ў нашым універсітэце таксама не забыліся на гэтае свята. Калі пасля мінулагодняга святкавання засталіся кранальныя дэкламацыі на роднай мове студэнтаў і выкладчыкаў (як гэта было, можна паглядзець тут), то ў гэтым годзе фармат памяняўся. Кафедра славянскай філалогіі разам са студэнтамі падрыхтавала беларускі квэст «У пошуках беларускага слова» для полацкіх школьнікаў.


bel kvest 1

Квэст праходзіў па тэрыторыі Полацкага калегіума. 5 каманд было сфарміравана так, каб у камандзе былі не толькі школьнікі, але і студэнты, якія вучацца ў гэтых карпусах. Такім чынам, у кожнай камандзе былі «навігатары», якія пазнавалі загаданыя месцы знаёмых ім карпусоў. А ўжо на лакацыі адбывалася сумеснае здабыванне пароляў. Пра тое, што каманда прыйшла на правільнае месца сігналізавалі стужкі з беларускім арнаментам, якімі былі прывязаны дадатковыя заданні ці падказкі.

bel kvest 2

bel kvest 5

bel kvest 3

Каманды чакала шмат сюрпрызаў. Ім трэба было не толькі разгадваць рэбусы, пазнаваць па фотаздымках нешта і называць гэта па-беларуску, але і аналізаваць артэфакты. Напрыклад, прыгажуня ў беларускім традыцыйным строі была жывой крыжаванкай. Назваўшы прадметы адзення, згодна з прымацаванымі на вопратку нумарочкамі, і ўпісаўшы іх у матрыцу, каманды павінны былі здагадацца, якога элемента строя на дзяўчыне не было.

bel kvest 6

bel kvest 7

bel kvest 14

bel kvest 11

Разыграўся апетыт ад задання ў сталоўцы, калі трэба было па складзеных у кошыкі прадуктах «прыгатаваць» беларускія традыцыйныя стравы, якія і былі шляхам да пароляў.

bel kvest 8

bel kvest 9

Асаблівую цяжкасць выклікалі назвы асоб паводле іх прафесійных заняткаў, іх трэба было назваць па рэчах, якія былі схаваны ў адной з альтанак: кавалак скуры, мёд, гэблік, гліняны выраб, ніткі з іголкай. А вы ведаеце?

bel kvest 13

Школьнікі са студэнтамі прайшліся па ўсіх куточках нашага калегіума: у чытальнай зале бібліятэкі прыгадвалі радкі беларускіх класікаў, у лінгафонным кабінеце вызначалі пароль, слухаючы беларускую песню, ва ўнутраным дворыку шукалі адказы, зашыфраваныя ў выявах карцін...

bel kvest 4

bel kvest 10

bel kvest 22

Фінальным акордам свята і падарункам удзельнікам быў выступ гурта аўтэнтычных спеваў «Варган», які захапіў вясёлымі гульнямі і танцамі.

bel kvest 16

bel kvest 17

bel kvest 18

bel kvest 20

Каманда-пераможца атрымала на ўзнагароду салодкія пажаданні ў выглядзе беларускіх цукерак, а той, хто на свае фота з хэштэгам PSU, зробленыя падчас квэсту, сабраў больш за ўсё лайкаў, атрымаў на памяць ручку і магніт з эмблематыкай універсітэта.

bel kvest 19

bel kvest 21

Хочацца верыць, што пасля пазітыву сумесных адкрыццяў у сценах гістарычных карпусоў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, школьнікі прыйдуць да нас ужо таленавітымі студэнтамі, а студэнты пасля атрыманага драйву ўспомняць пра беларускае слова не раз на год.

Асаблівая падзяка валанцёрам, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы мерапрыемства! Вы – лепшыя!

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай!..

bel kvest 12


Загадчык кафедры славянскай філалогіі С.М.Лясовіч


 

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie